З трох выдатных прадстаўнікоў польскай рэалістычнай літаратуры ХІХ стагоддзя (Ажэшка, Прус, Сянкевіч) найбольш папулярным і сярод даследчыкаў, і сярод чытачоў быў і застаецца Генрых Сянкевіч. Аднак лёс і гісторыя папулярнасці пісьменніка на Беларусі маюць вельмі цікавы характар. У шматлікіх навуковых крыніцах адзначаецца, што Сянкевіч генетычна і эмацыянальна быў звязаны з нашай краінай.
Сянкевіч меў шляхецкае паходжанне. Па лініі матчынай у ім былі такія вядомыя постаці, як капелан Яна Казіміра, Яўхім Лелевель, граф Бруна Кіціньскі. Што датычыцца радаводу бацькі пісьменніка Юзафа Сянкевіча, то ён быў больш дэмакратычны і нацыянальна неаднародны. Былі ў ім палякі, беларусы, татары. Прадзеда пісьменніка звалі Міхалам Татарам і паходзіў ён са змешанай беларуска-татарскай сям’і. Трэба адзначыць, што ахрышчаны быў гэты Міхал Татар толькі на 15-тым годзе жыцця і прыняў каталіцкую веру. Троху пазней ён пачаў служыць у польскім войску і атрымаў тытул шляхціца. Змены ў сацыяльнай прыналежнасці і ў сям’і адбыліся ў XVIII стагоддзі. Даследчыкі творчасці і генеалагічнага дрэва роду Сянкевічаў і да сённяшняга дня не знайшлі адказу на загадку, чаму паненка з праслаўленай і вядомай сям’і (маці пісьменніка) выйшла замуж за небагатага старшага ляснічага (бацька пісьменніка). Маладая сям’я пачала жыць на Палессі (цяпер тэрыторыя Беларусі). Такім чынам, паходжанне і асяроддзе вельмі значна ўплывалі на фармаванне сямейнай атмасферы. Можна сказаць, што гэта быў уплыў генетычны на маленькага сына Генрыха (у будучым пісьменніка сусветнай славы). Будучы ўжо вядомым пісьменнікам і думаючы аб велічы сваёй Бацькаўшчыны, Сянкевіч не толькі збіраў гістарычныя матэрыялы, але і звяртаўся да дзейнасці і жыцця роду свайго бацькі, звязаных з Беларуссю.
У жыцці самога пісьменніка таксама склаліся сямейныя сувязі з гэтай краінай. Яго першая жонка Марыя з роду Шатковічаў паходзіла з Віленшчыны – мясцін даволі шчыльна населеных беларусамі. Такія падрабязнасці, важныя для даследчыкаў, не маглі быць шырокавядомымі на Беларусі, як і не маглі ўплываць на папулярнасць творчасці пісьменніка ў гэтай краіне.
Калі мы звернемся да беларускіх энцыклапедычна-бібліяграфічных крыніц, то пазіцыя «Сянкевіч» у іх прадстаўлена вельмі сціпла, хаця ўжо больш чым сто гадоў творчасць пісьменніка на Беларусі не толькі вядомая, але і вельмі папулярная. Яго творы распаўсюджаны ва ўсіх колах чытачоў, ад дзеячаў культуры да дзяцей і падлеткаў, ад рафінаваных інтэлігентаў да бабуль-пенсіянерак, але чытаюцца яны… на рускай мове. Праўда, у апошнім дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя і на пачатку ХХІ стагоддзя ў сувязі з ажыўленнем і адраджэннем польскай культуры ў нашай краіне Сянкевіч становіцца папулярным і на яго роднай, польскай мове, асабліва сярод палякаў, якія жывуць на Беларусі. Творчасць Сянкевіча ўведзена ў праграмы па літаратуры ў польскіх і беларускіх школах і ў курсе «Гісторыя польскай літаратуры ХІХ стагоддзя» для студэнтаў польскай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. У пададзеных вышэй выпадках творчасць Сянкевіча прадстаўлена на польскай мове.
