Пра новыя выклікі ў справе падтрымкі творцаў, новыя праекты і новую эдыцыю праграмы ArtPower Belarus у вялікім інтэрв’ю Budzma.org распавядае арт-менеджар, кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.
Сяргей Будкін
— Пачнем з сумнага? Ці закранулі БРК ініцыятывы новай амерыканскай адміністрацыі па скарачэнні фінансавай падтрымкі разнастайных праграм ды праектаў па ўсім свеце?
— Безумоўна, гэта закранула і нас таксама, асабліва ў частцы працы ўнутры краіны, на жаль. Бо менавіта амерыканскія донары заўжды падтрымлівалі актыўнасць якраз у Беларусі — гэта было ледзьве не правілам у нейкай супрацы з імі, іх найперш цікавіла жыццё і праца ў Беларусі. Вельмі шкада, што пэўныя праекты давялося прыпыніць, скараціць, закрыць. Па еўрапейскіх праграмах даволі складана працаваць з праектамі ўнутры Беларусі, бо правілы мірнага часу зараз даволі складана выконваць у краіне. Але мы спрабуем памяняць гэта таксама, каб спрасціць тую ж справаздачнасць для творцаў.
З другога боку, гэта «амерыканская сітуацыя» актывізавала працу па пошуку альтэрнатыўных крыніц фінансавання, культурнай сферы ў тым ліку. Паскорыла нашу працу над праектам «Клуб беларускіх мецэнатаў». І, спадзяюся, што «Беларускія магістраты», якія робяцца з нашай падтрымкай Цімохам Акудовічам, таксама набудуць нейкія новыя формы. Трэба выходзіць і на падтрымку прыватнымі донарамі, хаця і не дужа спрыяльныя для гэтага ўмовы, бо няма падатковых ільготаў для тых, хто працуе з Беларуссю, але тым не менш па правілах іншых краін прынамсі можна спрабаваць падтрымліваць арганізацыі, якія працуюць у Амерыцы і ЕС.
Ну і трэба памятаць галоўнае — усё найперш залежыць ад нас саміх. Калі беларусам патрэбная свая культура, значыць, краіна будзе жыць.
— «Клуб беларускіх мецэнатаў» — што гэта будзе?
— Пакуль зарана гаварыць дэталёва. Але ёсць спроба аднавіць інстытут беларускага мецэнацтва, які паўстаў за часамі Еўфрасінні Полацкай, цягам стагоддзяў маем прыклады для натхнення: Радзівілы, Вайніловіч, Бераговіч з Бабарыкам.
Магчыма, атрымаецца стварыць нейкую протаінстытуцыю, якая б аб’ядноўвала людзей, якія гатовыя фінансаваць структурна беларускія культуру, навуку і адукацыю. То-бок фактычна інвеставаць у будучыню Беларусі.
На сёння магу сказаць, што ідэі ўжо больш за паўгады, і сапраўды яна шмат каму адгукнулася. Але адна справа пагаварыць пра гэта, другая — запусціць гэта як механізм. Над гэтым якраз і працуем.
Думаю, што будзем гатовы расказаць больш падрабязна пра ўсё гэта даволі хутка. Пакуль мы напрацоўваем гісторыі поспеху, канкрэтныя справы па паступленні сродкаў, падпісанні, па пераліку, па абіранні. Хочацца ўсе гэтыя шляхі прапрацаваць, каб ужо хаця б можна было сказаць: вось — Клуб мецэнатаў, вось ён зрабіў тое і тое. У яго ўжо можна ўвайсці, трэба толькі звязацца праз форму на сайце.
І магу сказаць, што рыхтуем такі, хутчэй, непублічны івэнт — сход беларускіх мецэнатаў. Ёсць разуменне, што трэба гэта зрабіць афлайн, хутчэй за ўсё, ён пройдзе ў Гданьску ўлетку.
Думаем сабраць цікаўных да гэтай тэмы людзей і абмеркаваць розныя ўзроўні фінансавання беларускай культурнай прасторы. То-бок далягляд шырокі — ад краўдфандынгу да стварэння калі-небудзь у будучыні эндаўменту, то-бок таго, што калісьці можа гарантаваць нейкую ўстойлівасць.
Сяргей Будкін. Фота: БРК
— Зусім нядаўна ў Варшаве прайшла першая сесія Беларускай музейнай лабараторыі з удзелам музейшчыкаў у выгнанні і не толькі. Сярод удзельнікаў — і кіраўнік БРК. Што гэта за справа?
— У гэтай сферы публічна абазначаны працэс імкнення стварэння нейкага цэнтру сілы, прыцягнення экспертаў, знаўцаў, аматараў музейнай справы. І вельмі класна быць сведкам падзей у розных сферах — тры гады даволі актыўна гэта ідзе і ў музыцы, і ў кіно, і ў тэатры, і ў гісторыі, і ў мове з літаратурай.
