Унікальную знаходку выклалі ў суполцы «Пошукі старога Гомеля».
На схеме Гомель і гарадскі пасёлак Касцюкоўка. Краязнаўцы лічаць, што верагодна схему зрабілі па матэрыялах аэрафотаздымкаў. Схему знайшоў і адсканаваў Сяргей Кузьміч.
«На мапе фармату А2 адлюстраваная ўся гарадская вулічная сетка, пранумараваныя кварталы і пазначаныя пачатак і канец нумарацыі. Карта была створана для БТІ (Бюро тэхнічнай інвентарызацыі) Гомеля. Мапа была надрукавана вельмі маленькім тыражом (да сёння не вядома пра існавання іншых асобнікаў) і, імаверна, мела статус ДСК (для службовага карыстання). У той жа час выпускаліся і іншыя мапы Гомеля турыстычнага класа, але яны сваёй дэталізацыяй і дакладнасцю не маглі і блізка параўнацца з гэтай схемай», — пішуць у публікацыі пра схему.
«Асобная ўвага на мапе адведзеная тапонімам — кожная вуліца, правулак і тупік маюць свае назвы. Тапаніміка ўзору 1961 году амаль цалкам пазнавальная для гомельцаў. Ад сталінскіх часоў засталася аднайменная вуліца, у тым жа годзе яе перайменуюць у вуліцу Цыялкоўскага. Назва вуліцы Веткаўскай не пазначана, бо да 1961 яна насіла імя расстралянага на той момант Лаўрэнція Берыі. Асаблівую каштоўнасць схема мае для раёнаў Гомеля, якія моцна змянілі сваю планіроўку пасля 1961 года. Разам са стратай вулічнай сеткі, забыліся і назвы вуліц».
Адрэстаўраваная мапа па спасылцы.