Савет міністраў абнавіў патрабаванні да арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Усе папраўкі ўвайшлі ў пастанову за нумарам 608 ад 19 верасня.
Цяпер для таго, каб трапіць у дзяржрэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў (па беларускім заканадаўстве гэта абавязкова), іх арганізацыя павінна быць асноўным відам дзейнасці. Больш за тое, у рэестр запішуць толькі тых, чый вопыт або стаж работы ў гэтай галіне будзе не менш за 3 гады. На слова не павераць, а папросяць копіі працоўных кніжак, дамоў і даведак. Інфармацыя пра праекты, якія чалавек рабіў раней, таксама будзе абавязковай. І гэта — толькі частка новых патрабаванняў.
Першая музычная прэмія «Даём рады». Мінск, 2013 год.
Мы папрасілі пракаментаваць сітуацыю старшыню Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна, які на працягу многіх гадоў займаўся арганізацыяй канцэртаў у Беларусі.
— Фактычна гэта ўзаконеная форма цэнзуры ў абыход усіх магчымых дакументаў, пачынаючы ад дакумента аб правах чалавека. Ідзём шляхам Паўночнай Карэі... У гэтым сэнсе ўсё лагічна і паслядоўна. Пачыналася з таго, што спачатку нам трэба было паведамляць пра тое, што мы робім. Потым увялі гастрольныя пасведчанні, пасля ідэалагічныя камісіі, затым рэестр.
Фота: nashaniva.com
У адпаведны момант акрамя звестак пра мерапрыемствы было ўведзена патрабаванне прыносіць тэксты выканаўцаў. Дайшло нават да таго, што на канцэрт, які я арганізоўваў, прыйшлі дзве жанчынкі з «ціхарскімі»камерамі і звяралі тэксты. Натуральна, што тады я падаў нейкія левыя паперы, у іх пасля штосьці не супала, і мяне потым страшылі нейкімі папярэджваннямі і наступствамі.
Задушэнне свабоды творчасці адбываецца дзесяцігоддзямі. Але беларусы настолькі жывучыя, што знішчыць свабоду дзеянняў проста немагчыма.
Як напрыканцы дзевяностых, так і зараз знойдуцца спосабы, як абысці гэтую сістэму. На крок ціску будзе проста яшчэ некалькі крэатыўных прапаноў, пра якія казаць публічна не варта.
Не думаю, што гэты дакумент можа заглушыць рэальнае культурнае жыццё ў Беларусі, якое сёння існуе падпольна і не заўсёды нам бачна з-за мяжы.
Budzma.org
Чытайце яшчэ: Чаму прыбралі Караткевіча?