У пачатку XIX стагоддзя катастрафічны выбух вулкана на іншым канцы свету замарозіў Еўропу і падштурхнуў пісьменнікаў да стварэння самых вядомых монстраў у гісторыі. У першым часопісе, які выходзіў на Беларусі, знайшлося пацвярджэнне таго, што знакаміты «Год без лета» не абмінуў і нашы землі, пакінуўшы след не толькі ў метэазводках, але і ў беларускай літаратуры, піша «Наша Ніва» са спасылкай на старонку гісторыка-архівіста Дзяніса Лісейчыкава ў Фэйсбук.
Выбух вулкана за 10 тысяч кіламетраў ад Беларусі, верагодна, паслужыла штуршком да стварэння Янам Баршчэўскім містычнай літаратуры. Калаж на аснове карціны Роба Вуда і партрэта Баршчэўскага працы Караля Жукоўскага
У цэнтры ўвагі даследчыка адзін з першых беларускіх часопісаў «Miesięcznik Połocki», які выдаваўся ў 1818–1820 гадах. Яго рэдактар, Юзаф Цытовіч, быў чалавекам энцыклапедычных ведаў: прафесарам хіміі, матэматыкі, архітэктуры і кіраўніком музея Полацкай езуіцкай акадэміі. Як сапраўдны навуковец, ён пільна сачыў за надвор’ем, і пакінутыя ім запісы сёння прыводзяць да нечаканых паралеляў.
Тытульны аркуш часопіса «Miesięcznik Połocki». Фота: фэйсбук Лісейчыкава
Цытовіч зафіксаваў анамальныя ваганні тэмпературы ў Беларусі пачатку XIX стагоддзя:
У ліпені 1805 года спёка дасягала рэкордных +38,1 градуса Цэльсія (+30,5 па Рэамюру).
Шкала Рэамюра — гэта гістарычная тэмпературная шкала, уведзеная ў 1730 годзе французскім навукоўцам Рэнэ Антуанам дэ Рэамюрам, у якой 0° адпавядае замярзанню вады, а 80° — яе кіпенню. У XVIII–XIX стагоддзях яна шырока выкарыстоўвалася ў Еўропе, у тым ліку, як бачым, у навуковых і метэаралагічных назіраннях на тэрыторыі Беларусі.
А вось у студзені 1816 года слупок тэрмометра ўпаў да −40 градусаў Цэльсія (-32 па Рэамюру).
Гэтыя лічбы — не проста статыстыка. 1816 год увайшоў у сусветную гісторыю як «Год без лета», або, як яго называлі ў ЗША, «тысяча восемсот насмерць змёрзлы» (eighteen hundred and froze to death).
Прычынай глабальнага пахаладання стаў катастрафічны выбух вулкана Тамбора на інданезійскім востраве Сумбава ў красавіку 1815 года. Гэта быў наймагутнейшы выбух у гісторыі чалавецтва (7 балаў з 8 магчымых па шкале VEI), які наўпрост ці ўскосна забраў дзясяткі тысяч жыццяў.
У 1847 годзе швейцарскі батанік Генрых Цолінгер падарожнічаў па востраве Сумбава і ўзышоў на гару Тамбора. Большасць звестак пра выбух паходзяць з яго працы. Апублікаваная ў ёй карта паказвае пакінутыя і разбураныя паселішчы каля вулкана (назвы ў дужках), а таксама новыя паселішчы, якія былі пабудаваныя ўжо пасля 1815 года, бо ў выніку выбуху ўвесь востраў амаль цалкам абязлюдзеў
Ад эпіцэнтра выбуху да Полацка — каля 10 700 кіламетраў, але маштаб катастрофы быў настолькі вялікі, што яе наступствы адчуліся нават тут.
Каля 150 км³ вулканічнага попелу, выкінутага ў атмасферу, выклікалі эфект «вулканічнай зімы»: пылавая заслона закрыла Паўночную паўкулю ад сонца, у выніку чаго вясной і летам 1816 года ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы ішоў снег, ліў бясконцы дождж, гінулі ўраджаі, а за імі прыйшлі голад, эканамічны крызіс і эпідэміі.

Уезд у Равенсбург першых вазоў з ураджаем пасля вялікага голаду 1816–1817 гадоў. Готлаб Ёган Эдынгер, 1817 г. Фота: Wikimedia Commons
Менавіта гэтае змрочнае, халоднае і дажджлівае лета стала каталізатарам для з’яўлення культавых твораў сусветнай літаратуры жахаў.
Віла Дыядаці на гравюры 1830‑х гадоў. Фота: Wikimedia Commons
Улетку 1816 года кампанія сяброў — паэт Джордж Байран, пісьменніца Мэры Шэлі і доктар Джон Палідоры — адпачывала на віле Дыядаці ў Швейцарыі. Праз анамальны холад і залевы яны не маглі выходзіць з дому. Каб пабавіць час, кампанія вырашыла пісаць страшныя гісторыі.
Мэры Шэлі прыдумала сюжэт пра навукоўца, які ажывіў мёртвую матэрыю — так нарадзіўся раман «Франкенштэйн, ці Сучасны Праметэй».
Джон Палідоры напісаў апавяданне «Вампір», якое стала пачынальнікам жанру вампірскай прозы ў еўрапейскай літаратуры. Менавіта адсюль пазней вырас «Дракула» Брэма Стокера.
Каспар Давід Фрыдрых, «Двое мужчын ля мора», 1817. Карціна ў змрочных тонах, якая адлюстроўвае сілуэты двух мужчын на скалістым беразе пад хмарным аранжавым небам. Фота: Wikimedia Commons
Дарэчы, вулканічны попел у атмасферы паўплываў і на жывапіс. Знакамітыя пейзажы Уільяма Цёрнера і Каспара Давіда Фрыдрыха таго перыяду вылучаюцца незвычайна яркімі, жаўтавата-чырвонымі і трывожнымі захадамі сонца — менавіта такім бачылі неба скрозь пыл Тамборы.
Дзяніс Лісейчыкаў праводзіць цікавую паралель: глабальная анамалія магла паўплываць і на нараджэнне беларускай містычнай літаратуры.
Прыблізна ў гэты ж змрочны час, каля 1816 года, свае вандроўкі па Беларусі пачынае выпускнік тых самых полацкіх езуітаў Ян Баршчэўскі.
«На яго творчасць «год без лета», відаць, таксама паўплываў. Прынамсі, у ягоным «Шляхціцы Завальні» розных вусцішных і жахлівых гісторый хапае», — адзначае гісторык.
Вокладка кнігі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Фота: Wikimedia Commons
Такім чынам, люты холад і цемра 1816 года, якія задакументаваў у Полацку прафесар Цытовіч, маглі стаць тым атмасферным фонам, на якім нараджалася беларуская містычная проза. Страх перад сіламі прыроды знайшлі сваё адлюстраванне як у гатычных раманах Англіі, так і ў класіцы беларускай літаратуры.
Лісейчыкаў таксама правёў генеалагічнае даследаванне біяграфіі самога навукоўца. Высветлілася, што Юзаф Цытовіч паходзіў з разгалінаванага ўніяцкага святарскага роду. Ён нарадзіўся ў вёсцы Добрае (сучаснае Добрае Сяло).
Яго бацькам, імаверна, быў Лявон Цытовіч — святар мясцовай уніяцкай царквы. Добрае Сяло было ўнікальным месцам: гэта была адна з усяго 14 парафій на ўсю вялізную Полацкую епархію, дзе ў часы Расійскай імперыі (на 1828 год) яшчэ захоўвалася грэка-каталіцкая шляхта.
Гэтае месца дала свету і іншых выбітных асоб. Напрыклад, тут пачынаў кар’еру Сымон Савініч — будучы прэлат сабора Св. Сафіі ў Полацку і бацька аўтара падручніка «Польская граматыка» Яна Савініча.