У пэўным сэнсе праблема перакладаў сусветнай літаратуры на беларускую мову высвятляе два вельмі сур’ёзныя пытанні. Першае – адлюстроўвае сітуацыю з мовай карэннага насельніцтва краіны – беларусаў, згодна з апошнімі дадзенымі роднай мовай карыстаюцца 63% беларускага насельніцтва пры агульнай лічбе – 81% тых, што назвалі сябе па нацыянальнасці беларусамі ў нашай краіне. На маю думку, сітуацыя выглядае троху іначай: у гарадах беларуская мова распаўсюджана ў пераважнай большасці сярод нацыянальна-свядомай інтэлігенцыі. У краіне няма ніводнага універсітэта, у якім бы дыдактычны працэс поўнасцю ажыццяўляўся на беларускай мове. Такім чынам, галоўным носьбітам роднай мовы застаецца вёска, аднак яна ў сучасным працэсе ўрбанізацыі перажывае нелепшыя часы.
Другое пытанне з’яўляецца не менш трывожным. Знаёмства беларускага народу з шэдэўрамі сусветнай класікі адбываецца праз мову-пасрэдніцу, якою з’яўляецца мова руская. Гэты факт, без сумневу, абмяжоўвае сферу ўжывання беларускай мовы і не толькі… Трэба дадаць, што праблема асэнсавання ўласнай гісторыі, культуры, літаратуры і існавання і прэзентацыі беларускага народу ў сусветнай сацыяльна-культурнай прасторы з уласнай нацыянальнай самасвядомасцю і сістэмай духоўных каштоўнасцей з’яўляецца вельмі сур’ёзнай. У такім укладзе рэчаіснасці кім быў і кім застаецца Сянкевіч для беларусаў у беларускай дзяржаве і чым абумоўліваецца яго блізасць і роднасць беларусам: перш за ўсё высакароднасцю ідэалаў, ідэй і інтэлектуальных каштоўнасцей, якія прапаведаваў і прадстаўляў у сваёй творчасці Сянкевіч. Ён гаварыў, што піша для «ўзмацнення сэрцаў» палякаў, але зрабіў намнога больш – абудзіў у сваіх суайчыннікаў гістарычную памяць аб трагічным павароце гісторыі польскага народу – страце дзяржаўнасці і падзелах краіны. І галоўнае: захоўваючы рамантычную ўзнёсласць аповеду, ён паказаў высакароднасць натуры чалавека-паляка, які змагаўся за свабоду сваёй радзімы. Часам у творах пісьменніка была гістарычная праўда, часам – чароўная гістарычная казка, часам – поўная трагедый і няшчасцяў сучасная аўтару рэчаіснасць. Але ў кожнай версіі аповеду яму ўдавалась не толькі стварыць непаўторны свет сваіх твораў, але і ўвесці ў яго чытача, напоўніць яго душу высакароднасцю імкненняў, прымусіць яго перажываць і пакутаваць з аднолькавай сілай і напружанасцю як вялікія гістарычныя здарэнні, так і любоўныя перыпетыі і цікавыя прыгоды сваіх герояў. Відаць, таму беларускія пісьменнікі сярод улюбёных твораў называлі творы Генрыха Сянкевіча, а яго самога лічылі вялікім майстрам слова, у якога вучыліся пісаць. Сярод іх былі і класікі беларускай літаратуры такія, як Якуб Колас і Янка Купала, і сучасныя пісьменнікі і паэты, як Уладзімір Караткевіч і Міхась Машара і іншыя.
Даволі часта можна пачуць ад літаратурных крытыкаў, што творы Сянкевіча «лёгкія», пакідаюць прыемнае ўражанне, ствараюць атмасферу бестурботнасці і г.д. Але ці так гэта на самой справе? І пры жыцці пісьменніка, і на працягу амаль дзевяноста гадоў пасля яго смерці вядуцца сур’ёзныя палітычныя, ідэалагічныя і літаратуразнаўчыя дыскусіі аб уплывах яго творчасці. Безумоўна, творчасць гэта патрабуе глыбокіх ведаў у галінах гісторыі, псіхалогіі, культуры і літаратуры, умеласці аналізавання тых матэрыялаў, якія ўводзіў Сянкевіч у свет сваіх твораў. Такія дыскусіі адбываліся ў розных краінах. Але што з’яўляецца значным і знакавым у гэтых выпадках для Беларусі?
