Пра Гродна найчасцей кажуць стандартную фразу: “Вельмі прыгожы горад”. Турысты ходзяць прагугленымі маршрутамі і распрацаванымі экскурсіямі, гарадзенцы – па сваіх справах. А што бачыць чалавек, для якога візуальная культура – прафесія? Міхал Анемпадыстаў – дызайнер, паэт, публіцыст, выкладчык – падзяліўся бачаннем горада і яго магчымасцяў.
Горад ўяўны
Можна сказаць, што ўпершыню я патрапіў у Гародню яшчэ дома, у Менску. У дзяцінстве бабуля расказвала мне пра гэты горад. Як нам расказваюць казкі – мы ж там ніколі не будзем, але такое ўражанне, што ўсе мы там пабывалі ў дзяцінстве.
Бабуля была ў Гародні адзін раз, ці то ў 39-м, ці то ў 40-м годзе, ужо пасля таго, як горад стаў савецкім. Трэба было браць дазвол, мець спецыяльны пропуск, бо мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю існавала і пасля іх уз’яднання.
Бабуля так казала: “Я не думала, што так прыгожа можа быць на зямлі”. Пытаю: “А як там – так прыгожа?” – “Ой, ну там ёсць такі Стары замак на гары, і ёсць Новы замак, насупраць, паміж імі – мост…” І я ўяўляў нейкія горы, і замкі на гэтых гарах. “…І там кветкі паўсюльна, і дрэвы, і нават быў такі гадзіннік кветкавы, што кожная кветка распускалася ў свой час”, – гэта таксама ўражвала. І я з дзяцінства ведаў, што Гародня – вельмі прыгожы горад, адзін з самых прыгожых у свеце.
Горад сустрэты
Першы раз я патрапіў сюды на пачатку 90-х, праездам, на золку. Было бязлюдна, пуста, і я пайшоў, чыста інтуітыўна, туды, дзе павінен быў быць цэнтр. Проста хадзіў і чакаў, калі пачнуць адчыняцца крамы і можна будзе дзе-небудзь папіць кавы, а няма кавярняў, чамусьці адны цырульні, цырульні…
Я падумаў, можа я проста не там хаджу, і вось, нарэшце на вуліцах з’явіліся людзі, усё больш і больш, я ішоў у натоўпе і думаў, што зараз выйду ў цэнтр, а натоўп вынес мяне на базар – выявілася, увесь горад ранкам ішоў туды, гэта і быў самы-найсамы ягоны цэнтр.
Наступным разам, спецыяльна, каб паглядзець, я прыехаў запозна, тады, калі ў горадзе ўжо адбыліся “добраўпарадкаванні” – папілавалі дрэвы, “акультурылі” Гараднічанку. Цэнтральная частка горада набыла тыповыя рысы постсавецкага еўрарамонту.
Горад недасканалы
Гэта тычыцца ўсіх гарадоў Беларусі, Гародня тут не выключэнне. Чыста. Падфарбавана. Падстрыжана. Падрамантавана. Але чыста – не эcтэтычная катэгорыя, гэта адсутнасць бруду, парадак, гігіена, па вялікім рахунку. Тое самае з падфарбоўкай.
Гэта ўсё добра і патрэбна, і я “за”, але гэта эстэтыка вайсковай часткі. Уявіце сабе вайсковую частку і адкажыце на пытанне, ці можна яе прастору назваць прывабнай, утульнай, прыгожай? Ці хочацца там жыць, або хаця б нават шпацыраваць?