Ствараюцца протаінстытуты, ініцыятывы, якія ў перспектыве, калі гэта будзе расці так, як належыць, могуць стаць рэальнымі структурамі ў незалежнай Беларусі. І гэта ж размова пра тую самую інфраструктуру беларускай культуры, пабудовай якой Беларуская Рада культуры якраз і заклапочана. Каб не залежала ўсё ад нейкага аднаго гульца — умоўнага Мінкульту, каб на гэтым полі былі ў кожнай сферы свае цэнтры сілы, адвакатавання, экспертызы і ў тым ліку і цэнтры размеркавання сродкаў, прыцягнення іх з розных крыніц.
То-бок гэта такая гісторыя доўгаграючая, на жаль, у Беларусі яна развівалася паволі. А на эміграцыі якраз актывізавалася, бо людзі шукаюць адно аднаго, хочуць працягваць працаваць у сваёй сферы — і для гэтага трэба шукаць адказы на складаныя пытанні. Напрыклад, як працаваць над захаваннем спадчыны ўнутры ў Беларусі, калі большасць спецыялістаў за мяжой. Як працаваць над прамоцыяй нашых нейкіх вынікаў і дасягненняў — уключаць іх у еўрапейскі, сусветны кантэкст. Ведаю, што зараз ідзе праца над стварэннем інстытуцыі па прамоцыі беларускай музыкі, мы ў коле беларускіх арганізацый абмяркоўваем стварэнне Інстытута прамоцыі Беларусі.
Беларускі інстытут кнігі апякуецца тым, каб беларуская літаратура была на стэндах усіх вядомых кніжных выставак ды кірмашоў, Беларуская сетка фільмейкераў і Кінаакадэмія прасоўваюць новае беларускае кіно, пачаў працу Беларускі інстытут тэатра і розныя прадусарскія тэатральныя ініцыятывы, паўстаў Інстытут беларускай мовы і г. д. І выдатна, што ў музейнай сферы таксама такі рух пайшоў.
Людзі хочуць ствараць штосьці разам, наладжваць сувязі, выпрацоўваць сэнсы, думаць над захаваннем спадчыны, вяртаннем спадчыны ў гэтых умовах. Вельмі цікавая размова. Фактычна, перад людзьмі з гэтай сферы зараз чысты аркуш, які яны вольныя зараз запаўняць так, як вырашыць супольнасць.
Зараз гэтая супольнасць можа вырашыць: ці гэта будзе нейкі закрыты клуб экспертаў, ці, наадварот, структура, якая вітае ўсіх, хто зацікаўлены працаваць з папулярызацыяй Беларусі праз музейную справу. Ці гэта наогул можа быць часткай вялікай міжнароднай кампаніі па стварэнні нейкага мабільнага музея ці міжнароднай кампаніі па вяртанні нашых скрадзеных, страчаных твораў. Таму вельмі сімпатычна, што сабралася ажно 28 чалавек — гэта і прадстаўнікі існуючых музеяў, як, прыкладам, музей Скарыны ў Лондане, так і новых ініцыятыў — як Maldzis, які якраз спецыялізуецца на пошуку і вяртанні беларускіх артэфактаў. Справа далей — як пойдзе гэты праект, як ён будзе наладжаны па-менеджарску. Хацелася б, каб з гэтай размовы вырасла рэальная і практычна важная для Беларусі справа. Пакуль аванс выглядае няблага.
— Завяршылася першая эдыцыя праграмы спрыяння беларускай культуры «ArtPower Belarus: захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва», якая працягвалася пры падтрымцы ЕС з канца 2022 года па люты 2025-га. Як вынікі і што з працягам?
— Вынікі вось толькі-толькі асэнсоўваем. Праз гэту праграму наша культура стала багацейшая на 83 творчыя праекты, а 231 асоба атрымала магчымасць павандраваць па Еўропе, каб прэзентаваць сваю творчасць, папрацаваць у архівах ці падвысіць свае кампетэнцыі. Пры гэтым не пра ўсе падтрыманыя праекты, зразумела, мы можам казаць публічна. Самай яскраваю, але і працаёмкаю часткай ArtPower Belarus стаўся конкурс праектных заявак на атрыманне грантаў для рэалізацыі творчых праектаў і мабільнасцяў.
За 7 этапаў атрымалі 707 заявак на агульную суму амаль 13 мільёнаў еўра. І запыт на падтрыманне праектаў перавысіў фінансавыя магчымасці ўсёй праграмы больш як у 6 разоў.