Беларусь і Польшча — гэта краіны-суседкі, яны маюць падабенства мовы, культуры і блізкасць гістарычных лёсаў. У мінулых часах абодва народы ўваходзілі ў склад адной дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага. Памятаючы аб магутнасці, велічнасці, дэмакратычнасці і гістарычнай значнасці той вялікай айчыны, Сянкевіч, відавочна, і выбраў сабе псеўданім Літвас. Польшча і Беларусь у часах жыцця і творчасці Генрыха Сянкевіча былі пад уладай адной і той жа дзяржавы – Расійскай Імперыі. Абодвум народам было забаронена карыстацца роднай мовай. Абодва народы пакутавалі ў няволі і марылі аб вызваленні. Творчасць Сянкевіча дапамагала фармаванню нацыянальнай свядомасці і заклікала да барацьбы за свабоду. Творчасць яго ахоплівае перыяд ад 70-х гадоў ХІХ да пачатку ХХ стагоддзя. Гэта быў час абуджэння нацыянальнай свядомасці беларусаў і актывізацыі барацьбы беларускай інтэлігенцыі і беларускага грамадства за права карыстацца роднай мовай, за нацыянальную асвету і адукацыю. У такіх умовах ці маглі распаўсюджвацца творы Сянкевіча ў вуснай форме? Спосабамі традыцыйнымі наўрад ці. Але на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў на Беларусі ствараліся рознага роду асветніцкія гурткі і аб’яднанні, у якіх прадстаўлялася і творчасць Сянкевіча. Пачыналі сваю дзейнасць, хоць і ў невялікай колькасці, беларускія перыядычныя выданні, у якіх друкаваліся тлумачэнні на беларускую мову твораў польскага пісьменніка.
Першы пераклад навелы Сянкевіча «Янка-музыка» на беларускую мову выканаў М.Фальскі, яна была апублікавана ў 1904 годзе ў Кракаве. Трагедыя маленькага хлопчыка – выхадца з сацыяльных нізоў – імпанавала настроям прыгнечаных беларусаў перад рэвалюцыяй 1905 года. Навела выконвала і асветніцка-выхаваўчую функцыю, падобную да пазітывісцкай дактрыны – далучэння беларускага народу да скарбаў сусветнай культуры.
У 1905 годзе газета «Вітэбскі голос» змясціла ілюстрацыі да твораў Сянкевіча. Задума была вельмі арыгінальная і паспрыяла падвойнаму ўздзеянню на чытача твораў пісьменніка. Аднак сапраўднай сенсацыяй было тлумачэнне на беларускую мову фрагментаў амаль невядомага рамана Сянкевіча «На полі славы», змешчанае ў ангажаванай расійскім урадам газеце «Северо-Западный край» пад назваю «На полі славы і хвалы». У параўнанні з рускімі перакладамі Сянкевіча пераклады на беларускую мову ажыццяўляліся з вялікім спазненнем, але ў дадзеным выпадку адбылася змена, якая здзівіла інтэлектуальную грамадскасць. У правінцыяльнай малавядомай газеце публікаваліся фрагменты яшчэ не скончанага рамана. Гэта было доказам паслаблення палітыкі дзяржавы-захопніцы ў адносінах да «малых», падуладных ёй народаў. Дзіўным быў і той факт, што раман служыў заклікам да барацьбы за свабоду, за шанаванне чалавека, для якога мэтай жыцця і галоўнай каштоўнасцю была вольнасць Айчыны. Для Беларусі, пазбаўленай не толькі ўсіх магчымых правоў, але і самой назвы дзяржавы, гэта праблема была надзвычайна актуальнай.
Да найбольш важных пытанняў у галіне пазнавання беларусамі польскай культуры можна аднесці арганізаваныя ў Мінску ў 1908 годзе першыя публічныя даклады і лекцыі аб творчасці Сянкевіча. Гэта была своеасаблівая навукова-асветніцкая канферэнцыя, матэрыялы якой былі апублікаваны ў тым жа 1908 годзе ў газеце «Окраина». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года (цяпер часцей яе называюць кастрычніцкім пераваротам) перакладаў Сянкевіча на беларускую мову амаль не было, хоць яны і рабіліся як у Савецкай Беларусі, так і за межамі краіны, асабліва на Віленшчыне і ўсходніх акраінах Польшчы, на тэрыторыях даволі шчыльна неселеных беларусамі.
