Гісторыя нашай краіны настолькі доўгая, што бадай кожны дзень адбывалася нейкая гістарычная падзея, а часцей – цэлы шэраг. Мы выбралі самыя цікавыя і ў нечым важныя падзеі нашай гісторыі за мінулы тыдзень!
18 верасня адбыліся дзве галоўныя падзеі – адна добрая, а другая вельмі трагічная. Пачнём з добрай.
У 1651 годзе ў гэты дзень быў падпісаны Белацаркоўскі мір, які скончыў вядомае паўстанне Багдана Хмяльніцкага. Паводле дамовы, тэрыторыя казакоў прызнавалася толькі за Кіеўскім ваяводствам, а сам лідар паўстання павінен быў падпарадкоўвацца вялікаму гетману і не мець самастойных знешніх зносін.
А вось ў 1772 годзе адкрылася цёмная старонка нашай гісторыі. Менавіта ў гэты дзень Расійская імперыя, Аўстра-Венгрыя і Прусія аб’явілі Рэчы Паспалітай аб яе першым падзеле. Адзінае, што засталося мясцовай уладзе, – склікаць сойм і прызнаць законнасць захопу.
Да гэтай трагічнай падзеі варта дадаць, што апошнім шляхціцам, які рабіў усё для недапушчэння таго сойма, быў Тадэвуш Рэйтан – грамадзянін ВКЛ прускага паходжання. Менавіта ён закрыў сабой выхад з залы са словамі: «Забіце мяне, не забівайце Айчыну!». Няхай гэта не спыніла падзел Рэчы Паспалітай, але менавіта гэтую трагічную сцэну ўвекавечыў вядомы польскі мастак Ян Матэйка ў сваёй карціне «Заняпад Польшчы».
19 верасня адбыліся дзве цікавыя падзеі. У 1952 годзе ў Мінску запрацаваў першы тралейбус, лінія якога звязала вакзал і Круглую плошчу (сучасную Плошчу Перамогі). Калі казаць пра тралейбусы, то яны за гэты перыяд моцна змяніліся, што можна прасачыць у наступнай фотападборцы.
МТБ 82Д (1952—1972),
ЗиУ-5 (1964—1987)
СВАРЗ-ВСХВ і СВАРЗ-МБТЭС (1960 — пачатак 1970-х)
ЗиУ-682 (ЗиУ-9) (1973—2009)
ЗиУ-683 (ЗиУ-10) (1992-2007)
ТролЗа-6205 (1993—2014)
Киев-11 (1992—2006)
ЮМЗ Т1 (1993—2009)
АКСМ-201 (1996-2010)
МАЗ-103Т (2000 — наш час)
АКСМ-333 (2002 — наш час)
АКСМ-221 (2004 — наш час)
АКСМ-321 (2004 — наш час)
АКСМ-420 (2007 — наш час)
20 верасня 1945 для наведнікаў адкрыўся найвядомейшы ў Беларусі музей — літаратурны музей Янкі Купалы. Так, той самы, што штогод на Ноч музеяў ладзіць цікавыя і недарагія мерапрыемствы!
Дзень 21 верасня для нас важны 1610 годам, калі войска Рэчы Паспалітай увайшло ў Маскву з нагоды ўладарання нашага земляка Уладзіслава Вазы, які, дарэчы, кіраваў Маскоўскім Княствам фактычна 3 гады. Падрабязней пра гэта можна пачытаць тут.
22 верасня 1236 адбылася вядомая бітва пры Саўле, дзе аб’яднанае балцкае войска дало адпор ордэну мечаносцаў, у якой загінулі вялікі магістр Вольквін і 48 рыцараў ордэна мечаносцаў. Цяпер жа гэты дзень адзначаецца як Дзень адзінства балтаў, які святкуюць і ў нас. Чаму? Апроч балцкага этнагенезу ёсць яшчэ адзін цікавы факт, які паказвае наш след у той бітве. Войскам тым, калі верыць познім летапісам (па ранніх версіях, войскам кіраваў князь Вікінт), кіраваў князь Рынгальд, які, паводле некаторых гістарычных крыніцаў, тады княжыў у Навагрудку. Праўда гэта ці не, невядома, але ў любым разе падзея важная ў гісторыі, бо менавіта яна — адна з падзей, што паспрыяла стварэнню ВКЛ.
23 верасня 1924 года нарадзіўся выбітны беларускі пісьменнік, перакладчык, сцэнарыст і драматург Артур Вольскі. Ягоны ўнёсак у беларускую драматургію і літаратуру складана пераацаніць, яго асоба мае вялікае значэнне ў нашай культуры. І не толькі сама асоба, але і яго сын — Лявон Вольскі. Той самы, што падарыў і дорыць нам найвыдатнейшы беларускі рок, які збірае стадыёны!
Апошні дзень мінулага тыдня, 24 верасня, таксама мае цікавую падзею. Менавіта ў гэты дзень у 1824 годзе пачалі будаваць вядомы Аўгустоўскі канал, на які замежнікам цяпер можна трапіць без візы!
Ну, і бонус! 24 верасня 1993 года было падпісанае пагадненне аб вывадзе з Беларусі расійскіх войскаў. Падзея нібы даволі сумная, калі б не прыпаданне яе на перамогу Вайшнорыі ў 6-дзённай вайне! Калі не верыце, зазірніце ў Вікіпедыю! І акурат на мінулым тыдні сумныя расійскія войскі зноў пакідаюць Беларусь, а тым часам недзе там, у братняй Вайшнорыі, зіхаціць іх герб і гучыць гераічны гімн, які дзякуючы інтэрнэту мы таксама можам паслухаць:
Багдан Сакалоў