Пачатак чытайце тут: Пад негалосным апякунствам спецслужбаў
…Гэтым разам вырак Георгія Юрчанкі кнізе адмяніў старшыня Камітэта па друку Р.В. Канавалаў. Яго ўразілі рэпрадукцыі карцін і партрэтаў Пятра Сергіевіча. «Некія ўсе нашы людзі», — прамовіў. Многа не дам, пяць аркушаў. А заяўка ў вас ёсць?» — толькі і сказаў, на першы погляд, не надта даступны ўрадовец.
Працуючы над дысертацыйнай тэмай, прысвечанай культурна-грамадскаму руху Заходняй Беларусі 1920–1930-х гадоў, я шчасліва спазнаўся з надзвычай багатым, шматгалосым, нацыятворным па прыродзе сваёй віленскім беларускім перыядычным друкам.Нягледзячы на пераслед польскай адміністрацыяй, цэнзурай, ён выяўляў трывалую жыццястойкасць, імкліва развіваўся. Быў жывым арганічным голасам эпохі ўздымных у жыцці Беларусі 1920-х гадоў. Адметна, мастацка-выяўленчы, так бы мовіць, твар заходнебеларускай перыёдыкі гэтага часу выразна пазначаны яскравай у ідэйна-выяўленчым плане графікай мастака Язэпа Горыда (1896–1939).
Выкрывальная ў дачыненні да так званага санацыйнага рэжыму Пілсудскага сатырычная графіка Язэпа Горыда сцвярджала ідэалы і праўду беларускага вызваленчага руху.
Напісаўшы гісторыка-мастацтвазнаўчы нарыс пра жыццё і творчасць Язэпа Горыда, я падаўся ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» з заяўкай на выданне яго кніжкай. З выданнем апошняй там склалася аналагічная сітуацыя з той, што адбывалася з выхадам маіх папярэдніх кніжак пра дзеячаў навукі і мастацтва. Тры гады запар з выдавецкага плана яе акуратна выкрэсліваў галоўны рэдактар Аркадзь Марціновіч.
На шчасце, у канцы 1970-х на становішча дырэктара «Мастацкай літаратуры» быў прызначаны М.Ф. Дубянецкі, які раней працаваў інструктарам ЦК КПБ. Да яго я і ўдаўся з высвятленнем лёсу кнігі пра Язэпа Горыда. Выслухаўшы маю скаргу-просьбу, паважаны Міхал Фёдаравіч неяк роздумна заўважыў:
— Штосьці даўно да мяне прыходзіў куратар з КДБ?..
А я яму, як кажуць, пад тое слова:
— Пэўна, ён прыходзіць да вашага галоўнага рэдактара.
У наступным годзе мая кніжка пра таленавітага мастака і годнага грамадзяніна пабачыла свет. Усімі шанаваная пісьменніца, загадчыца рэдакцыі крытыкі і літаратуразнаўства выдавецтва «Мастацкая літаратура» Вера Палтаран (яна тройчы ставіла майго Горыда ў выдавецкі план) павіншавала мяне з новай кніжкай, сказала некалькі цёплых слоў.
А я нарэшце ўразумеў, каму карціць жыццё і смерць герояў маіх кніжак, іх думка аб Беларусі.
* * *
Але час у сваім расповедзе мне вярнуцца да сумнапомных дзён восені 1973 года. Тады КДБ у Беларусі рэалізоўваў задуманую супраць навукоўцаў Акадэміі Навук абвінаваўча-рэпрэсіўную акцыю. Задуманая справа спачатку фігуравала там пад назваю «Група Прашковіча». Пазней ёй было нададзена больш абагульненае, бесперсанальнае найменне «Акадэмічны асяродак». Маладых навукоўцаў усеўладная дзяржаўная ўстанова аблыжна абвінавачвала ў беларускім нацыяналізме. Канкрэтна — у стварэнні менавіта арганізаванай групы. А гэта ўжо чытай, разумей — палітычная крамола, учынак антыдзяржаўны.
