Дзіву даешся, з якім запалам у 2018 годзе людзі яднаюцца вакол жадання гвалтам выхоўваць дзяцей і высвятляць дачыненні з сямейнікамі пры дапамозе эканамічнага кантролю ды псіхалагічнага ціску. І нават болей: яны разумеюць гэта як права і каштоўнасць. Абмеркаванне канцэпцыі закона аб супрацьдзеянні хатняму гвалту пачалося ў найлепшых традыцыях патрыяхату — стукнуць па стале і заявіць. Тут не было пакуль спробы пачуць адно аднаго, удакладніць нюансы, не кажучы ўжо пра тое, каб пайсці ў бок кансэнсусу. Нічога новага, адным словам. “Мы будзем зыходзіць выключна з уласных інтарэсаў, нашых беларускіх, славянскіх традыцый і нашага жыццёвага вопыту”, — гаворыць прэзідэнт. Дэпутат пераймаецца, што канцэпцыя закона антыканстытуцыйная. Вернікі бядуюць, што нельга будзе дзяцей нармальна выхоўваць. І сапраўды, што ж з імі рабіць, калі не біць?
Рыторыка “традыцыйных каштоўнасцяў” — гэта такое пудзіла, да якога апелююць, калі сказаць болей няма чаго. І рэдка хто асобна адзначае, што за гэтым паняткам увогуле хаваецца. Чуваць адно нешта няўцямнае пра “хрысціянскасць”, “еўрапейскасць” і “перагібы на месцах”. А лепей бы ўдакладнялі, бо поле вельмі шырокае. Вось табе і прыгоннае права, і прымусовыя шлюбы, і забарона на вышэйшую адукацыю для сялянскіх дзяцей. Якую яшчэ традыцыю падцягнем і заканадаўча падмацуем? У нашым новым сярэднявеччы чым чорт не жартуе.
Сапраўды, няма ніякіх лагічных аргументаў, якія б абумовілі права на гвалт. Не існуе ніякіх апраўданняў, чаму можна прыніжаць дзяцей, біць партнёрак/партнёраў ці сталых бацькоў. Тое, што палітыкі і публічныя людзі выказваюцца супраць закона і толькі разважаюць пра тое, што біць не роўна збіваць, ужо амаль не здзіўляе. Але ўражвае, як бадзёра да іх далучаецца хор галасоў, што рацыяналізуюць гвалт і знаходзяць яму ўтульнае месца ў сваім жыцці. “Калі не сістэматычна, то можна”, — кажуць яны. Сур’ёзна?
Ідэя “заслужанага пакарання” не вытрымлівае ніякай крытыкі, бо вырашаюць біць альбо не біць тыя, хто здзяйсняе гвалт. Ягоны культ акаляе нас з усіх бакоў. Нас вучаць адно адаптавацца — цярпець, быць ветлівай, разумнейшай, разумнейшым, ударыць у адказ, стукнуць першым. Адным толькі законам праблема, вядома, не вырашаецца, але ён прынамсі маніфестуе, што гвалт — гэта не норма. Праўда, не для ўсіх.
Мы жывём у свеце, дзе людзі адной рукой перапошчваюць тэксты пра тое, што фемінізму ў нас зашмат і залішне, а на пальцах другой вымяраюць “сістэматычнасць” і лічаць, колькі разоў яны “сарваліся”. І за ўсім гэтым выразна вымалёўваецца пазіцыя “права маю”. Тут — нежаданне прызнаць дзіця паўнавартасным чалавекам.
Паглядзіце, як на вуліцах размаўляюць з дзецьмі, як іх валакуць за руку, крычаць і пагражаюць “дадаць дома”. Тут — нежаданне бачыць сям’ю як раўнапраўнае партнёрства. Калі рамантычны перыяд заканчваецца — пачынаюцца зусім іншыя правілы гульні. Тут — грэблівае стаўленне да сталых людзей, якія ў нейкі момант папросту знікаюць з публічнага жыцця і страчваюць сацыяльныя сувязі. І ўсё гэта разам адбываецца пад цынічны акампанемент “Беларусь — краіна для жыцця”.
Голыя азадкі на білбордах і даступны алкаголь неяк лёгка ўпісаліся ў канцэпт “традыцыйных каштоўнасцяў” і “славянскіх традыцый”. І адмену смяротнага пакарання вернікі ўсіх канфесій не лабіруюць з такім жа імпэтам, з якім метадычна нападаюць на антыдыскрымінацыйныя ініцыятывы. Але добрая навіна ёсць. Свет мяняецца вельмі хутка, а традыцыі ўсталёўваюцца тымі, хто жыве тут і цяпер. І, перафразоўваючы выраз вядомага канцэптуаліста, у будучыню возьмуць-такі не ўсё.
Таня Сяцко