Цяжка вось так, на хаду, вылучыць тыя моманты, якія псуюць Гародню, складана іх нават неяк уцямна вербалізаваць у рамках кароткага інтэрв’ю. Гародня пакрыта тоўстым налётам “савецкасці” ў кепскім сэнсе гэтага слова. Гэта не парадныя ансамблі савецкага ампіру, як у цэнтры Мінска, ці ў Берасці, а неахайная, непрадуманая пасляваенная забудова, якая не ўпісваецца ў стары горад, а ламае яго структуру, стварае новыя спрэчныя дамінанты і аб’ёмы. Гэта празмерная адкрытасць гарадской прасторы – вялізныя пустыя плошчы, двары, якія ці то яшчэ частка вуліцы, ці то ўжо двор, перспектывы “ў нікуды”, аголенае русла Гараднічанкі…
Гэта непрадуманасць, ці нават неахайнасць у каларыстычнай гаме – за рэдкімі выключэннямі пераважаюць нейкія абсалютна не экстэр’ерныя, не архітэктурныя ружавата-цялесныя колеры, пра іх гістарычную адпаведнасць архітэктурным стылям будынкаў я ўвогуле маўчу.
Такая ж неадпаведнасць у дэталях , а дэталі, што ў архітэктуры, што ў дызайне, маюць велічэзнае значэнне. Без прапрацоўкі дэталяў няма добрай архітэктуры, няма дызайну. Тут і форма шыбаў мае значэнне, і падбор матэрыялаў, фактур. Інфаграфіка, шыльды – таксама частка гарадской прасторы, прычым актыўная, і тут таксама праблема, агульная для ўсіх нашых гарадоў, – шыльды ламаюць архітэктурную логіку будынкаў, яны, як правіла, не ў маштабе, занадта вялікія, пры тым, што найчасцей яны добра чыталіся б і меншымі. А ўладальніку хочацца, каб былі большымі. Пажадана на ўвесь будынак. Як наглядная агітацыя.
Горад перспектыўны
Горад – складаны арганізм, аб’ект, прастора. Гарадская прастора патрабуе іншага, перад усім, прафесійнага падыходу, прадуманай канцэптуальна і прапрацаванай у дэталях палітыкі і нагляду за яе рэалізацыяй на практыцы. У кожнага горада ёсць генеральны план развіцця: што знесці, дзе забудаваць, як пракласці дарогі… У першую чаргу такія планы ўлічваюць гаспадарчыя патрэбы гарадоў і звычайна ігнаруюць комплексны падыход да гарадскога стылю, эстэтыкі прасторы, лакальнай аўтэнтыкі. Ігнаруюць тыя складнікі, з якіх паўстае гарманічная, то бок “прыгожая”, “утульная”, зручная і прывабная гарадская прастора.
Ёсць шэраг крытэрыяў, якія вызначаюць гэтую самую гармонію: ансамблевасць забудовы, калі будынкі ўтвараюць адно цэлае, наяўнасць акрэсленых дамінантаў, вывераных перспектыў і відавых кропак, сілуэтнасць забудовы, сумаштабнасць паасобных будынкаў адзін аднаму і чалавеку, прадуманае выкарыстанне прыроднага рэльефу, вялікіх і малых вадаёмаў – інтэграцыя гарадскога асяроддзя з асяроддзем прыродным, наяўнасць паркаў, прысадаў, паасобных дрэваў, кустоўя, кветак, адпаведная агульнай задуме дэталізацыя – архітэктура малых формаў, скульптура, асвятленне. Гэта такія вельмі тонкія катэгорыі, як адпаведнасць тутэйшай і гістарычнай традыцыі, а таксама наяўнасць устойлівых, важных перад усім для саміх гараджан, “магічных месцаў”, быць якімі можа што заўгодна: фрагмент брукаванкі, старыя прысады, папулярная ў некалькіх пакаленняў крама, адметны ландшафт.
