Час ідзе, гісторыя ствараецца кожную хвіліну, а можа, і секунду нашага жыцця. У кожнага яна свая, але асноўным грунтам і памяццю з’яўляецца толькі адна – гісторыя роднага краю. Мы зноў вяртаемся да летапісаў мінуўшчыны Беларусі, каб сказаць, што адбывалася на гэтым тыдні ў нашых продкаў. Апошні тыдзень 2017 года – паехалі!
Пачынаем з панядзелка, 25 снежня. На Каляды адбылася адна з самых значных падзей у гісторыі сучаснай Беларусі. Міхаіл Гарбачоў падаў у адстаўку з пасады прэзідэнта СССР, што наблізіла да поўнага канца савецкі перыяд Беларусі. Гэта адбылося ў 1991 годзе.
Рушым далей! 26 снежня. Тут мы працягнем вышэйзгаданыя падзеі, бо менавіта ў гэты дзень СССР перастаў афіцыйна існаваць. Беларусь скончыла сваю савецкую гісторыю. Гэта адбылося ў тым самым 1991 годзе.
Але гэта яшчэ не ўсё! Калі капнуць глыбей, а дакладней у 1566 год, то даведаемся пра Гарадзенскі сойм, які ў гэты дзень далучыў Інфлянцкае княства да ВКЛ і Польшчы. Гэтае княства знаходзілася на тэрыторыях сучасных Латвіі і Эстоніі. Да таго Інфлянцкае княства было ў валоданні Лівонскага ордэна.
Перагортваем старонку, 27 снежня. Тут, на жаль, гістарычны выходны. Нічога цікавага не адбывалася.
Далей ідзе 28 снежня. У гэты дзень у 1927 годзе пачаўся 1 З’езд Таварыства беларускай школы – асветніцкага аб’яднання ў Заходняй Беларусі. Менавіта яны займаліся беларускай асветай, адукацыяй і прасоўваннем нацыянальных інтарэсаў у той перыяд.
Фінішная лінія да канца года – 29 снежня! Але тут, на жаль, таксама яшчэ пустая на цікавыя падзеі старонка, таму не будзем затрымлівацца.
30 снежня. Тут мы сутыкаемся з пэўным каламбурам. Мы толькі што казалі пра канец існавання БССР і СССР, але тут распавядзем пра адваротную гісторыю. Менавіта ў гэты дзень БССР увайшла ў склад СССР у 1922 годзе, што і стала пачаткам савецкага перыяду нашай краіны.
І вось ён, канец года – 31 снежня. У гэты святочны дзень адбылася вельмі значная падзея для жыхароў Мінска. У 1990 годзе, перад Новым годам, адкрылі другую лінію метрапалітэна. Нагадваем, што даволі хутка мы пабачым адкрыццё ўжо 3-й галіны нашага падземнага транспарту.
Вось і ўсё! Настаў канец апошняга гістарычнага марафону ў 2017 годзе! Хочам падзякаваць усім чытачам, што былі сёлета з намі, разам даведваліся пра цікавыя гістарычныя падзеі Беларусі! Мы развітваемся зусім ненадоўга – да наступнага года, да якога засталося зусім трошкі. Да сустрэчы ў 2018 годзе!
Багдан Сакалоў
P.S. Наступны год – год БНР, таму ў наступных выпусках мы будзем аддаваць вялікую ўвагу тагачасным падзеям. Такі вось міні-анонс :)