У гарадзенскай “Польскай Мацежы Школьнай” 20 траўня адкрылася міжнародная філатэлістычная выстава, прымеркаваная да 625-х угодкаў каранацыі Уладзіслава Ягайлы.
Кіраўнікі польскага і літоўскага консульстваў у Гародні Анджэй Хадкевіч і Даля Міцкене на адкрыцці выставы згадалі агульную дзяржаву і гісторыю, якая была за каралём Ягайлам.
Даля Міцкене: “Кароль Ягайла быў каралём усіх нашых народаў: польскага, літоўскага і беларускага. Без караля не было б ні хрышчэння Літвы, ні агульнай падзеі для трох народаў — Грунвальдскай бітвы”.
Анджэй Хадкевіч згадаў, што гэтая падзея ў Гародні анулюе вырак “Працэсу Ягайлы”, які быў праведзены літоўцамі ў ХХ стагоддзі. “Я вельмі цешуся, што гэтая падзея, — падвёў рысу Анджэй Хадкевіч, — аб’яднала нашыя народы. І нашыя продкі, што жылі ў агульнай дзяржаве, былі б вельмі радыя ўзяць удзел у гэтай выставе”.
Больш за 45 розных калекцыяў з Літвы, Польшчы і Беларусі, высокае міжнароднае журы, прысутнасць прадстаўнікоў дыпмісіяў, адмысловае гашэнне і спецыяльны канверт ад “Белпошты” — гэта некалькі ўражанняў, што аб’яднала гэтая выстава.
Выстава будзе дзейнічаць у горадзе над Нёманам да канца траўня, і кожны ахвотны зможа яе наведаць і ўбачыць калекцыі філатэлістаў трох краін.