І калі першая частка пералічаных крытэрыяў – поле прафесійнай дзейнасці архітэктараў і патрабуе значных капіталаўкладанняў, часу, наяўнасці тэхнічнай і прававой базы, то ландшафтны дызайн і малыя формы патрабуюць перад усім уважлівага стаўлення, руплівасці і прафесіяналізму. Самае простае і таннае, што можа значна палепшыць інтэрфейс беларускіх гарадоў, – гэта прадуманая, дапасаваная міжсобку і гістарычна даставерная каларыстыка будынкаў і, шырэй, усёй гарадской прасторы. Уключна з дахамі, шыбамі, іншымі элементамі. Дзеля гэтага патрэбная невялікая працоўная група, якая складае пашпарт колераў на кожны будынак, што і так раз на колькі год перафарбоўваюцца. Праз 5–10 год, без аўралаў і дадатковых выдаткаў, горад будзе як лялечка. І тут узнікае праблема: такое ўстойлівае якаснае развіццё на карысць гараджанам не кідаецца ў вочы адразу, не ўражвае з наскоку, і гарадскі чыноўнік не пахваліцца сталічнаму начальніку, ткнуўшы пальцам на горад: во, зрабілі! А калі няма куды ткнуць і чым уразіць, то навошта рабіць?
Тое самае з азеляненнем. Такое ўражанне, што любімы занятак нашых зелянгасаў – гэта пілаваць. Робяць яны гэта з упартай апантанасцю нават там, дзе і пілаваць ужо няма чаго. Пілаваць прасцей, хутчэй і выгадней, чым даглядаць старыя дрэвы, ствараць кампазіцыі з кустоўя, кветак, злакаў, фармаваць шпалеры і клумбы.
Стан садова-паркавага мастацтва, так званага ландшафтнага дызайну – адзін з паказчыкаў узроўню культуры наогул. Гэта таксама патрабуе не вялікіх інвестыцый, а перад усім руплівай працы і прафесіяналізму. Гэта таксама “прыгажосць“ таго тыпу, якая ўзнікае не за адзін дзень і стварае гарманічную прастору, што не кідаецца ў вочы, асабліва тады, калі яна зроблена добра, калі горад і яго прысады ствараюць адно цэлае. Гэта прыкмета якаснага жыцця, да якога хутка прывыкаеш; яно, у адрозненні ад галечы, не мае патрэбы пускаць у вочы пыл, уражваць пампезнасцю і дарагімі матэрыяламі або іх імітацыяй. У Гародні выдатныя прыродныя ўмовы, каб стаць горадам-паркам – і рэльеф, і больш мяккі ў параўнанні з астатняй Беларуссю клімат.
Драўляная забудова колішніх гарадскіх прадмесцяў, а часам і цэнтра, – гэта нашая рэгіянальная паўночна- і ўсходнееўрапейская адметнасць. У Скандынаўскіх краінах, з іх высокім узроўнем жыцця і навукова-тэхнічнай прасунутасці, такія дамы захоўваюць, шануюць. Яны частка нацыянальнай адметнасці, а таксама турыстычная атракцыя. Ды што Скандынавія? Нашыя паўночныя суседзі – Латвія, Літва – таксама шануюць. Гэта пры тым, што ў іх і “сур’ёзнай” архітэктуры хапае – готыка, барока, класіцызм, мадэрн… А цяпер узяліся драўляную даводзіць да розуму. І прамысловую архітэктуру таксама. Я ўжо не буду канкрэтныя прыклады прыводзіць, іх безліч. Гэта і эксклюзіўныя жылыя кварталы, і модныя рэйтынгавыя кавярні, і клубы…
Было б жаданне і густ. Ну і пачуццё стылю. І крыху грошай. І каб пажарныя далі дазвол. Не так і мала, у прынцыпе. У Гародні шмат адметных і проста маляўнічых драўляных будынкаў, ёсць з чым працаваць. Ёсць абсалютна ўнікальныя прыклады драўлянага канструктывізму, ёсць, што асабліва каштоўна, фрагменты комплекснай забудовы. Адказ на пытанне, што зрабіць, каб на гэтым зарабляць грошы зараз, або ў бліжэйшай перспектыве, не ляжыць у плоскасці сённяшняй размовы. Але тое, што гэта каштоўнасць, не выклікае сумневу.
