У кожную эпоху ёсць свой герой, характэрны выключна для яе. Пра яго пішуць, яго капіруюць, ім захапляюцца, яго ненавідзяць. “Герой” нашага часу – гэта футбольны хуліган.
Не сакрэт, што сучасны фанацкі рух у Беларусі бярэ пачатак яшчэ ў савецкай эпосе. Тады падзел у фанацкім асяродку калі і існаваў, дык выключна на “правых” і “левых” – тых, хто ездзіў за камандай па ўсім Саюзе, і тых, хто наведваў выключна хатнія гульні. Ад моманту, калі краіна здабыла незалежнасць, фанаты асабліва не дзяліліся: усе разам хадзілі на футбол, “прабівалі” выправы на “сабаках” (электрычках) і высвятлялі адносіны з апанентамі. Потым адбылося выразнае разгалінаванне: заўзятары, якія рэгулярна наведвалі фанацкі сектар, падзяліліся на ультрасаў і хуліганаў. Першыя займаюцца падтрымкай клуба на стадыёне, другія, адпаведна, – за яго межамі.
Я памятаю часы, калі футбольныя фанаты былі ўжо з’явай заўважнай, але яшчэ не моднай. У пачатку нулявых пра іх калі і пісалі нешта ці паказвалі па тэлевізары сюжэты, дык гэта былі выключна тэндэнцыйныя матэрыялы. Змест быў прыкладна аднолькавы: або пра бойку паміж фанатамі пасярод горада, у якую давялося ўмяшацца праваахоўнікам, або пра беспарадкі на стадыёне. Ды і сама колькасць хуліганаў была адносна невялікай. Але пасля выхаду на шырокія экраны фільма “Хуліганы зялёнай вуліцы” з Элайджай Вудам у галоўнай ролі сітуацыя змянілася кардынальным чынам. Выявілася, што футбольныя хуліганы – гэта не толькі цяжкія падлеткі з бедных раёнаў, якія, накачаўшыся танным півам, руйнуюць усё вакол сябе ў прыступе бессэнсоўнай агрэсіі. У фільме футбольныя хулсы былі паказаныя адносна паспяховымі людзьмі, якія апранаюцца з густам. Менавіта пасля яго, як на мяне, быць футбольным хуліганам стала модна. Пад фэнаў пачалі касіць тыя, хто ніколі не быў на стадыёне, а тэмай каляфутболу зацікавіліся нават тыя, хто меў зусім цьмянае ўяўленне пра яго.
У сярэдзіне нулявых гэтая цікавасць дасягнула свайго піку: цэлая плеяда аўтараў, якія пісалі на каляфутбольную тэматыку, займела статус культавых сярод чытачоў з былога СССР. Найперш гэта Дугі Брымсан з цэлым шэрагам кніг, а таксама Джон Кінг з легендарным раманам “Фабрыка футбола”, які потым экранізавалі. Актор Дэні Даер, які граў галоўную ролю ў гэтым фільме, быў потым вядоўцам у дакументальным серыяле пра футбольных хуліганаў. Ён вандраваў па розных краінах і сустракаўся з прадстаўнікамі хулс-руху. У Расіі з’явіліся і свае аўтары з ліку фанатаў, якія ўдала апісалі ўласны досвед у кнігах. Як тут не прыгадаць папулярны фільм “Каляфутбола”, які пабачыў свет гадоў таму. У нашай жа культурніцкай прасторы гэтая тэма ніяк заўважаная не была. І на беларускай мове, здаецца, нічога пра футбольных фанатаў не выходзіла.
Але здараецца такое, што мы апераджаем суседзяў. Сёлета на беларускую мову быў перакладзены раман “Hool” Філіпа Вінклера, які пабачыў свет у 2016 годзе. Кніга атрымала станоўчыя водгукі ў прэсе, некалькі літаратурных прэміяў, а яе выхад стаўся заўважнай падзеяй на нямецкім кніжным рынку.
У сваёй кнізе Філіп Вінклер прыадкрывае завесу і пускае нас у закрыты для чужых свет нямецкіх футбольных хуліганаў. Прычым гаворка ў рамане ідзе не пра якіх-небудзь смешных пузатых мужыкоў, якія п’юць у пабах піва, спяваюць свае песні, а на эмоцыях могуць кінуць у паліцыю пластыкавы кубак ці крэсла. Героі Вінклера – гэта сур’ёзныя людзі, нездарма раман пачынаецца з фразы “Я грэю ў далоні сваю новую капу”. Далей ідзе смачнае апісанне “тэмы”, то бок лясной сустрэчы гановерскіх хуліганаў, да якіх належыць і галоўны герой з апанентамі з Кёльна.
