зачыняеш дзьверы
і просіш ня топаць
усе палеглі,
а столькі недагаворана
я нахіляюся і кажу:
пенелопа,
я перастаў паліць,
ты задаволена?
ты пярэчыш, што я
не паліў і раней
і я разумею,
колькі мінула часу
ты перагледзела
тры каханьні
чацьвертае пайшло
самапасам
мы запарваем мёд
зь мятнай гарбатай
ты больш ня просіш
мяне галіцца
дыхае прыцемкам
горад цыбаты
а мне хочацца
нахіліцца
й спытаць:
пенелопа,
можа хопіць?
у іншых вунь
нараджаюцца дзеці
усё адбываецца
усё зьнікае
рухаецца
у падзеях
ты прызначаеш
спатканьні
карамельнай гарбаце
падоўгу сядзіш
на падваконьні
будуеш вежу
з цукровых квадрацікаў
глядзіш як ідуць
па ходніку
коні
і кажуць табе
ў акно:
пенелопа,
хопіць топаць
як маленькая
вучыся хадзіць
як мы,
пенелопа,
не трымаючыся
за сьценкі
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Глеб Лабадзенка – нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў (2002), Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (2006), Беларускага ПЭН-цэнтру (2008).
Пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Натальлі Арсеньневай (2003), рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Дзень Зямлі-2002», уладальнік гран-пры конкурсу «Дзень Зямлі-2004», пераможца рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Франчэска Пэтраркі (2004). Ляўрэат першай прэміі «Залаты апостраф» (2004, прэмія літаратурна-мастацкага часопіса «Дзеяслоў»), дыплямант V Рэспубліканскага турысцкага конкурсу “Пазнай Беларусь” (2007, намінацыя “Найлепшы інфармацыйны праект”), намінант IV Нацыянальнага конкурсу “Залатая літара” ў намінацыі “Найлепшы рэпарцёр году” (2007), ляўрэат другой прэміі “Вольнае слова” Беларускай асацыяцыі журналістаў у намінацыі “Найлепшы інфармацыйны матэрыял” (2008), ляўрэат першай прэміі “Вольнае слова” БАЖ за найлепшы рэпартаж (2009), ляўрэат трэцяй прэміі “Вольнае слова” БАЖ за найлепшы рэпартаж (2010)
У 2005 годзе выдаў кнігу паэзіі «Pager-вершы».