Гульні Глобуса

17.03.2009 Кнігагляд

Глобус Адам. “Play.by”, І.П. Логвінаў, Мінск, 2009.

Як зацікавіць творам зь першага позірку? Дапаможа эпатаж — гэта можна сказаць пра новую кнігу “Play.by” Адама Глобуса. Першае, на што зьвяртаеш увагу — плэйбоеўскі зайчык на зялёненькай вокладцы. Варта заўважыць: кніга не пра “Плэйбой”. Ну, калі і пра яго, то ня ў звыклым сэнсе слова. “Play.by” у перакладзе — “Гульня.бай”. Гульня словамі, пачуцьцямі, успамінамі.

Кніга складаецца з трох частак. Першая зь іх — “Меркаваньні”. Гэта расповед пра прадметы, зьявы і людзей. Усё гэта апісана з боку бачаньня аўтара і зьвязана зь ягонымі думкамі ці асацыяцыямі, якія выклікае апісанае. Кукурузьнік — істота з рагамі і тулавам камбайна, якая ратавала б ад недарэчнасьцей аматараў кукурузных палеткаў. У іншым апавяданьні — размазаная па сьценачцы мара тых, хто наглядзеўся фільмаў ці прагне рамантыкі. “Пра мора гавораць у Раі. А калі ты ня быў на моры, то пра што з табой размаўляць?” Герой шукае прыдатнае мора: Чорнае, Міжземнае… Але ўсё нешта ня тое — няма рамантыкі, і яе трэба дадаваць самому: бардэльчык, бераг Індыйскага акіяну, пасьля сонечны ўдар і суткі ў ложку — гатова, можна тусіць у раі. Знаходзіць запамінальнае у незвычайнай сытуацыі — гэта тое, пра што можна распавесьці, калі запытаюць пра мора. І кожнаму сваё: каму каменьчык на марскім беразе і прыгожы закат, ну, а каму тайскія танцы і дзяўчаткі.

Другая частка — “Расейская кунсткамэра”. У калекцыю дзівосаў трапілі Дастаеўскі, Ерафееў, Грышкавец, Ленін; побач зь імі — расейскія мова і цар. Пра што карцела выказацца, пра тое і напісана: Грышкавец, што ходзіць па сцэне як абасраўшыся, Талстой і “ідыятызм жыцьця”, зь якім ён асацыюецца. Ня надта саромеючыся пачуцьцяў і ня надта клапоцячыся пра аргумэнты, аўтар выклаў, што думаў пра Дастаеўскага і небясьпеку ад яек (ад іх можна стаць Гогалем-могалем, да якога аўтар глыбока неабыякавы). Тут у цэнтры ўвагі — імпэрскія памкненьні герояў і недарэчнасьці ў жыцьці расейцаў: “Што рабіць? Што рабіць? Нават Ленін напісаў кніжку “Што рабіць”…

Частка трэцяя — “Людзі” — пэўны сынтэз першай і другой. Побач з эсэямі і апавяданьнямі пра Гётэ, Дарвіна месьціцца занатовачка пра тое, чаму ў адзін дзень чалавекам могуць зацікавіцца японка, англічанка і два підары. Усё проста: праз поўню, якая ўночы будзе на небе. Думка плаўна пераходзіць на хайку і ружова-сарамлівы колер сонца. Сыс п’е, Брыль плача над уласнымі творамі, мастакі тлумачаць на лекцыях, што мастацтва зараз непатрэбнае. Глобус мяняе “схадзіць са Стральцовым у грыбы” на “трэба афармляць кнігі”.

Усё нібыта штодня, але ці заўважаем мы гэта? Пішуць-пішуць пісьменьнікі пра недахопы чалавечыя, а нейкі японец пасьля скажа: “Вы паглядзіце! Які гратэск!” Толькі шкада, што не гратэск гэта. А побач з гэтым існуюць сьвет маленства, цудоўныя людзі, цудоўныя зьявы.

У кнізе не абышлося без палюбоўніц і показак, зьвязаных зь імі; шмат пра расейцаў, але не забытыя і беларускія пісьменьнікі. Што да мовы, то тут няма стрыманасьці ў выразах, таму эстэтам давядзецца ў некаторых момантах паморшчыцца. Кніга гэтая пакідае супярэчлівыя ўражаньні: першую частку ацаніць цяжка, бо кожнаму яна нагадвае нешта сваё. Успаміны і эмоцыі ня маюць напрыканцы дакладных высноваў. Гэта можа паказаць звыклыя рэчы з новага боку. У характарыстыках знакамітасьцей (другая і трэцяя частка) бывае, што выказана больш эмоцыяў, чым абгрунтаваньня думкі. Так пісаць — рашэньне аўтара, роўна як і ўспрымаць — рашэньне чытача.

Такая гульня.

Для www.budzma.org —