Георгій Ліхтаровіч: “Пасля такіх сустрэч людзі перастаюць баяцца”

Сяргей Законнікаў і Георгій Ліхтаровіч правялі дзве творчыя сустрэчы ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці 5 красавіка.

d0bcd0b0d182d0b0d180d0bed0b2d0b0-05-04-2010-2

Першая сустрэча распачалася ў Матароўскай сярэдняй школе. Улічваючы, што гэта вясковая школа, дзяцей назбіралася 35 чалавек, і гэта з усіх класаў, з першага па дзевяты.

Сяргей Законнікаў: “Жах творыцца ў нашых вёсках. Зусім паспівалася. Дзеці выносяць са школьнай сталовай хлеб, каб прынесці бацькам, таксама галодным, бо тыя ўсё папрапівалі. Співаюцца дарослыя, а гэта ўсё сказваецца на дзецях, на іх здароўі”.

Пісьменнікі разыгралі паміж дзецьмі віктарыну. Нягледзячы на некаторую замаруджанасць, як выказаўся Сяргей Законнікаў, дзеці прыстойна адказвалі на пытанні.

Сяргей Законнікаў: Адзін хлапец выйграў плытку ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, гадоў 14 яму з выгляду. Добры хлопец апынуўся, сказаў, што збярэ сяброў з вёскі, усім паставіць гэты дыск, бо ў яго ёсць кампутар. Вось што добрага магу сказаць, то ў школе вельмі добрая настаўніца беларускай мовы. Падкрэсліваю, вельмі добрая”.

Наступная сустрэча прайшла ў аграрна-тэхнічным каледжы п.Мар’іна. Каледж гэты быў пабудаваны ў 1876 годзе на замову імператара Аляксандра ІІ. Раней ён называўся сельскагаспадарчай школай, дзе навучалася каля 50 чалавек. Цяпер тут навучаецца каля 1300 чалавек і гэта толькі на дзённым аддзяленні.

Сустрэча адбылася ў актавай залі, куды прыйшло каля 250 студэнтаў: будучыя механікі, электрыкі і аграномы. Студэнты ўдзячна ўспрымалі выступ творцаў.

Творчы тандэм зрабіў цікавую віктарыну-гульню для аўдыторыі з заклікам: “Хто гатовы пастаяць за свой каледж у валоданні ведамі ў сферы літаратуры, мастацтва, культуры, гісторыі?” “Пастаяць за свой каледж выйшлі самыя актыўныя, але чамусьці толькі хлопцы”, – здзіўляецца Сяргей Законнікаў.

Сяргей Законнікаў: “Надзіва добра адказвалі хлапцы. Усё ўзгадаваю гісторыю з майго жыцця, калі на пытанне да дзяцей пра сталіцу нашай незалежнай Беларусі адзін 4-класнік упэўненым голасам адказаў: горад Масква. Тут, дзякуй Богу, такога не было. Тут і намеснік дырэктара вельмі добра валодае беларускай мовай. Наогул, вельмі добры, прыстойны каледж”.

Георгій Ліхтаровіч: “Такія сустрэчы павінныя быць традыцыйнымі. Няхай спачатку людзі прыглядаюцца, паводзяць сабе крыху насцярожна, але потым, калі бачыш агеньчык у вачах, атрымліваецца нармальны кантакт. Людзі цягнуцца, людзі перастаюць баяцца”.

Творчыя сустрэчы прайшлі ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”

Тэгі: