Здзейснены акт вандалізму ў «віцебскіх Курапатах»

Невядомыя зламалі два мемарыяльныя крыжы і пашкодзілі шыльды з надпісам «Месца сталінскіх расстрэлаў», паведамляе «Радыё Рацыя».


Пра гэта даведаліся ўдзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», якія ўжо некалькі гадоў запар ствараюць самаробны мемарыял на ўзлеску каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна.

000.jpg

Актывісты ўбачылі факты вандалізму, калі прыехалі рабіць прыборку вакол мемарыялу, кажа стваральнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў:

— Мы прыехалі, каб заняцца добраўпарадкаваннем — там трэба было пакасіць траву, сабраць галлё. Бачым — няма крыжоў. Стаялі два крыжы, каталіцкі і праваслаўны, паабапал дарогі ў лес. Гэта была старая дарога. Ад гэтых крыжоў прыкладна ў ста метрах расстрэльвалі людзей.

002.jpg

Крыжы былі знойдзены глыбока ў лесе, нехта зламаў іх і кінуў у гушчар. Актывістам удалося іх умацаваць на ранейшае месца, але ў будучыні яны вымагаюць замены. Аднавіць давядзецца і зламаныя шыльды са словамі «Месца сталінскіх расстрэлаў». Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» плануюць звярнуцца ў міліцыю, каб вандалаў знайшлі і пакаралі. Хаця яны не маюць на гэта асаблівай надзеі. Калі падобная гісторыя здарылася ў 2014-м годзе, міліцыянты дапамаглі знайсці зламаныя крыжы, якія нехта кінуў у балота. Але вінаватых шукаць ніхто не стаў: справу спынілі, прызнаўшы занадта нязначнай суму матэрыяльнай шкоды.

001.jpg