Павел Баркоўскі: Культура — гэта не пра падвал ці перыферыю, сёння — гэта адзін з ключавых кірункаў палітычнай барацьбы

Выканаўца абавязкаў прадстаўніка ў справе нацыянальнага адраджэння Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Баркоўскі ў інтэрв’ю Budzma.org кажа, што стратэгія нацыянальнага адраджэння, прынятая яшчэ восенню 2023 года, застаецца не толькі актуальнай — канкрэтныя наборы дзеянняў альбо дарожныя мапы ўжо могуць пакрысе рэалізоўвацца, «галоўнае, ёсць агульнае разуменне, куды рухацца».

Paviel Barkoŭski

Распачалі размову з Паўлам Баркоўскім, філосафам і выконваючым абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета, з нядаўняй сумнай навіны наконт беларускага кнігавыдання. У мінулым годзе ў Беларусі выйшла менш за 900 найменняў кніг па-беларуску агульным накладам каля 3 млн. асобнікаў — у 9 разоў меней па колькасці і ў 4 разы меней па накладзе, чым кніг па-расійску, гэта адна кніга на трох беларусаў.

«Калі нам важна заставацца беларусамі і захоўваць сваю адметнасць, варта падтрымліваць беларускую кнігу асабістым прыкладам: купляць і чытаць новыя кнігі дзецям, выбіраць хаця б некалькі выданняў на год для сябе. Падтрымка чытачоў дазволіць беларускім выдаўцам больш паверыць ва ўласныя сілы. Давайце паспрабуем пачаць новы навучальны год па-беларуску!» — заклікаў на мінулым тыдні Павел Баркоўскі.

— Што да «пачаць новы навучальны год па-беларуску», то гэта, хутчэй, быў такі сімвалічны заклік. Вядома ж, што людзі звычайна пачынаюць нешта новае з панядзелка. Калі гаворка ідзе пра значнае нешта, кшталту «пачынаю новае жыццё», то альбо з новага году, альбо з новага навучальнага году, прычым у самых розных узростах. Таму, калі мы кажам пра выкарыстанне беларускай мовы менавіта маладымі беларусамі, то рэференцыя ў закліку была адмыслова да школьнага года. Але гаворка вядзецца не пра канкрэтную акцыю ў межах дыяспары, ці ў межах нейкіх транспамежных праектаў, гэта пра тое, што кожны з нас можа стаць часткай вось гэтага ланцугу, часткай супольнай акцыі, нават можа не бачачы вачэй адзін аднаго. Кожны беларус, калі ён ці яна хацеў бы далучыцца да ратавання сваёй мовы, да спрыяння развіццю ўласнай культуры, насамрэч можа рабіць гэта не такімі ўжо і вялікімі высілкамі.

Як мы ўжо падлічылі, для гэтага дастаткова, каб кожны беларус проста за гэты год купіў хаця б некалькі кніжак на беларускай мове і паспрабаваў разам з дзецьмі іх пачытаць, скажам, нанач, альбо проста ў сямейны нейкі час, альбо знайшоў для сябе, дарослага, якую беларускую кнігу і час на яе чытанне. Я ведаю, што многія людзі адвыкаюць чытаць кнігі, лічаць, што гэта штосьці такое ледзь не прымусовае з часоў школы, але насамрэч кнігі, чытанне кніг — вялізная частка чалавечай культуры.

І таму калі б кожны беларус мог далучыцца да гэтай сімвалічнай акцыі, проста ўзяць на сябе такі план — купіць некалькі кніг, хаця б з некалькімі з іх пазнаёміцца, альбо асабіста, альбо з дзецьмі, то гэта б нашмат больш зрушыла гэтую сумную статыстыку і магло б стаць ключавым крокам, каб паказаць, што беларусам неабыякава што да сваёй нацыянальнай прыналежнасці, да сваёй культуры, да сваёй мовы.

— Вы сталі адказваць у Аб’яднаным пераходным кабінеце за праграму нацадраджэння з мінулай восені. Што можна сказаць пра яе выкананне, увогуле пра стратэгію — яна ж была прынятая яшчэ ў 2023-м на бліжэйшае дзесяцігоддзе плюс. Але ж інфармацыі няшмат, сайт revivalbelarus.org увогуле пад рэканструкцыяй.

— Насамрэч, шмат што зроблена, шмат што дасягнута, нягледзячы на невялікія магчымасці, якія мы маем — без доступу да нейкіх дзяржаўных бюджэтаў, без магчымасці ладзіць гэта праз каардынацыю шматлікіх служб і арганізацый.

Мы, дарэчы, рыхтуем серыю публікацый з нагоды пяцігоддзя беларускай рэвалюцыі. Гэта будзе аналіз змен і ў сферы культуры, і ў сферы адукацыі, і ў сферы гістарычнай памяці. Гэта ўсё такія падсумаванні — што змянілася ў лепшы ці горшы бок за гэты час. Хацеў бы таксама звярнуць увагу на тое, што гэтыя публікацыі будуць выходзіць у нашых сацыяльных сетках — Facebook, Instagram.

