Сёння, у Дзень нараджэння Джаан Роулінг, аўтаркі кніг пра самага знакамітага ў свеце чараўніка, мы вырашылі напісаць пра тое, аб існаванні чаго, верагодна, вы і не ведалі. Пра пераклады кніг пра Гары Потэра на беларускую мову.
Многія бацькі непакояцца про тое, што іх дзеці вельмі дрэнна ведаюць родную мову. У школепатрабаванні да прадмета звычайна невялікія, але і ім вучні не заўсёды могуць адпавядаць. Прычына простая: ад таго, што некалькі гадзін на тыдзень у раскладзе заняткаў стаяць беларуская мова і літаратура, дзеці не навучацца на ёй размаўляць.
Як вядома, адзін з варыянтаў палепшыць узровень валодання мовай – гэта чытаць на ёй. Але што казаць пра дзяцей, калі і дарослыя добраахвотна чытаюць толькі тое, што ім цікава! А знайсці такую кнігу на беларускай мове, за якой можна прасядзець цэлы дзень, звычайна здаецца немагчымым. І тут на дапамогу прыходзіць факт, пра які вы, магчыма, раней не ведалі: любімыя не толькі маленькімі, але і дарослымі чытачамі кнігі перакладзены на беларускую мову! Усе часткі, акрамя пятай, можна знайсці і дарма спампаваць тут.
Гэтыя пераклады рабіліся добраахвотнікамі. Кнігі пачалі з’яўляцца параўнальна нядаўна, калі дакладней, то 5 год таму. Праца аматарская, і таму вельмі каштоўная. Некаторыя часткі перакладаліся з арыгіналу (працаваў над імі Дзяніс Мускі), некаторыя – з рускамоўнага варыянту (над імі працаваў калектыў перакладчыкаў, сярод які Андрэй Багач, Андрэй Філіпчык, Дзяніс Мускі, Іван Бондар, Яўген Жукаў, Таццяна Студнева). Тым не менш, дзякуючы сучасным інтэрнэт-носьбітам мы можам чытаць гісторыі пра нашага любімага Гары Потэра на беларускай мове.
На жаль, для продажу пераклады «патэрыяны» не выдаваліся. Магчыма, выдавецтвы не мяркуюць, што гэта можа стаць справай прыбытковай. Была спроба выдаць адну з кніг самастойна мінскай журналісткай Вольгай Быкоўскай. Жанчына перакладала кнігі для сваёй дачкі, якая марыла прачытаць пра чараўнікоў на роднай мове. У выніку Вольга вырашыла выдаць колькі асобнікаў для сябе, але знайшлося яшчэ каля 50 чалавек, якія пагадзіліся на прапанову перакладчыцы набыць асобнік па сабекошце. У выніку можна сказаць, што выдадзены беларускамоўны Гары Потэр існуе, але вельмі абмежаваным накладам. Можна сказаць, калекцыйнае выданне.
У перспектыве выдаваць «патэрыяну» у папяровым выглядзе не плануецца. Але на шчасце, усе мы можам атрымаць асалоду ад беларускамоўнай версіі на электронных носьбітах.