Гурты Skyforger (Латвія) і Znich (Беларусь) у Мінску

17.08.2011 Афіша

14 кастрычніка ў клубе Re:Public адбудзецца прэзентацыя новага альбома «Мроя» гурта Znich. Канцэрт прысвечаны 15-годдзю легендарнай айчыннай метал-каманды. Беларускім паган-металістам дапамогуць іх калегі з Латвіі — гурт Skyforger. «У нас быў сумесны канцэрт адзінаццаць гадоў таму, а цяпер мы разам паедзем у тур», — кажа саліст Znich Алесь Таболіч. У межах канцэрту ён абяцае прэзентаваць новы альбом, а таксама прайсціся па хвалях памяці ды згадаць старыя хіты гурта Znich.

«Альбом „Мроя“ доўга ішоў да завяршэння — мы пачалі працаваць над ім адразу пасля папярэдняга нашага рэлізу. У дыск увайшло дзесяць трэкаў, два бонусы і відэакліп», — расказаў у інтэрв’ю ТГ Алесь Таболіч. Паводле яго словаў, «Мроя» атрымалася даволі разнастайнай: «Песні выкананыя ў рознай стылістыцы — ад хэві- і блэк-металу да элемэнтаў хардкору — але ўсе яны аб’яднаныя адной канцэпцыяй: альбом цалкам пра Беларусь, яе супярэчлівыя моманты, гісторыю, культуру». Акрамя песняў на дыску будуць і інструментальныя кампазіцыі (Intro і Outro), якія напісаў клавішнік гурта. «„Мроя“ вельмі адрозніваецца ад нашых ранейшых працаў, гэты альбом філасофскі, у ім шмат асабістых перажыванняў. Але як і раней, у музыцы прысутнічаюць фолкавыя матывы: ёсць дуда і нават адна народная песня — „Каляда-калядзец“, якую калісьці выконваў гурт N.R.M., але ў нас яна ў іншай аранжыроўцы», — кажа Алесь Таболіч. Дыск «Мроя» ўжо аддрукаваны, і першымі яго змогуць набыць наведнікі канцэрту 14 кастрычніка.

У межах канцэрту Алесь Таболіч абяцае не толькі прэзентаваць новы альбом, але і зайграць старыя песні Znich: «Выкананне песняў з „Мроі“ зойме дзесьці паўтары гадзіны, астатні ж час прысвецім вандроўцы па хвалях памяці. Мы зайграем старыя хіты. Гэта будуць кампазіцыі, якія ў розныя часы нашага існавання былі важнымі для нашых слухачоў і гурта».

Акрамя гурта Znich у гэты вечар на сцэне клуба Re:Public можна будзе пабачыць калектыў Skyforger з Латвіі. Ён быў створаны ў 1995 годзе і за гэты час стаў адным з вядучых латышскіх метал-гуртоў. Стылістыка і тэматыка песняў Skyforger даволі блізкая да творчасці Znich — яму таксама ўласцівае спалучэнне традыцыйных матываў з элементамі металу. Раней беларускі і латышскі гурты ўжо гралі разам. «Адзінаццаць гадоў таму ў нас ужо быў сумесны канцэрт, пасля гэтага мы нейкі час падтрымлівалі адносіны, а потым згубіліся, — расказвае Алесь Таболіч. — Таму мне будзе вельмі цікава пабачыць іх ужывую». Znich і Skyforger зайграюць разам 15 кастрычніка ў Маскве. Алесь Таболіч адзначае: «Цяпер метал-сцэна знаходзіцца не на такім высокім узроўні, як раней. Тым не меней мы хіба адзіны гурт, які арганізоўвае турнэ па ўсёй Беларусі. Выключэннем можа быць толькі Gods Tower, але на іх працуе добры мэнэджмэнт, мы ж арганізоўваем усё сваімі сіламі».

14 кастрычніка. 18:00. Клуб Re:Public (Мінск, вул. Прытыцкага, 62)
Гурт Znich пры ўдзеле Skyforger (Латвія)
Даведкі: (029) 6490888

Квіткі ад 65 000 да 75 000 (танцпляц), 90 000 (месца за столікам).