Праз нейкі час пасля тагачасных выклікаў навукоўцаў і літаратараў у КДБ стала відавочным, што было тое не прафілактычным «прашчупваннем настрояў інтэлігенцыі». Крылася за гэтым якаясьці канкрэтная мэта-задумка. Пра тое, што займалася ёю адмысловае аддзяленне дзяржбяспекі па барацьбе з беларускім нацыяналізмам, Сцяпан Міско, як старэйшы сярод нас, ды ў дадатак чалавек не без сувязяў (ягоны дзядзька акадэмік Пракапчук у Грамадзянскую вайну быў камісарам), даведаўся нават, што ўзначальваў тое падраздзяленне палкоўнік Рэпіч.
Ад Сцяпана Міхайлавіча (іранічна-пашанотна яго часам менавалі па бацьку: быў жа старэйшы сярод маладых) пачуў я і пра тое, што выкліканы ў КДБ Мікола Прашковіч быў там надта моцна нечым напалоханы. Ездзіў кудысьці з кадэбістамі, каб аддаць ім прыхаваныя там яшчэ не апублікаваныя вершы Ларысы Геніюш. І наогул выглядаў моцна прыгнечаным.
…Пры першай жа сустрэчы з Міколам на вуліцы я не прамінуў рэзкавата кінуць яму:
— Што ты такое ўтварыў, каб так напалохацца?
— А я перапісваўся з унучкай Івана Франко, — пачуў у адказ.
Сам тон Міколавага адказу здаўся мне крыху спецыфічным, але адразу я не прыдаў таму значэння, хоць элементарна было спытацца, што асаблівага магло быць у той перапісцы.
У цэлым гутарка з Міколам не клеілася. Ён неяк стаў азірацца па баках. Што канкрэтна пыталіся кадэбісты, у тым ліку і пра мяне, я так ад яго і не даведаўся. Хіба толькі пачуў пра іх нездаволенасць маім адказам: «Лис — хитрый, ничего не дал, не сказал». Быццам нешта я павінен быў ім расказаць. Ліс нават не даўмеўся, як след, зразумець мэты наладжанай імі мітрэнгі з выклікамі-допытамі.
А насамрэч не трэба было быць вялікім аналітыкам, каб здагадацца, што за ўсім гэтым крыецца якаясь практычная задумка спецслужбы. Але што канкрэтна можна было ўявіць, спраўдзіць?
Зрэшты, калі прааналізаваць палітычныя рэаліі часу, можна было зрабіць некаторыя высновы. За год да таго, у 1972-м, на Украіне ўжо адбыліся арышты навуковай інтэлігенцыі. Сярод арыштаваных згадвалі аўтара выдадзенай за мяжой кнігі «Інтэрнацыяналізм ці русіфікацыя?» Івана Дзюбу. Быў зняволены адзін з вальнадумных таленавітых маладых украінскіх паэтаў, пазней загублены ў лагерах Васіль Стус…
Яно, калі задумацца, то можна было ўспомніць і не такія даўнія апякунска-паліцэйскія «наезды» на студэнтаў БДУ і ў нас. «Разборку» КДБ са студэнтамі філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта ў 1963 годзе.
Рыгор Семашкевіч, тады яшчэ паэт-пачатковец, а ў будучым таленавіты навуковец і пісьменнік, дзяліўся з сябрамі некаторымі цікавосткамі свайго кнігазбору. Хлопцы ў інтэрнаце чыталі заходнебеларускі часопіс даваеннага часу «Шлях моладзі». Выдаваўся той перыёдык у Вільні з 1929 па 1939 год трыма маладымі беларускімі журналістамі Язэпам Найдзюком, Мар’янам Пацюкевічам і Янкам Багдановічам.
