Гістарычны аўторак у кнігарні

07.05.2012 Афіша

15 траўня а 19.00 у “кнігарні логвінаЎ” (Незалежнасці 37 а) адбудзецца сустрэча з аўтарамі і выдаўцамі  папулярнай гістарычнай літаратуры, якая выйшла сёлета.

Гісторык Уладзімір Ляхоўскі прадставіць сваё даследаванне  “Ад гоманаўцаў да гайсакаў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове 19 – першай трэці 20 ст.”, якое апавядае пра тое, як ідэі беларускага нацыяналізму станавіліся папулярнымі сярод моладзі.

Гісторык Аляксандр Пашкевіч раскажа пра кнігу “Балахоўцы” Станіслава Ліса-Блонскага, якая падрабязна апавядае пра паход арміі Станіслава Булак-Булаховіча ў 1920 годзе на беларускае Палессе,  а таксама пра працу літоўскага гісторыка Эдмундаса Гімжаўскаса «Беларускі фактар у аднаўленні літоўскай дзяржавы (1915-1923)».

Валер Булгакаў раскажа пра іншыя кніжныя навінкі першай паловы 2012 года: “Краёвы слоўнік Віцебшчыны” Міколы Касьпяровіча, “Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны” Міколы Шатэрніка, “Рэвізію Полацкага ваяводства 1552 года (з вялікай мапай Полацкага ваяводства сярэдзіны ХVI стагоддзя), Кнігу Полацкага Магістрату 1727, манаграфю Дарыюша Купіша  «Полацак 1579″.
Запрашаюцца ўсе людзі добрай волі.