У 1920-я гады ў Савецкай Беларусі творы Сянкевіча з’явіліся двойчы. Першае выданне было рэалізавана ў перыяд надзей і спадзяванняў на адраджэнне беларускай культуры. У 1921 годзе ў чытанцы пад назвай «Родны край» для вучняў пачатковых школ былі змешчаны дзве невялічкія навелы Сянкевіча «Зубры ў Белавежы» і «У афрыканскіх людаедаў», натуральна, на беларускай мове. Можна толькі пашкадаваць, што перыяд адраджэння беларускасці быў вельмі кароткім і меў вельмі трагічныя вынікі, бо скончыўся ён масавымі рэпрэсіямі дзеячаў беларускай культуры.
Некалькі перакладаў твораў Сянкевіча на беларускую мову з’явілася на «крэсавых» землях Польшчы. У 1924 годзе ў перыядычным беларускім выданні «Грамадскі голас» была апублікавана навела «Янка-музыка», а ў 1925 годзе – «Ліхтаршчык». Ідэйны змест гэтага твора быў накіраваны на тугу і настальгію за Беларуссю (зразумела, шчаслівую, бо савецкую) і менавіта тых беларусаў, якія ці засталіся за межамі Савецкай дзяржавы пасля польска-савецкай вайны 1920 года, ці знаходзіліся здаўна ў «заробкавай» эміграцыі. А тым часам, «прывід» рэвалюцыі, прычым не толькі ў 20-я гады мінулага стагоддзя, блукаў па свеце, раздзмухваючы міф аб ўсеагульным шчасці і роўнасці, замацаваных у суседняй з Польшчай краіне. Вось і спатрэбіўся «Ліхтаршчык» для агітацыі.
Беларускі даследчык творчасці Сянкевіча М.Кенька падкрэсліў, што прататыпам героя навелы Ставіньскага была рэальная асоба – беларус Сялява з Віцебшчыны, які эміграваў ў Амерыку дзеля заробку. Такім чынам, «Ліхтаршчык» меў падвойны эфект ўздзеяння на беларусаў і з пункту гледжання трагічнага лёсу Ставіньскага, і праз ўвядзенне на старонкі твору паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», паколькі менавіта яна (паэма) выклікае настальгічныя ўспаміны аб роднай старонцы. І, як справядліва лічыць Кенька, у абодвух творах выкарыстоўваліся беларускія матэрыялы.
У 1926 годзе «Беларускае выдавецкае таварыства» ў Вільні публікае на беларускай мове яшчэ адну навелу Сянкевіча «Бартак-пераможца». У ёй падкрэслівалася прымітыўнасць натуры галоўнага героя – чалавека з народных нізоў, наіўнасць якога выкарыстоўвалася як пачуццё патрыятызму. Але была ў дадзеным выпадку і другая, больш значная праблема – адурманьвання народных мас, каб у якасці «гарматнага мяса» пасылаць іх на вайну. Ніхто з даследчыкаў спецыяльна не падкрысліваў нацыянальнага паходжання героя, лічачы, што прапаганда вайны і адурманьванне «маленькага чалавека» тычылася жыцця ўсіх народаў, якіх хлуслівай патрыятычнай прапагандай штурхалі на масавую пагібель. Навела Сянкевіча набыла значэнне своеасаблівай перасцярогі.
Цікава, а дакладней гратэскна склалася сітуацыя з выданнем па-беларуску навелы Сянкевіча «Янка-музыка». Пасля даволі вялікага перапынку, у 1938 годзе быў выдадзены гэты твор. Прозвішча перакладчыка не было, але звяртала на сябе ўвагу прыпіска: пераклад з рускай мовы. Такім чынам, у 1930-я гады творы Сянкевіча на беларускую мову не перакладаліся. І толькі ў 1955 годзе ўпершыню пасля заканчэння Айчыннай (ІІ сусветнай) вайны на беларускай мове выдаецца невялічкі зборнік твораў Сянкевіча пад назвай «Апавяданні» ў перакладах Міхася Машары (1902-1976). У ім было змешчана восем твораў, з іх два («Янка-музыка» і «Ліхтаршчык») былі вядомыя раней, а з шасцю апошнімі («Эскізы вугалем», «Па хлеб», «Орса», «Сахэм», «З дзённіка пазнаньскага настаўніка», «Камедыя памылак») беларускі чытач пазнаёміўся ўпершыню. Нажаль, крытыка не ўдзяліла гэтаму выданню належнай увагі. У сувязі з выхадам зборніка ў свет прафесар Сцяпан Аляксандровіч напісаў кароценькую рэцэнзію «Сянкевіч на беларускай мове» (Аб зборніку Г.Сянкевіч «Апавяданні»).