Па тузіне з кожнага боку. Першыя ў чырвоных майках, другія ў белых, капы ў роце, ляжачых не дабіваюць. Усё як у роліках, якія ў ранейшыя часы мелі вялікую папулярнасць на відэахостынгах – праўдзіва і жыццёва. Некалькі хвілінаў рубкі на чыстых руках, пасля якіх хлапцы ў белых майках аказваюцца заваленымі на зямлю, а чырвоныя святкуюць перамогу. Потым дарога дамоў, бары, піва.
Вінклер штучна не драматызуе сюжэт, бо чытачу і так зразумела: галоўны герой мае глыбокія псіхалагічныя праблемы. Па сутнасці, гэты твор – такая сабе рэтраспектыва, якая перасякаецца з сучаснасцю. Дзякуючы такому падыходу мы разумеем, якім чынам, чаму, а галоўнае навошта Хайка Кольбэ трапіў у банду футбольных хуліганаў і трымаецца за яе. А што яшчэ рабіць маладому чалавеку, у якога далёка не ўсё “ок” у сям’і, каханка – наркаманка, а сам ён жыве ў сапраўднага вар’ята, які зарабляе на нелегальных баях жывёлаў?
Здаецца, Хайка і рады быў бы ўжо “падвязаць” з хуліганізмам, але пры гэтым не бачыць для сябе спакойнага жыцця і перспектываў. Да ўсяго яшчэ і амбіцыі – Кольбэ песціць спадзеў, што прыйдзе час, калі ён пачне руліць брыгадай. І мае для таго ўсе падставы. Рэч у тым, што запраўляе ў групоўцы Аксель, дзядзька галоўнага героя. Ён жа з’яўляецца і ўладальнікам трэнажорнай залы “Вотан”, дзе працуе Хайка.
У бандзе людзі розныя, як і ў рэальным жыцці: нехта працуе дворнікам, нехта беспрацоўны і жыве на грашовую дапамогу ад дзяржавы, а хтосьці мае перспектыўную працу з салідным заробкам або вучобу з добрымі магчымасцямі. І ўсіх гэтых людзей аб’ядноўвае адно: любоў да роднага горада, клуба “Гановер 96”, за які яны “ганяюць”, і жаданне перабіць усіх апанентаў. Чым, уласна кажучы, з пераменным поспехам яны і займаюцца. Не дзіўна, што сам футбол у кнізе амаль адсутнічае. Збольшага хуліганы глядзяць гульні любімай каманды ў бары, які з’яўляецца пунктам збору гэтай кампаніі.
Лейтматыў твора – каб усе гаварылі пра Гановер. Хлапцы натхняюцца мінулымі перамогамі, вельмі востра перажываюць цяперашнія паразы і прагнуць прызнання ў будучыні. Вінклер нібыта апавядае нам пра маргіналаў, якія б’юць адно аднаму морды, займаюцца дробным крыміналам і незадаволеныя сваім месцам у жыцці. Але мне падаецца, што найперш, ён паказвае партрэты людзей, якія паверылі ў абстракцыю. І гэтая абстракцыя (чытай – клуб) – адзінае ў жыцці, што не дае ім зламацца пад цяжарам абставінаў. Бо болей нічога вартага і не засталося… Прынамсі для Хайка Кольбэ.
Таксама ў рамане добра раскрытая тэма нігілізму. Галоўны герой з развіццём сюжэту раз за разам расчароўваецца ў многіх рэчах. Ён ненавідзіць наркадылераў, якія прадаюць наркотыкі ў дзядзькавай залы, ды іншых, з кім Аксель мае справу. Яму праціўны павольны “буржуазны лад жыцця” большасці немцаў. Але разам з гэтым відавочна, што сам Хайка прагне спакою. Ён расчараваны ў ідэях, якія папулярныя сярод фанатаў і некалі яму самому імпанавалі, але пры гэтым не здраджвае ўласнаму кодэксу. Як сярэднявечны рыцар або самурай, ён працягвае рухацца ў аднойчы абраным кірунку і не збіраецца збочваць. Хутчэй наадварот: кожная новая няўдача ў жыцці толькі загартоўвае ягоны характар і мацуе веру ў тое, што Хайка робіць.
Кніга “Hool” Філіпа Вінклера – гэта не трывіяльнае масавае чытво пра футбольных фанатаў з банальным сюжэтам, а таму яна сапраўды вартая прачытання. Цікавая яна будзе як ангажаваным у фанацкі рух, так і тым, для каго такая з’ява, як футбольны хуліганізм – цёмны лёс.
Канстанцін Касяк, budzma.org
Шукайце раман "Hool" у кнігарнях, або замаўляйце на knihi.by.