Выдаўцы стаялі на дэмакратычных незалежніцкіх беларускіх пазіцыях, адстойвалі сацыяльныя і нацыянальныя інтарэсы заходнебеларускага жыхарства. Выданне клікала да супраціву паланізацыі, якая паслядоўна праводзілася польскімі ўрадамі, яго адміністрацыяй у Заходняй Беларусі. Нумары маладзёвага беларускага часопіса чатырнаццаць разоў канфіскоўвала цэнзура, а выдаўцы яго, адпаведна, прыцягваліся да суда.
У «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» часопіс «Шлях моладзі» сёння аб’ектыўна ацэньваецца як прагрэсіўны, дэмакратычны орган моладзі Заходняй Беларусі. А вось увосень 1963 года загадам з гары, распараджэннем рэктара на філфаку БДУ праводзіцца сход, на якім самі студэнты і іх выкладчыкі мусілі выступіць з асуджэннем Рыгора Семашкевіча і яго сяброў за чытанне «неположенной», няправільнай літаратуры.
І так надзвычайна-незвычайны сход-суд адбыўся. Апальныя студэнты мусілі невядома за што каяцца. Праўда, на першы раз абышлося без пакарання невінаватых. Адно, прыстрашыўшы студэнцкую аўдыторыю, дзе кагось здолелі завербаваць. Так вось, за гэтым маладым, неразважным народам прыглядай ды прыглядай.
Праз два-тры гады куды трэба паступіў сігнал, што ў БДУ зноў непарадак. Тры студэнты-філолагі на чале з Алесем Разанавым збіраюць подпісы пад зваротам у Міністэрства асветы, каб на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта лекцыі па ўсіх прадметах чыталіся па-беларуску. Гэта ўжо выглядала на пачатак бунту, і ініцыятары акцыі, два маладыя паэты Алесь Разанаў і Віктар Ярац ды іх сябра Лявон Барташ, былі неадкладна пакараныя — звольненыя з універсітэта.
За бунтаўнікоў, аднак, заступіўся Максім Танк. Выйшаў на вышэйшае партыйнае кіраўніцтва асветай, і выключаным з БДУ дазволілі давучыцца, атрымаць вышэйшую адукацыю ў вучэльнях на правінцыі, у Брэсце і Гомелі. Маці ж Алеся Разанава ў скрушны для яе час Максім Танк напісаў ліст, запэўніўшы ўстрывожаную, што яна «яшчэ будзе ганарыцца сваім сынам». Сёння высокаталенавітым паэтам і перакладчыкам Алесем Разанавым можа па праву ганарыцца і, пэўна, ганарыцца сама маці-Беларусь.
* * *
Легкаважыў я тыя выклікі на так званае «собеседование» ў КДБ. Каб сустрэцца з тымі, каго выклікалі і канкрэтна даведацца, пра што пыталіся, не прыйшло ў галаву. А факты, каб задумацца, што ўсё гэта невыпадкова і не для праформы рабілася дзяржбяспекай, былі. Аднойчы Сцяпан Міско расказаў, што да яго пад выглядам украінскіх навукоўцаў з’явілася трое мужчын. Сабраўся быў нават пачаставаць іх. Як жа, з дарогі?
Але насцярожыла, як сябе павялі нечаканыя госці. Адразу засцерагліся, што ніякіх украінскіх навін культурніцкага плана не ведаюць, бо фізікі па прафесіі. Адзін трохі гаварыў па-ўкраінску, а два яго калегі часам устаўлялі адно, другое слова. Нагоду свайго наведвання візіцёры не патлумачылі. Мямлілі штось невыразнае: ат, вось па дарозе было, маўляў. Сцяпан Міхайлавіч — чалавек добры, але часам рэзкі, не стаў цырымоніцца. Недвухсэнсоўна даў зразумець няпрошаным гасцям, з якога яны ведамства, і выставіў за дзверы акадэмічнай маласямейкі. Прыкідвалі таварышы кадэбісты, як знайсці, выявіць у беларускіх навукоўцаў так званы ўкраінскі след для рэалізацыі свайго плана «Х».