Наступная пазіцыя аб творчасці пісьменніка з’явілася толькі праз 11 гадоў. У 1966 годзе П.Стэфановіч у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва» змясціў артыкул пад назвай «Гордасць польскай літаратуры». Аднак гэты артыкул меў не навуковы, а ганаровы характар. Трэба падкрэсліць, што на Беларусі навуковыя даследаванні пра Сянкевіча, як і пераклады яго твораў і да сённяшняга дня не адзначаюцца шматлікасцю ў адрозненне ад расійскага літаратуразнаўства, дзе аб польскім пісьменніку і навуковай літаратуры, і перакладах яго твораў пералік пайшоў ужо на сотні. І гэта пры тым, што, далікатна кажучы, Сянкевіч не дэклараваў вялікай любові да Расіі. Чаму такая «пустка» стварылася вакол Сянкевіча на Беларусі? І гэта тады, калі ў бібліятэках нашай краіны твораў Сянкевіча налічваецца велізарнымі лічбамі, толькі… на рускай мове. Як жа можна патлумачыць такую дыспрапорцыю паміж расійскімі і беларускімі выданнямі Сянкевіча? Ці гэта яшчэ адзін паварот у лёсах папулярнасці пісьменніка, ці паўтарылася ў былым СССР палітыка Расійскай імперыі, якая была асабліва чулай на ідэйныя каштоўнасці творчасці Сянкевіча. І ці былі яго беларускія тлумачэнні такімі небяспечнымі ў адносінах да былой Савецкай Беларусі? Дазволю сабе ўсумніцца. Відавочна, была іншая, больш значная прычына, якая не страціла актуальнасці да сённяшняга дня і мае гістарычныя карані.
У Расійскай імперыі, як і ў Савецкім Саюзе, існавала супярэчнасць паміж геаграфічна-тэрытарыяльным і этнічным паняццем Расіі і Беларусі. Кола ўплываў (а часам і ўціск) рускага этнасу было на многа больш пашырана, чым геаграфічнае паняцце «Расіі». Кола беларускага этнасу, наадварот, сціскалася і паглыналася «рускасцю». Працэс русіфікацыі беларускай культуры ажыццяўляўся рознымі шляхамі. Першы – тэрытарыяльна-этнічны, мэтай якога было перасяленне жыхароў Расіі на тэрыторыю Беларусі. Гэта быў працэс своеасаблівага асадніцтва, але без прымусу. Беларусь лічылася вельмі прэстыжнай рэспублікай у савецкія часы. Важную ролю адыгрывала і папулярызацыя ідэі еднасці і роднасці народаў, якія нібы не маглі жыць адзін без другога ці, інакш кажучы, маглі быць толькі жыхарамі адзінай савецкай краіны. Важным было і распаўсюджванне на Беларусі рускай мовы як мовы міжнацыянальных зносін, а таксама папулярызацыя, бясспрэчна, вялікай рускай літаратуры і культуры, на развіццё якой урад не шкадаваў сродкаў. Існавала таксама вельмі высокага класа школа перакладаў сусветнай класікі на рускую мову. У той час як на беларускую мову такога роду тлумачэнні ажыццяўляліся не вельмі часта. Класіка сусветнай літаратуры па-беларуску і да гэтай пары прадстаўлена вельмі сціпла. Пераклады замежнай літаратуры выконваліся хутчэй дзеля рэалізацыі ідэі роўных правоў народаў і культур у краіне саветаў. Хоць і на Беларусі былі і ёсць не толькі выдатныя знаўцы і перакладчыкі высокага мастацкага ўзроўню сусветнай літаратуры (Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Танк, Я.Семяжон, В.Сёмуха, Я.Парэцкі, А.Лойка і інш.).
