Дызайнерка Ксенія Шталянкова напрыканцы 2018 года выпусціла манаграфію “Деньги и идеология: эволюция белорусскости длиной в сто лет”. Работа ўнікальная: грошы разглядаюцца як прадмет мастацтва, як частка гісторыі, а галоўнае – як спосаб самасцвярждэння Беларусі. Ёсць валюта – ёсць краіна (як ні круці, грошы – аснова незалежнасці). Мы прачыталі манаграфію і выбралі для вас самыя цікавыя факты пра беларускія грошы.
ПАШПАРТ ЁСЦЬ – ГРОШАЙ НЯМА
Пытанне аб беларускай дзяржаўнасці паўстала на І Усебеларускім з’ездзе, які праходзіў у Мінску 5 снежня 1917 года. Праз два тыдні з’езд быў разагнаны расійскімі ўладамі. На некалькі дзесяцігоддзяў беларускія тэрыторыі запоўнілі грошы самых розных дзяржаў і ўладаў.
Вядома, што стваральнікі БНР у 1918 годзе паспелі распрацаваць Канстытуцыю, прыняць дзяржаўную сімволіку (герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг) і нават выпусцілі пашпарт грамадзяніна БНР. Аднак дакладных звестак аб праекце нацыянальнай валюты не захавалася.
Пасля 1944 года ў Беларусі запанавалі савецкія рублі.
Толькі ў 1991-м мы займелі сваю валюту.
ЧАМУ НЕ ТАЛЕРЫ?
У 1990-х прадстаўнікі нацыянальнага адраджэння прапаноўвалі наўзамен рублю, які асацыяваўся з савецкім мінулым, талеры. Для найменшых адзінак – грош. Пытанне паднялі ў Прэзідыуме Вярхоўнага Савета, але прапанову не прынялі. Пра што многія шкадуюць пасёння.
Тым не менш, Ксенія Шталянкова піша: талер цягам XVI – XIX стагоддзяў быў агульнаеўрапейскім грашовым стандартам (кшталту еўра), гэта значыць, з аўтэнтычнай беларускай гісторыяй ён сувязі не мае. “Грош” таксама слова запазычанае: яно прыйшло на беларускія землі разам з пражскім грошам у XIV стагоддзі.
КОШТАМ ГІСТОРЫІ
Нашая агульная гісторыя з Польшчай мае адлюстраванне на грашовых адзінках. Так, у снежні 1919 года на польскіх марках упершыню з’яўляецца выява рэальнай жанчыны – гэта была каралева Ядзвіга. Тая самая, з якой ажаніўся наш Ягайла, пасля чаго ўтварылася Крэўская ўнія, што стала пачаткам канца… Кампаньёнам па банкноце стаў для Ядзвігі Тадэвуш Касцюшка. А на 20 злотых узору 1931-га і 1936 гадоў змешчаны партрэт Эміліі Плятэр.
Таксама можна прасачыць культурнае “братэрства” з усходам. У 1996 годзе ў Расіі прагучаў праект “Новыя грошы” аўтарства Леаніда Парфёнава, Алены Кітаевай і Марата Гельмана. Канцэпцыя будавалася на знакавых для Расіі прадстаўніках культуры. На банкноце ў 3 рублі красаваўся Казімір Малевіч.
Самая цесная “грашовая” сувязь з літоўцамі: мы адначасова пачалі гісторыю нацыянальнай валюты з выявы жывёлаў – нашыя “зайчыкі” і іхнія “вагнорыкі”. Новая валюта таксама з’явілася сінхронна: у нас – ліпень 2016 года, у іх – з пераходам на еўра – студзень 2015-га.
ЗВЯРЫ ІДУЦЬ НА ЗАХАД
Своеасаблівы брэнд Беларусі – “зайчыкі”, першая серыя беларускіх рублёў з выявамі жывёлаў. Яна з’явіліся 25 мая 1992 года як часовая (прымаўку пра часовае вы ведаеце). Аўтар канцэпцыі – Сяргей Слабчанка, мастак – Канстанцін Хацяноўскі. Друкаваліся грошы ў Расіі. Героі серыі – вавёрка, заяц, бабры, ваўкі, рысь з рысянём, лось, мядзведзь-барыбал і зубр.
Яшчэ адна фішка – салярны сімвал у выглядзе васьміканцовай зоркі. Ён нагадвае арнаментальны знак “Васьмірог”, які азначае мужчынскі пачатак, сакральнае вогнішча, энергію ачышчэння. Знак гэты быў змаляваны са Слуцкіх паясоў.
Ксенія Шталянкова заўважыла цікавую рэч: калі ўявіць, што васьмірог – гэта роза вятроў, то ўсе аб’екты, намаляваныя на банкнотах, будуць глядзець на Захад.
Ідэю выкарыстаць на грошах выявы жывёлаў пазычылі ў Нідэрландаў: тут у 1980-я існавалі гульдэны з выявай бекаса. Уласна нашага зайца, галоўнага героя эпохі, змалявалі з дзіцячай энцыклапедыі “Звяры і птушкі нашай краіны” 1957 года выдання.
