– Памятаю, маці ды бабуля спрачаліся ў 95-м годзе, у якую навучальную ўстанову мяне аддаць – рускамоўную ці беларускамоўную. Выбралі на карысць першай, але, як і ўсё, я рос звычайным беларускім хлопчыкам, які вывучаў беларускую мову і літаратуру ў базавай школьнай праграме. Беларусам, якім гонар звацца, усвядоміў сябе ў 15-16 гадоў, калі пачаў займацца грамадскай дзейнасцю і пазнаёміўся з Алёнай Валынец, якая зрабіла на мяне вялікі ўплыў. Менавіта тады я з захапленнем чытаў “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча, вершы Купалы і Багдановіча, прозу Быкава. Уразіла мяне ягоная “Аблава”. Я зразумеў, якіх цяжкасцяў каштавала нашым продкам захоўваць дух свабоды і беларушчыны, і гэта выклікала ў мяне павагу.
Але нашая родная мова і культура – гэта не толькі гісторыя змагання за існаванне. Гэта таксама багацце традыцый, якія нам варта захоўваць. Цяпер я навучаюся ў Маскве, але знаходжанне па-за межамі Бацькаўшчыны не мусіць быць прычынай адмовы ад сваіх каранёў. З яшчэ большым імпэтам нам варта надаваць увагу беларускім дзеячам, постацям і падзеям. Дзякуй Яну Маркаву з Рэчыцы, які ўзначальваў Беларускае зямляцтва Масквы, за тое, што моладзь з розных рэгіёнаў Беларусі мела магчымасць адчуць сябе бліжэй да Радзімы. Для мяне шчасце нарадзіцца беларусам, і я ніколі не шкадую аб тым, колькі яшчэ мы павінныя зрабіць, каб заззяла на поўную моц беларуская зорка на сусветным небасхіле. Сакрат сказаў, што Айчына павінная быць для нас даражэй за маці і бацьку, і якія б жорсткасці, якія б несправядлівасці яна ні здзяйсняла ў дачыненні да нас, мы павінныя вытрымаць іх і не шукаць спосабаў ухіліцца. Няхай мы будзем любіць сваіх родных людзей і рабіць для іх усё магчымае, не забываючы пра лёс сваёй краіны, сваёй нацыі, мовы і культуры.
Георгій Плашчынскі, заснавальнік Беларускага зямляцтва МГИМО, кіраўнік Рады зямляцтваў МГИМО.