Гатуем яблычны сыр — старадаўні калядны пачастунак на новы лад

Ну як, вы ўжо склалі святочнае меню? Калі яшчэ не да канца, то прапануем вам адзін гастранамічны эксперымент — пакаштаваць сёлета яблычны сыр. Так, гэта сапраўдная страва, якой нашыя продкі частаваліся на Раство і іншыя зімовыя святы.

Паводле традыцыі яблычны сыр пачыналі рабіць яшчэ восенню, але ёсць некалькі кулінарных сакрэцікаў, якія дазваляюць прыспешыць працэсы і атрымаць духмяны пачастунак усяго за пару дзён.

Рэцэптам яблычнага сыру дзеліцца Марыя Грыц.

Jabłyčny syr
Яблычны сыр

Адкуль рэцэпт

Рэцэпт можна знайсці ў кнізе «Літоўская гаспадыня», дзе Ганна Цюндзявіцкая сабрала парады па хатняй гаспадарцы ХІХ стагоддзя. Там апісаны сыры не толькі з яблыкаў, але нават са сліваў.

Kniha «Litoŭskaja haspadynia»
Кніга «Літоўская гаспадыня»

Праўда, гэта не той рэцэпт, дзе ты дакладна адмяраеш грамы і рухаешся па пунктах. Там хутчэй агульны напрамак: што рабіць — а як менавіта, разбірайся сам(а). Дарэчы, так гатавала мая бабуля. Маўляў: «Вазьмі бурак, бульбу, фасолю, свініну, яшчэ таго-сяго — і будзе боршч». А, ну цяпер зразумела!

Recept jabłyčnaha syru ŭ «Litoŭskaj haspadyni»
Рэцэпт яблычнага сыру ў «Літоўскай гаспадыні»

Што спатрэбіцца

Вернемся да яблычнага сыру. Я гатую яго не зусім па кнізе, бо яшчэ і запякаць яблыкі... то не адолееш і за год! 

Паводле майго варыянту рэцэпта, нам спатрэбяцца:
• яблыкі,
• арэхі,
• цукар (але можна і без яго),
• карыца, гваздзікі (або іншыя прыправы, якія вы любіце),
• і вельмі шмат цярпення, бо працэс усё адно не хуткі. 

Таксама спатрэбіцца рондаль з тоўстым донцам, каб прагравалася ўся плошча. 

Калі вы схіляецеся да больш здаровага харчавання, сыр можна зварыць увогуле без цукру — толькі з арэхамі і натуральнымі прысмакамі.

Як гатаваць

Яблыкі трэба парэзаць лустамі, засыпаць цукрам і даць пастаяць з паўгадзіны, каб яны пусцілі сок. Потым ставім на сярэдні агонь і памешваем па патрэбе.

Jabłyki

Сёлета я набыла нейкі неймаверны рондаль, да якога нічога не прыстае, і жыццё стала прасцейшым. Бо са звычайным даводзілася не адыходзіць ад пліты апошнія пару гадзін. Пару гадзін?! Так, варыць яблычны сыр — забава мінімум на паўдня, але яно таго варта.

Трымаем рондаль на пліце да таго моманту, пакуль яблыкі не ўварацца ў густую кашу. Тады дадаем арэхі і прыправы, напрыканцы мяшаем асабліва адказна.

Гатовую яблычную масу перакладаем у форму, засцеленую марляй, і ставім пад прэс.

Jabłyčny syr

На наступны дзень дастаем тое, што атрымалася, і адпраўляем сушыцца на пару гадзін у духоўку на мінімальнай тэмпературы. Пасля кладзём у папяровы пакет і ставім у лядоўню — каб сыр «даспеў».

Jabłyčny syr

Дарэчы, ёсць звесткі пра яблычны сыр з несалодкіх яблыкаў, з кменам і соллю — як закуску да крэпкага алкаголю. Планую на наступны год знайсці такія яблыкі і... ооо, пасля гэтага больш не клічце мяне — я не адкажу.

Як паскорыць працэс

Раней яблычны сыр варылі восенню, і ён даспяваў акурат да Калядаў. Так захоўвалі ўраджай і пашыралі гарызонт планавання. 

У нас з вамі часу значна менш, таму раю ўварываць масу да вельмі густой кансістэнцыі і раскладаць яе нятоўстым слоем — да двух сантыметраў. Тады, калі ўзяцца за справу сёння або заўтра, ужо праз тры дні будзеце мець смачняху.

Як захоўваць

Гатовы яблычны сыр можна захоўваць у папяровым пакеце ў лядоўні. У такім выглядзе ён можа праляжаць некалькі месяцаў і нават паўгады. Але тое, што ён столькі праляжыць, вельмі малаверагодна, папросту таму што гэта вельмі смачна і не з’есці такі выкшталцоны ласунак вельмі цяжка.

Тэхніка псіхалагічнай самападтрымкі і выдатны падарунак

Я вару яблычны сыр другі год, і гэта проста космас. Кватэра напаўняецца пахам свята і ўтульнасці, а простыя, паслядоўныя дзеянні вельмі добра «зазямляюць».

Акрамя таго, што яблычны сыр — старадаўняя традыцыя, гэта яшчэ і выдатны калядны падарунак. 

Калі вы стаміліся ад свечак, талерак, шалікаў і ўсяго астатняга, паглядзіце ў бок сыру. З ім можна шмат эксперыментаваць: дадаваць розныя арэхі, сушаныя вішні, журавіны, разынкі, апельсінавыя цукаты. У мяне, напрыклад, стаіць і чакае свайго часу нават гарбузовая версія. Праўда, без гісторыі гэты сыр можа не спрацаваць. Сёлета я проста падарыла адзін сыр сябру, а ён у адказ: «Ок, дзякуй». І ўсё?! Чалавеча, гэта паўдня працы і старадаўняя традыцыя!!!

Так што калі вам хочацца дадаць у сёлетнія зімовыя святы нешта новае і адначасова вельмі старое — паспрабуйце яблычны сыр. Магчыма, ён зойме сваё месца на вашым стале. А магчыма, стане новай маленькай традыцыяй, якую захочацца паўтараць з года ў год.

Марыя Грыц, Budzma.org