Жывёлы на грошах выкарыстоўваюцца і сёння. Напрыклад, на бразільскіх рэалах. Альбо на навазеландскіх далярах, дзе кожная банкнота прысвечаная нейкай персаналіі і птушцы.
ЯК ЗНІКЛА ЖОНКА ХРУЦКАГА
У снежні 1994 года жывёльны свет пацясніла ўрбаністыка: да вавёрак і зуброў далучыліся віды Мінска. Пазней горад канчаткова сцвердзіў панаванне. Новы дызайн перажыў дэнамінацыю 2000 года, калі з банкнотаў зніклі тры нулі.
Да гэтага, амаль незаўважна, знікалі некаторыя іншыя “дэталі”.
Напрыклад, жонка Хруцкага. Памятаеце старую “тысячу”? На ёй, як і на ранейшай банкноце наміналам 1 000 000 рублёў, быў змешчаны “Партрэт жонкі” Івана Хруцкага. Праўда, без жонкі. Застаўся чысты нацюрморт. Аўтарства Хруцкага таксама не пазначана.
Яшчэ адзін казус напаткаў банкноту ў 100 000, дзе выяўлены Нясвіжскі палац. На “аверсе” – фатаграфічна, на “рэверсе” – рэпрадукцыя карціны Напалеона Орды. Праўда, замест гербавых арлоў на шпілях вежаў нечакана з’явіліся праваслаўныя крыжы. Пазней іх усё-ткі змянілі на гербы.
НОВЫЯ ГРОШЫ
Яны прыйшлі да нас з чарговай дэнамінацыяй у 2016 годзе. Аднак праект быў распрацаваны яшчэ ў 2009-м. Канцэпцыя новай серыі мае назву вельмі арыгінальную: “Мая краіна – Беларусь”. Што сапраўды прыемна, новыя грошы распавядаюць пра гісторыка-культурную спадчыну: ніякіх спасылак на аграрную ці спартовую дзяржаву. Самая буйная банкнота цалкам аддадзеная літаратуры: на 500 рублях – Нацыянальная бібліятэка, фрагменты з “Бібліі” Францыска Скарыны, сімвалічныя спасылкі на “Вянок” Максім Багдановіча, “Безназоўнае” Янкі Купалы, “Сымона-музыку” Якуба Коласа.
Банкноты друкаваліся ў Вялікабрытаніі кампаніяй “De La Rue”, манеты – Літоўскім манетным дваром і Манетным дваром “Крэмніца” ў Славакіі. Хто мастакі і дызайнеры серыі – таямніца.
Не абышлося без праколаў. Найперш гэта датычыць рэльефных пазнакаў для людзей з парушэннямі зроку. Як высветлілася, пазнакі мала спрыяюць інклюзіі, бо не адпавядаюць міжнароднаму шрыфту Брайля.
Яшчэ адзін трабл звязаны з дзвюхмоўем. Па задуме, кожная банкнота прадстаўляе вобласць Беларусі. Па наміналах вобласці размеркавалі згодна з алфавітам. Пазней аказалася, што стваральнікі серыі карысталіся рускай мовай, бо Магілёўская вобласць апынулася пасля Мінскай.
І галоўнае: упершыню на беларускіх рублях адсутнічае папярэджанне аб угалоўным пераследзе за падробку грошай.
ПРАЕКТЫ, ЯКІЯ НЕ СПРАЎДЗІЛІСЯ
1. 1991 год. Як часовыя разглядаліся купоны з выявамі жывёлаў і відамі Мінска. Праект распрацоўвала французская тыпаграфія.
2. Па згадках некаторых спецыялістаў, у 1992 годзе існаваў праект грошай з партрэтамі беларускіх літаратурных дзеячаў: 1 рубель – Францыск Скарына, 5 рублёў – Якуб Колас, 10 рублёў – Максім Багдановіч, 50 рублёў – Янка Купала, 100 рублёў – Цётка. Візуальнага ўвасаблення праект не займеў, ёсць толькі тэкставае апісанне. Мы радыя за Цётку (даеш фемінізм!), але за Коласа крыўдна.
3. У тым жа 1992 годзе актыўна прасоўвалася ідэя талераў як нацыянальнай валюты. Праект таксама звярнуўся да персаналій: Усяслаў Чарадзей, Канстанцін Астрожскі, браты Луцэвічы, Ефрасіння Полацкая… У час другой спробы (1998 год) на эскізах з’явіліся “Песняры”, Марк Шагал і Колас з Купалам, якія суседнічаюць на адной банкноце (каб школьнікі канчаткова заблыталіся).
4. Найбольшыя шанцы на поспех мелі банкноты ўзору 1993 года. Яны адлюстроўвалі помнікі архітэктуры і, зноў жа, партрэты знакавых для Беларусі персаналій. Грошы паспелі аддрукаваць, аднак справа спынілася пасля рэферэндума 1995 года, калі бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” апынуліся “па-за законам” (а яны, вядома, фігуравалі на новых банкнотах). Тыраж знішчылі. Але ў 2016 годзе ўзоры банкнот з’явіліся на аўкцыёнах.
Наста ГРЫШЧУК,
паводле манаграфіі Ксеніі Шталянковай“Деньги и идеология: эволюция белорусскости длиной в сто лет”