На youtube-канале «Карані і вытокі» выйшаў ролік, прысвечаны беларускім прымаўкам.
У відэароліках з серыі «Ладны пераклад» мяняюць рускія ўстойлівыя выразы на адпаведныя беларускія прымаўкі і прыказкі.
Сёння «Ладны пераклад» прапануе запомніць беларускія фразеалагізмы — аналагі двух вядомых рускамоўных прымавак: «Пьяному море по колено» і «На бога надейся, а сам не плошай».
Часам, калі нешта не ладзіцца, хочацца плюнуць на ўсё смачна ды напіцца з сябрамі!.. Ну бывала ж? Праўда? А пасля чаркі і «мора па калена»!
Але беларускія адпаведнікі — яшчэ званчэй і вобразней: — П’янаму і козы ў золаце. — П’яніцу і ў лужыне рай! — Нап’ецца, дык з царамі б’ецца, а як праспіцца, дык і курыцы баіцца.
Ну і яшчэ ў тэму: — Для п’янай галавы ўсюды роўна, а для ног — адны ямы.
Але ж адзін раз напіцца — не бяды. Галоўнае, каб не стала сістэмай. Бо выбрацца з прорвы намнога складаней. Моц духоўная патрэбна. І дапамога чыясьці не пашкодзіць. Найвышэйшага таксама. Аднак толькі на кагосьці спадзявацца — не варта.
Як народ кажа: — Божа памажы, але і сам не ляжы. — На Бога спадзявайся, але і сам старайся. — Працуй, нябожа, то і Бог паможа. — А вось крыху з іншым ухілам: — Чакай збавення з неба, а тым часам хлеба трэба.