Беларускамоўнаму выдавецтву «Тэхналогія» патрэбна дапамога

Каманда выдавецтва «Тэхналогія» звярнулася да чытачоў з просьбай аб фінанасавай дапамозе.

Vydaviectva «Technałohija»

«Шаноўны наш чытач!

Прыкладна два гады таму мы звярталіся да цябе з просьбай аб дапамозе. Было, як нам здавалася, вельмі цяжка: багата крэдытаў, пазыкаў, мора кніг на складзе. Мы наракалі на кепскую эканамічную сітуацыю, ушчувалі на нізкую актыўнасць чытачоў. І вось

прайшоў час і мы зразумелі... як тады было яшчэ добра!

У краму штодня заходзілі дзясяткі чытачоў, штораз весела спявала каса — тру лю лю. На святы, асабліва перад Калядамі і Новым годам бывала, што чарга! стаяла да парога. А зараз?

Зараз стала ціха і сумна...», — напісана ў сацсетках выдавецтва.

У выдавецтве падкрэсліваюць, што справа не ў недахопе намаганняў з іхняга боку. «Тэхналогія» актыўна вядзе сацыяльныя сеткі, запускае рэкламныя кампаніі, рэгулярна арганізоўвае сустрэчы з чытачамі, прэзентацыі кніг і аўтограф-сесіі, ладзіць выставы. Асартымент выданняў таксама вельмі разнастайны — ад дзіцячай літаратуры і мастацкіх твораў да навуковых, гістарычных і нон-фікшн кніг на беларускай мове. Цэны, як адзначае каманда, захоўваюцца на даступным узроўні.

Як дапамагчы?

Выдавецтва «Тэхналогія» запрашае ўсіх жадаючых дапамагчы да сябе ў краму і набыць кнігі:

«Мы робім усё магчымае. Бывае не стае сіл, апускаюцца рукі, хочацца ўсё кінуць, але глыбей ўздыхаем, падымаемся і зноў ідзем; хацелася, каб наперад!

Але гэта залежыць і ад вас, дарагія, чытачы! Прыходзьце, чытайце, набывайце кнігі, смакуйце родную беларускую мову!

Забярыце нарэшце свае!»

Крама знаходзіцца ў цэнтры горада, на вул. Ляўкова,19. Да станцыі метро «Кавальская Слабада» 400 метраў.

Таксама набыць кнігу можна на сайце tn.by, алаціўшы праз АРІП банкаўскай картай, а дастаўка працуе па ўсёй Беларусі і за мяжу.