На працы ў Расіі выкарыстоўваліся і беларускія інтэлектуалісты, спецыялісты, вучоныя, пісьменнікі. Некаторыя з іх жылі ў Маскве (А.Адамовіч, В.Быкаў), некаторыя, застаючыся ў Беларусі, пісалі на рускай мове. Такая эміграцыя не была прымусовай. Масква была вельмі прэстыжным горадам і творцы хацелі ў ім жыць і працаваць. Масква вызначала лёс развіцця ўсёй велізарнай шматнацыянальнай дзяржавы. Таму і ў час існавання Расійскай імперыі і ў бытнасць Савецкага Саюза паняцце «расійская (руская) культура» распаўсюджвалася за межы рускага этнасу і ахоплівала ўсю тэрыторыю дзяржавы, уключаўчы ў сябе і краіны неславянскія (Прыбалтыйскія і Азіяцкія рэспублікі).
Такім чынам, і творчасць Сянкевіча даходзіла на Беларусь не з Польшчы, а з Расіі, з Масквы. Папулярнасць і тут чакала пісьменніка, але… па-руску. Вядома, што Сянкевіч з прычын палітычных ніколі не выяўляў сваіх ведаў ні рускай мовы, ні рускай культуры, ні рускай гісторыі, хоць факты яго жыцця і творчасці сведчаць аб тым, што пісьменнік быў добрым іх знаўцам. Нягледзячы на негатыўныя адносіны да расійскіх уладаў, Сянкевіч менавіта ў Расіі набывае велізарную папулярнасць і пры жыцці, і пасля смерці. У якасці доказу прывяду некаторыя выказванні на гэтую тэму рускіх і польскіх крытыкаў, змешчаныя ў перыядычных выданнях на мяжы ХІХ-ХХ стагоддзяў. У рэдакцыйным артыкуле часопісу «Русская мысль» чытаем: «Генрых Сянкевіч з’яўляецца настолькі вялікім пісьменнікам, што кожны новы яго твор літаральна расхопліваецца перакладчыкамі і друкуецца ў шматлікіх перыядычных і кніжных выданнях, амаль што адначасова з паяўленнем арыгіналу».
Папулярная ў Расіі газета «Ніва» выказвала захапленне з нагоды выхаду перакладу рамана «Патоп».
«Сярод сучасных польскіх пісьменнікаў, – пісала «Ніва», – першынство, безумоўна, мае незвычайна таленавіты раманіст Генрых Сянкевіч… Уласна кажучы, «Патоп» ставіць яго побач з самымі выдатнымі пісьменнікамі Еўропы».
Аб папулярнасці Сянкевіча многа пісалі не толькі ў Расіі. Шмат выказванняў на гэтую тэму пакінулі і польскія даследчыкі. Трэба адзначыць, што апошнія аналізавалі творчасць Сянкевіча з улікам спецыфікі сацыяльна-гістарычных рэаліяў у краіне. Польскі часопіс «Край» змясціў артыкул Ф.Пана, у якім аўтар даказваў, што ў часы ўзросту напружання паміж Расіяй і Польшчай менавіта ў Расіі ствараецца своеасаблівы культ Сянкевіча. Так адбылося, што ў Расіі гэты пісьменнік высока цаніўся перш за ўсё за мастацкую дасканаласць. І калі выкарыстаць мастацкі прыём «накладання», ці аплікацыі ідэі твора (у дадзеным выпадку рамана «Патоп») на сацыяльна-гістарычную ці нацыянальную сітуацыю, якая склалася на Беларусі ў канцы ХІХ стагоддзя, то можна лёгка заўважыць яе падабенства да сітуацыі ў Польшчы. Аналізуючы творчасць Генрыха Сянкевіча, можна прыйсці да высновы, што пісьменніку ўдалося «ўзмацніць сэрцы» не толькі польскага, але і беларускага народу. І гэта тлумачыць прычыны папулярнасці Сянкевіча і папулярызацыі яго творчасці на Беларусі і, галоўнае, дазваляе інтэрпрэтаваць яе ў рэчышчы патрыятычна-вызваленчых ідэй. А такога не мог дазволіць урад краіны-захопніцы – Расійскай імперыі, а пазней краіны сацыялістычнай дыктатуры. Відаць, таму расійская крытыка адзначыла высокую мастацкасць рамана «Патоп», аднак раманы «Агнём і мячом» і «Пан Валадыёўскі» разглядала як творы ідэйна-супярэчлівыя і гістарычна недакладныя.
