Ігар Бабкоў / “Нерасчытаная сутра…”

Нерасчытаная сутра
Аднаго з патрыярхаў
Забытага веравызнаньня
Невядомае веры

Там усё запiсана:

Пра пераходы
Ветру i цiшы
Жыцьця i руiнаў
Сну й чуйнаваньня

Пра вайну зь лiхтарамi
Пра чырвонае сонца
Пра ноч i дарогу

Пра сутарэньнi
Затрыманага часу
На маршруце жаданьняў
У лябiрынце пяшчоты
Дзе замест Мiнатаўра
Кроплi марцiнi

Сутра
Незьлiчоных квiткоў
З адмененых падарожжаў
У кiшэнях
Начнога ветру

Тэлефонаў
Па якiх не шукаеш нiкога
Запiсаных забытых
На рахунку кавярні

Сутра
Адкладзенага спадзеву
На пераўвасабленьне
У мёртвую котку
Што ляжыць пры дарозе

Сутра блуканьня…
Для аднаго з патрыярхаў
Даўгачаканай самоты
У гатэльным пакоi
Дзе толькi сьцены i неба

___________

Пра аўтара:
Ігар Бабкоў

Ігар Бабкоў — беларускі паэт, філосаф. Нарадзіўся ў 1964 г. Выкладае ва ўнівэрсытэтах Менска й Вільні. Аўтар шасці кніг; кніга пэзіі “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб” з’явілася ў 2009 годзе ў выдавецтве “Логвінаў”.