Гісторык Андрэй Вашкевіч разважае пра сучасны "мілітарызаваны" вобраз Кастуся Каліноўскага, які не зусім адпавядае гістарычнаму.
Усё часцей сустракаю ў інтэрнэце постэры і фотакалажы і выявай Кастуся Каліноўскага як напаўміфічнага правадыра, які вядзе за сабою ў бой легіёны паўстанцаў з косамі. На адных ён нагадвае правадыра піратаў Джэка Вераб’я, на іншых пераможцу перастрэлак на Дзікім Захадзе.
Паўсюль шаблі, пісталеты, стрэльбы.
У беларускім мастацкім каноне савецкага часу такога Каліноўскага было вельмі мала.
Там ён быў больш кніжнікам і ідэолагам – з лямпай на фоне, “Мужыцкай праўдай” у руках.
Сялянская каса была сімвалам больш паўстання, аддзеленым асабіста ад Каліноўскага. “Ваенны” Каліноўскі савецкага часу прыходзіць у галаву толькі са знакамітай карціны Пётры Сергіевіча “Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў”. Ды і там Каліноўскі больш публічны палітык – два старадаўнія пісталеты за поясам правадыра паўстання выглядаюць так, быццам яны належалі якому Янушу Радзівілу і Каліноўскі забраў іх з музея Тышкевіча.
Пётра Сергіевіч. Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў.
У чым прычына такой “мілітарызацыі” аднаго з правадыроў паўстання 1863-га года – можна паразважаць. Напэўна любы нацыянальна арыентаваны чытач скажа: “Расія напала на Украіну, пагражае Беларусі і таму Каліноўскі асабліва важны сёння як ваенны правадыр”.
Асабіста я ў першую чаргу ў гэтай тэндэнцыі сумесь ура-патрыятызму, невуцтва і свядомага жадання перакруціць гісторыю на нейкі невядомы лад.
Магчыма мяне паправяць лепшыя знаўцы паўстання, але я наогул не памятаю ніводнага сведчання, каб Каліноўскі паслугоўваўся нейкай зброяй.
Каліноўскі найперш быў ідэолагам, прамоўцам, палітыкам, для якога паўстанне зімой 1863 года стала і нечаканасцю і прадвеснікам вялікай паразы.
Каліноўскім з пісталетам у руках мы вельмі абядняем успрыняцце ягонай асобы – так жа сама як зводзім усю ягоную спадчыну да “…над табою маскаля ўжо не будзе”.
Напрыклад на адным з постэраў Каліноўскі з пісталетам паказаны на фоне не знакамітай “Мужыцкай праўды”, а “Звароту Яські гаспадара да мужыкоў зямлі польскай” – дакумента, які падаўляючай большасцю даследчыкаў прызнаны спрэчным з мовай, духам і зместам “Мужыцкай праўды” і, адпаведна, не належачым пяру Каліноўскаму.
Шчыра кажучы, крыўднавата і за іншых герояў паўстання – сапраўды людзей зброі, якіх нешта зусім ігнаруе сучасная поп-культура і індустрыя прынтоў і вышымаек.
Напрыклад Валерыя Урублеўскага, які павёў у лес цэлы атрад вучняў школы ляснічых і змагаўся з імі супраць царскіх салдат. Урублеўскі, дарэчы, выдатна гаварыў па-беларуску і ёсць нават меркаванне, што гэта ён і выдаваў “Мужыцкую праўду” і актыўна ўдзельнічаў у напісанні яе нумароў.
Нездарма Пётра Сергіевіч на сваёй карціне паказаў двух паўстанцкіх правадыроў – Валерыя Урублеўскага – правадыра вайсковага і Каліноўскага – правадыра ідэалагічнага і палітычнага.
Калі ж мы далей будзем трымацца такога як цяпер заліхвацка-ваяўнічага, але псеўдагістарычнага шляху, то “генерал Каліноўскі” перастраляе ўсіх, у тым ліку і Каліноўскага – палітыка, ідэолага і грамадскага дзеяча.
Андрэй Вашкевіч, gazeta.arche.by