Рэцэпцыя, ці «ўваходжанне» творчасці пісьменніка аднаго народу ў эстэтычную свядомасць і культуру другога народу – працэс вельмі складаны. Ён патрабуе і ад самога пісьменніка, і ад яго інтэрпрэтатара, ці перакладчыка яго творчасці, не толькі дакладнасці трактовак, але і пэўнай далікатнасці, каб не абразіць пачуццяў і годнасці народа, які ўспрымае пераклад. Трэба сказаць, што перакладчык павінен валодаць не толькі тэхнікай перакладчыцкай працы, але і быць таленавітым мастаком на ўзроўні таленту аўтара. Бо толькі тады творчасць пісьменніка становіцца фактам культуры таго народу, на мову якога перакладаецца яго твор. Феномен папулярнасці Сянкевіча на Беларусі пацвярджае гэту ісціну, хоць і ў рускай версіі яе хаджэння тут. Рускія даследчыкі яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя звярнулі ўвагу на папулярнасць Сянкевіча. «Сянкевіча, – пісаў В.Гольцаў у 1893 годзе, – павінна лічыць сваім кожнае грамадства, для якога з’яўляецца важным распаўсюджанне справы асветы і справядлівасці». Асаблівую значнасць гэта справа набыла для беларусаў. Аднак, калі рускай інтэлігенцыі імпанавалі пазітывістычныя ідэі навелістыкі Сянкевіча, то праблемы яго «Трылогіі», аб якіх напісала газета «Валынь», маглі выдацца вельмі небяспечнымі расійскаму ўраду. Іх расшыфраваў крытык пад абрэвіятурай Е-н С, у артыкуле «Генрых Сянкевіч». Ён адзначыў: «Ідэя гэта наступная. Калі ў паказаных аўтарам такіх цяжкіх умовах Польшча здолела ўсё ж такі ўратавацца, то якімі жудаснымі ні былі б умовы сучасныя, яна выйдзе з іх пераможцай».
Відавочна, значнасць «Трылогіі» разумеў не толькі аўтар артыкула аб Сянкевічы… А на Беларусі з перакладамі Сянкевіча зноў затрымка і расцягнулася яна амаль на 42 гады. У час гэтага перапынку адбыліся вялікія здарэнні і на Беларусі, і ў свеце: распаўся Савецкі Саюз, быў разбураны Берлінскі мур, аб’ядналася Нямеччына, распаўся сацыялістычны лагер і Беларусь атрымала так доўга чаканую незалежнасць. І ў 1997 годзе на беларускай мове ўпершыню быў выдадзены пераклад эпічнага рамана Сянкевіча «Крыжакі», выкананы Міхасём Кенькам. Ва ўступным артыкуле і ў тлумачэннях перакладчыка, аўтарам якіх быў таксама Кенька, падкрэсліваецца думка аб блізкасці Сянкевіча да Беларусі. Як лічыць перакладчык, Сянкевіч звяртаўся да яе паказу даволі часта і ў многіх творах: беларускія краявіды адлюстраваны ў раманах «Патоп», «Крыжакі», эсэ «Белавежская пушча». Постаці беларусаў выступаюць у якасці герояў у раманах «Крыжакі», «Quo vadis» і навеле «Ліхтаршчык». Сюжэт навелы Сянкевічу падказаў яго амерыканскі сябра беларус Юліян Гарайн. Асаблівую ўвагу Кенька звяртае на апісанне гераічных удзельнікаў бітвы пад Грунвальдам ліцвінаў і жмудзянаў – продкаў беларусаў. Праўда, перакладчык выказвае Сянкевічу папрок за тое, што пісьменнік паказаў іх дзікімі, апранутымі ў звярыныя скуры, што, на думку Кенькі, не адпавядала гістарычнай праўдзе. І ўсё ж, галоўнае заключаецца ў тым, што Сянкевіч паказаў імкненне герояў бітвы да свабоды. Для паляка, як і для ліцвіна і жмудзіна нават на досвітку цывілізацыі самым трагічным было страціць свабоду сваёй Айчыны. Ужо тады паляк адчуваў небяспеку, якая ішла ад крыжакаў, і быў гатовы аддаць жыццё за Радзіму. Ці не было гэта актуальным для беларуса і ці не пагражала падобная небяспека і Беларусі як у канцы ХІХ, так і ў канцы ХХ стагоддзя. Ці не таму ў перакладзеным рамане бітва за свабоду набывае асабліва значнае вымярэнне і разглядаецца ў арганічнай сувязі з ідэямі і каштоўнасцямі хрысціянства. Логіка зацікаўленасці на Беларусі творчасцю Сянкевіча падказала наступны твор для перакладу на беларускую мову. Ім стаў раман «Quo vadis».