Што датычыць стратэгіі і канцэпцыі нацыянальнага адраджэння, то гэты дакумент працягвае заставацца актуальным. Мы калісьці правялі добрую працу разам з прадстаўнікамі поля, з дзеячамі культуры, адукацыі, экспертамі, прадстаўнікамі медыя — і разам паспрабавалі сфармуляваць гэту стратэгію як падставовы дакумент, які б задаваў асноўны трэнд — што мы хочам рабіць у плане развіцця беларускай ідэнтычнасці, беларускай культуры, беларускай мовы, якія сёння, як мы ведаем, знаходзяцца ў вельмі цяжкой сітуацыі. З улікам тых працэсаў русіфікацыі, тых працэсаў фактычных рэпрэсій супраць нацыянальнай культуры, дзеячаў нацыянальнага адраджэння, безумоўна, гэта стратэгія застаецца актуальнай.

Акрамя таго, што ў нас ёсць агульная стратэгія, агульнае разуменне, куды рухацца, ёсць і зусім канкрэтныя наборы дзеянняў — дарожныя мапы, дзе мы спрабуем, рухаючыся ў розныя бакі, усё ж такі ўзмацняць пэўныя важныя працэсы, які могуць спрыяць гэтаму нацыянальнаму адраджэнню.

— Дарожныя мапы па сферах культурніцкіх?

— Калі мы кажам пра стратэгію нацыянальнага адраджэння — гэта не толькі пра сферу культуры. Гэта вельмі вузкае разуменне, што адраджаць ці займацца нацыянальным можна толькі ў сферы культурнай. Насамрэч, гэта нашмат больш шырокі абсяг.

Мы кажам пра неабходнасць правядзення працэсаў нацыянальнага адраджэння і ў галіне адукацыі, і ў культуры, і ў палітычнай сферы, і ў эканоміцы, і ў сацыяльнай палітыцы, і нават у прававой і вайсковай сістэмах. Гэта ўсё павінна адбывацца комплексна, каб мы не атрымалі толькі такое, што ўмоўна культура ў нас пачынае развівацца нацыянальна — па-беларуску і на фундаменце ўласных традыцый, а войска беларускае, прыкладам, застаецца на невядомай ідэнтычнаснай аснове — штосьці такое постсавецкае, неататалітарнае, якое дакладна і не ведае нават, каму яно служыць — дзяржаве, народу, прэзідэнту?

Дзейнасць па гэтых трэках вядзецца ўвесь час. Дарэчы, прапаную Budzma сціслы агляд працэсаў і задач, якія стаяць перад намі. Пакуль сайт revivalbelarus.org пад рэканструкцыяй, то, можна сказаць, дзялюся эксклюзіўнай інфармацыяй, якая пазней будзе прадстаўлена і на нашым сайце.

Канцэпцыя

Гэта тое, што мы сапраўды можам пачынаць рабіць сёння, не чакаючы нават перамогі, змены ўлады ў Беларусі і г.д. Гэта тое, што рэальна рабіць сёння і тое, да чаго могуць далучацца ўсе беларусы. І арганізацыі, якія думаюць у гэтым кірунку, і грамадскія актывісты.

Мы ўвесь час падкрэсліваем, што не з’яўляемся нейкай адзінай арганізацыяй, якая вось гэтым будзе займацца, і што ўсё беларускае адраджэнне стане вынікам нашай працы. Не, мы разглядаемся як пэўны цэнтр крышталізацыі, як пэўныя фасілітатары гэтых працэсаў.

Для таго, каб гэтыя працэсы пераўтварыліся ў рэальнасць, патрэбны высілкі большасці беларусаў ці, прынамсі, значнай часткі актыўных людзей.

— А ў самім Кабінеце ёсць агульнае разуменне важнасці нацыянальнага адраджэння? Вы ж ведаеце, такія пытанні — моўныя, культурніцкія — амаль заўжды разглядаюцца палітыкумам як не самыя важныя, больш другасныя — культура гэта нешта там на перыферыі.

— Добрае пытанне, бо якраз лічу дасягненнем, якое ўдалося зрабіць у межах дэмакратычных сіл, сярод дэмакратычных палітыкаў — гэта менавіта перакананне большасці дзеячаў, большасці актараў, што культура — гэта не пра падвал ці перыферыю, не пра нешта такое, што можна згадваць напрыканцы сур’ёзнай размовы, нешта малазначнае. Наадварот,

сёння змаганне за ідэнтычнасць, за тое, каб заставацца беларусамі, а не пераўтварацца ў малы народ Расіі — адзін з ключавых кірункаў барацьбы, палітычнай барацьбы. Пра гэта даводзім і заходнім партнёрам, стараемся даводзіць гэта і самім беларусам.

Сёння гэта вельмі істотнае пытанне. Пытанне таго, якую культуру спажываць, якой мовай карыстацца, якія прыклады браць у якасці асновы для сваіх, скажам так, думак, разважанняў і асацыяцый. І ў гэтым сэнсе беларуская культура сёння ўсімі прадстаўнікамі дэмакратычнага руху разглядаецца менавіта як вельмі важны вектар дзейнасці.

Пытанне культурнай дыпламатыі, прасоўвання беларускага, прасоўвання на міжнароднай арэне, разуменне таго, што нам трэба больш укладацца ў прадукаванне сучасных, арыентаваных на моладзь прадуктаў беларускай культуры — гэта адзін з такіх відавочных трэндаў, які мы назіраем у апошнія гады. І ёсць разуменне, агульны кансэнсус таго, што гэта важна і патрэбна.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org