Сёлета беларуская музычная прастора ўзбагачаецца на варты ўвагі і асабістага “прачытання” альбом, які бруіцца мноствам фарбаў і інтанацый. Фольк – як падмурак, а па заканчэнні творчых высілкаў – новы шыкоўны твор цалкам постмадэрновага гучання.
Гурт «Вурай» прэзентуе свой новы альбом за шматасацыяцыйнай назвай “Раёк”. Мноства алюзій – не меньш эксперыментаў. Альбом дзівіць настраёвай разнастайнасцю: ад правакавання да разважлівага ўнутранага дыялогу да следвання нітачцы яскравай мелодыі; заваблівае неадольна ў плынь суцішальнага “адвечнага” і “шчырага”, каб апасля зрынуць долу эмацыйным выбухам менавіта там, дзе забаліць кожнаму – відаць, гэта і завецца “судакрананнем”. Цяжка вызначыць музычны накірунак, у які можна было б “укласці” Раёк. Аматары існавання на мяжы стыляў здаволяць смагу напоўніцу. У новым альбоме Вурай плённа эксперыментуе з музычнымі афарбоўкамі. Відавочная фольк-рокавая, ды й ўласна рокавая, накіраванасць некаторых трэкаў перамяжоўваецца з даволі акадэмічным неакласічным гучаннем. Вурай “практыкуе” й непрыхаваны неафольк побач з джазавымі згукамі ды рысамі псіхадэліку. Адным словам, новы альбом Вурая – нібы стылістычны сплаў разнастайных музычных накірункаў, які ў выніку дае цалкам гарманічнае, выключна “вураеўскае” гучанне. Кожная кампазіцыя, хаця і абапіраецца карэннямі на аўтэнтычны спеўны матэрыял таго ці іншага рэгіёну Беларусі, з’яўляецца цалкам самастойным творам. Вурай насамрэч не займаецца “пераспяваннем” фальклёру на сучасны манер, а, так бы мовіць, вырошчвае свае абсалютова адметныя кампазіцыі на глебе нашай даўніны.
Раёк” – трэці ў шэрагу альбомаў гурта. Але шмат у чым ён з’яўляецца гэтаксама і першым: першы поўнафарматны, першы студыйны. А таксама – першы спеўны. Рэч у тым, што дагэтуль аркестрык прэзентаваў ў сваіх плытках выключна казачны рэпертуар ды інструментальны тэатр. Новы альбом рыхтаваўся цягам двух год. Яго аснову ўтварылі збольшага летнія (жніўныя) песні. У тэматычным фокусе – “літо, жыта” і, вядома, хлапеча-дзявочыя стасункі. Багаты на песню Палескі край натхніў музыкаў ажно на чатыры кампазіцыі. “За валом”, “Сасна пахілілася”, “Траўка з палыночкам”, “Вэлытай, пэрэпылко…” абавязаныя сваім з’яўленнем менавіта спеўнай традыцыі Палесся.
Назва для альбома нарадзілася далёка не імгненна. Варыянтаў перабіралася шмат, але правераны продкамі шлях сыграў сваю ролю. Гісторыя мае багата прыкладаў, калі вялікі і, звычайна, багаты на кантрасты горад, атрымліваў свой назоў паводле малой і даволі сціплай рачулкі-ручаіны, якая, аднак, з’яўлялася яго жыццёвай “артэрыяй”. Гэтаксама, на першы погляд невялічкая і непрыкметная песня Раёк, утварыла назву новай плыткі “Вураю”. Як сцвярджаюць музыкі, менавіта ў ёй ”хаваецца” сэнсавае зерне і канцэпт суцэльнага альбому.
М.П.