Першая эдыцыя дазволіла давесці важнасць гэтай праграмы для Беларусі ў цэлым і працягнуць яе надалей для беларускай культуры. На жаль, самі творцы не заўжды разумеюць, што праграма павінна быць бачнай, што пра яе вынікі трэба расказваць. Таму сітуацыя склалася такая, што тыя, каго падтрымалі, у асноўным маўчаць, а тыя, чые заяўкі не падтрымалі, у асноўным крычаць. У выніку фармуецца такі, даволі непрыемны фон.
Лічу, што крытыка важная, але калі яна змяшчаецца ў скрыўленае вымярэнне, то можа негатыўна паўплываць на тых, хто крытыкуе найперш і ў цэлым на ўвесь сектар, яго фінансаванне можа папросту скараціцца. Па выніку беларуская культура можа атрымаць значна менш увагі, калі выварочваць толькі на негатыў. Стараемся бачыць і пазітыўныя тэндэнцыі, і негатыўныя. Безумоўна, настрой шмат у каго з творцаў не вельмі добры са звычайных побытавых прычын. На жаль, мы не можам на гэта ўплываць, мы можам толькі ствараць нейкія магчымасці, якімі можна карыстацца, аплата кватэр, страховак, нейкіх пазыкаў — на жаль, ужо па-за межамі нашай кампетэнцыі.
Таму і тут паказальны быў апошні этап, незаўважны абсалютна для астатніх, але вельмі цяжкі для менеджменту праекта, этап закрыцця справаздачнасці. Было некалькі непрыемных сітуацый, калі творцы не разумелі, за што ў іх пытаюць справаздачы ці просяць вярнуць грошы, бо няма пацверджання траты сродкаў на заяўленую мэту. Даходзіла часам да абвінавачанняў, абраз, былі пазіцыі неразумення і непрыняцця. Канечне, гэта ўсё працоўныя моманты, але яны, безумоўна, таксама ўплываюць на настрой і матывацыю нашай каманды. У звычайнай сітуацыі было б найпрасцейшым падаваць у суд за абразу гонару і годнасці, які б быў выйграны з відавочнымі аргументамі. Але тут такая сітуацыя абсалютна немагчымая, ты не можаш нават адказваць на нейкія абсалютна неаргументаваныя закіды. Ты мусіш прадумваць схему, па якой гэтых людзей усё ж можна будзе падтрымаць. Безумоўна, чуем і шмат падзяк, многія кажуць, што падтрымка паўплывала на іх далейшае развіццё праз тую ж праграму мабільнасці. Ды й шмат што не вымяраецца хуткімі вынікамі. То-бок нейкія кантакты, знаёмствы, праверка аўдыторыі і гэтак далей — гэта ўсё вельмі важна для творцаў, але яно вельмі цяжка вымяраецца проста вось зараз. Таму, думаю, будуць яшчэ доўгатэрміновыя вынікі праграмы, якія пакажуць, наколькі яна важная была ў перспектыве.
Безумоўна, мы працягваем ArtPower Belarus, робім таксама сваю работу над памылкамі. Думаем, як не згубіць стваральную энергію, якая ёсць у творцаў, якая збіваецца аб гэтыя бюракратычныя працэдуры, без якіх, на жаль, грошы атрымаць немагчыма.
На жаль, нельга прыйсці і сказаць, што я таленавіты творца, і атрымаць за гэта суму, якую напішаш на паперцы. Таму думаем больш наконт ментарынгу, наконт кансультацый па падрыхтоўцы заявак, каб пашырыць магчымасці і творцаў, і інстытуцый, якія нараджаюцца.
Сяргей Будкін
— І пра якія змены ў другой эдыцыі ArtPower Belarus можна ўжо казаць?
— Удалося, напрыклад, дамагчыся падзелу ў будучым конкурсным разглядзе на катэгорыі: індывідуальныя творцы, інстытуцыйная падтрымка, экстраная падтрымка. Раней усё гэта сыпалася ў адзін кош, таму даволі складана было ў адным полі разглядаць заяўку ад навастворанай інстытуцыі на пашырэнне дзейнасці і заяўку ад мастака. Зараз гэта будуць асобныя лоты, разгляды і канкурэнцыя паміж роўнымі прыкладна праектамі ды ідэямі. Спадзяюся, колькасць праектаў, якія мы падтрымаем, будзе яшчэ большай.
Рыхтуем вялікую інфасесію з нагоды абвяшчэння новага конкурсу ArtPower Belarus, дзе будзе падрабязна расказана пра правілы і хаду эдыцыі. Прашу сачыць за абвесткамі на нашым сайце і ў сацсетках. Тут варта расказаць усё паслядоўна і з акцэнтам на дэталях.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org