Горад чалавечы
Безумоўна, горад мусіць развівацца, дзеля гэтага патрэбная стратэгія “куды і як”, горад патрабуе штодзённай апекі, рамонту і дагляду, і ўсё гэта штодзённая праца, сродкі, адміністраванне. А таксама горад патрабуе ўсведамлення каштоўнасці тых гістарычных фрагментаў і зон, якія ў ім ёсць. Гэта таксама праца.
Сама па сабе гістарычная спадчына не захоўваецца. Яе захоўваюць людзі, надаючы такой спадчыне ахоўны статус і наглядаючы за яго выкананнем. Гаворачы пра гістарычную спадчыну, я маю на ўвазе не толькі адметныя помнікі архітэктуры, або будынкі, звязаныя з важнымі гістарычнымі падзеямі, але і ўсю гістарычную забудову, а таксама яе элементы і складнікі, дрэвы, мікрарэльеф, што важна захаваць там, дзе гэта мажліва. Традыцыйны краявід сам па сабе мае каштоўнасць – і гістарычную, і эстэтычную, і псіхалагічную, калі так можна сказаць. Ён як правіла непаўторны, адметны, а таму з’яўляецца часткай ідэнтычнасці, фактарам гістарычнай еднасці і пераемнасці.
Не ведаю, як у Гародні, але ў Менску вы ўжо дрэва проста так у сваім двары не пасадзіце – трэба браць дазвол у ЖРЭА. Кветкі можна. Клумбу можна. І тут атрымліваецца так, што раз дзяржава бярэ на сябе манапольную функцыю азелянення, то нам нічога не застаецца, як толькі спрабаваць кантраляваць яе дзеянні з дапамогай закону. Тут патрэбныя юрысты.
Не думаю, што на стан рэчаў могуць эфектыўна ўплываць грамадскія ініцыятывы. Усе грамадскія ініцыятывы ў нас калі і ўплываюць на нешта, то толькі апасродкавана, праз уплыў на свядомасць грамадзян, праз фармаванне грамадскай думкі.
А вось непасрэдна самі грамадзяне могуць нешта змяніць. Мне думаецца, што асабістая, прыватная ініцыятыва дае значна большы плён і вынік. Або ініцыятыва калектыўная, па месцы жыхарства. Досыць ужо спадзявацца, што нейкія арганізацыі, ці ініцыятывы, нешта за нас зробяць. Арганізацыя – гэта людзі, такія ж, як кожны з нас.
Любы можа напісаць скаргу ці даслаць запрос, а калі гаворка ідзе пра канкрэтныя лакальныя дзеянні, напрыклад, пасадзіць у двары, на балконе, ці ў скрыні пад вакном кветкі, то тут ніякая грамадская ініцыятыва не патрэбная – ўзяў і пасадзіў.
І тут найважнейшым мне падаецца, ці стане наяўнасць гэтых кветак пад вакном маркерам якасці жыцця. І шырэй, ці стане маркерам якаснага жыцця эстэтыка прасторы, у якой мы жывём. Бо калі стане, то тут і агітаваць, і пераконваць нікога не давядзецца. Людзі дбаюць пра якасць уласнага жыцця. Больш высокія стандарты самі ўкараняюцца ў грамадстве ў выглядзе модных трэндаў, ці па прынцыпе пераймання: як у суседкі. Гэта, насамрэч, магутная матывацыя.
Сёлета Міхал Анемпадыстаў двойчы прыязджаў у Гродна са сваімі лекцыямі “Колер Беларусі”, у якіх ён аналізуе важныя для нашай традыцыйнай культуры колеры і прапануе адказ на пытанне, які колер можна было б назваць колерам Беларусі. Працаваць над гэтым праектам ён пачаў у 2009 годзе, а паводле назапашанага матэрыялу плануе выдаць кнігу, якая дазволіла б большай колькасці людзей пазнаёміцца з традыцыямі візуальнай культуры Беларусі.