— Я нарадзіўся ў панскай Польшчы ў 1934 годзе, маю ўжо 76 гадоў. Ваджу экскурсіі.
Глыбокае, з якога я родам, адносіцца да Заходняй Беларусі. Да 1939 году мы былі пад панскай Польшчай. Людзі размаўлялі на трасянцы. У першым класе мяне спыталі, як маё прозвішча, а я нават не ведаў, што азначае гэтае слова. Тады, у 1942 годзе, на школе вісеў бел-чырвона-белы сцяг, дакументацыя была на беларускай мове.
Для мяне беларушчына – гэта найперш гісторыя. Калі чалавек не ведае гісторыі, ён ужо не беларус. Мае два сыны жывуць ва Ульянаўску. Калі яны прыязджаюць у Беларусь, я заводжу іх на могілкі і паказваю: тут у мяне з боку бацькі пахавана пяць пакаленняў; еду на іншыя могілкі і кажу, што тут пахавана шэсць пакаленняў з боку маткі. Адна нявестка спытала, навошта ўсё гэта. А другая сказала: каго народзіць – прывязе ў гэтую царкву, у якой былі хрышчаныя шэсць пакаленняў нашых сваякоў. І вось маю ўнучку хрысцілі ў гэтай царкве, пабудаванай у 1642 годзе.
Цяпер я на пенсіі, апошнія 12 гадоў сяджу ў архівах і чытаю гістарычныя матэрыялы, раблю па іх маршруты для экскурсій. Да гісторыі Беларусі мяне прывёў бацька. Яго выхаванне грунтавалася на такім прынцыпе: убачыў нешта новае – здзівіся, раскрый рот і не закрывай да таго часу, пакуль не даведаешся, што гэта такое. А перастанеш здзіўляцца – ты нябожчык.
Я лічу, што калі не ведаеш сваіх каранёў, ты ўжо не беларус.
Генадзь Трахімавіч, інжынер, экскурсавод