Пераклад рамана быў зроблены ў 1956 годзе святаром Пятром Татарыновічам. Як піша аўтар уступнага артыкула В.Мартыненка аб Татарыновічы, менавіта ён, «сын Палескіх пушчаў хацеў дасягнуць замірэння сваіх думак аб радзіме з адчуваннямі жыцця эмігранта, «свайго сярод чужых».
Пётр Татарыновіч (1896-1978) нарадзіўся ў вёсцы Гайнін на Случчыне. У 1919 годзе быў узведзены ў сан каталіцкага святара. Большую частку жыцця правёў у эміграцыі ў Італіі, ЗША, Канадзе. Апрача перакладчыцкай дзейнасці, у якой былі такія значныя дасягненні, як пераклад «Бібліі» на беларускую мову, Татарыновіч пісаў артыкулы на гістарычныя тэмы і супрацоўнічаў з беларускім навуковым часопісам «Litva», што выдаваўся ў Чыкага.
Першае выданне «Quo vadis» па-беларуску было апублікавана ў Рыме (выдавецтва «Źnič») у 1956 годзе, прычым не кірылічным, а лацінскім шрыфтам. Дарэчы, Татарыновіч у пераважнай большасці пісаў лацініцаю, захоўваючы гістарычныя моўныя традыцыі. Таму вялікую працу па выданні рамана на Беларусі выканаў і аўтар каментарыяў і ўступнага артыкула Мартыненка. Па-першае, ён зрабіў транслітарацыю перакладу з лацініцы на кірыліцу і пры гэтым праявіў не толькі шанаванне ў адносінах да аўтара, але імкнуўся захаваць нормы і тарашкевічавай граматыкі, і сучаснай беларускай мовы. Сам Мартыненка адзначыў, што «транслітарацыя рабілася без інтэрвенцыі ў стылістычную стыхію перакладчыка». Але ўсё ж такі мова Татарыновіча адрозніваецца і ад жывой, і ад сучаснай літаратурнай беларускай мовы, і гэта патрабавала сур’ёзнага каментарыя, якім суправаджаецца твор і паясняюцца моўныя, гістарычныя і літаратуразнаўчыя яго асаблівасці.
Такім чынам, выкананне і ўвядзенне ў беларускую інтэлектуальную прастору рамана Сянкевіча «Quo vadis» (дарэчы, недаўна перакладзенага і на рускую мову) абумоўлена актуальнасцю твора ў сучаснай сацыяльна-гістарычнай сітуацыі ў свеце. Сянкевіч глядзеў на сваю зняволеную Айчыну праз прызму агульначалавечых каштоўнасцей і хрысціянскіх ідэй. У рамане цікава і калярова паказаны свет антычнай язычніцкай культуры, але ў часы Нерона, дэфармаванай дыктатурай. Сянкевіч адзін з першых паказаў небяспечнасць дыктатуры, якая імкнулася да знішчэння хрысціянства. Гэта праблема, вызначаная Сянкевічам, набыла незвычайную актуальнасць на мяжы ХХ-ХХІ стагоддзяў. Пісьменнік для яе вырашэння выкарыстаў новы для свайго часу мастацкі прыём – гістарычны касцюм. Што ж датычыцца дыктатуры, то яе дзейнасць і вынікі добра вядомыя кожнаму жыхару нашай Планеты, які перажыў дзве сусветныя вайны, Хірасіму, Чарнобыльскую аварыю і шмат іншых трагедый. Можна толькі зычыць, каб дыктатура адышла нарэшце да гісторыі і споўнілася мара вялікага пісьменніка і гуманіста, якога так любяць чытачы і даследчыкі абодвух народаў.
Святлана Мусіенка, maladost.lim.by