Абвешчаны доўгі спіс прэміі імя Міхала Анемпадыстава 2026 (за выданні 2025 года)

Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава вызначыла 24 кніжныя вокладкі, што ўвайшлі ў доўгі спіс 2026 года. Яны былі адабраны з 59 прац, пададзеных на конкурс, і прадстаўляюць шырокі спектр сучаснага беларускага кніжнага дызайну — ад лаканічнага мінімалізму да складаных візуальных сістэм, ад вытанчанай працы з тыпаграфікай да смелых графічных эксперыментаў, піша penbelarus.org.

Premija imia Michala Aniempadystava

Сярод аўтараў — вядомыя дызайнеры і мастакі, а таксама творцы, якія працуюць пад псеўданімамі або пажадалі захаваць ананімнасць.

У доўгі спіс увайшлі:

  • Андрэй Адамовіч — вокладка кнігі «Метафізіка сракі» Сакрата Халеры (Лысы чэрап, 2025)
  • Павел Анціпаў, Ігар Юхневіч — вокладка кнігі «Куда-нибудь приезжать что-нибудь делать и уезжать» Паўла Анціпава (Мяне Няма, 2025)
  • Аўтар В — вокладка кнігі «W» (зашыфраваны ўдзел)
  • Анастасія Вішнякова — вокладка кнігі «Любыя косці» Катрыны Зіле (Пфляўмбаўм, 2025)
  • Таццяна Дзівакова — вокладка кнігі «Радзіна» Збыха Слупоўскага (Галіяфы, 2025)
  • Дзмітрый Дзмітрыеў, Андрэй Фядорчанка — вокладка кнігі «Codex. Imago. Index» Дзмітрыя Дзмітрыева (Лысы чэрап, 2025)
  • Аўтар К — вокладка кнігі «К» (зашыфраваны ўдзел)
  • Кацярына Несцяровіч, Якуб Смоўжык — вокладка кнігі «Вецер з Усходу, вецер з Захаду» Пэрл Бак (Gutenberg Publisher, 2025)
  • Алена Нядзельская — вокладка кнігі «Я — тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер» Змітра Вішнёва (Skaryna Press, 2025)
  • Аляксандр Пажытак, Ігар Юхневіч — вокладка кнігі «Дзённік 2021–2022» ананімнай аўтаркі (Мяне Няма, 2025)
  • Марыя Платонава — вокладка кнігі «Казкі гарадскога парку» Аляксандра Ждановіча (Gutenberg Publisher, 2025)
  • Птушка — вокладка кнігі «Вольны космас» (зашыфраваны ўдзел)
  • Вольга Сафарава — вокладка кнігі «Крыптаствалы. Гісторыя ўзьлёту і падзеньня талачынскіх самородкаў» Змітра Бурбуця (RozUM Media, 2025)
  • Якуб Смоўжык — вокладкі серыі кніг «Акно ў прозу» (Gutenberg Publisher, 2025)
  • Сяргей Табалевіч, Якуб Смоўжык — вокладка кнігі «Халодныя землі» Аляксандра Карнаўха (Gutenberg Publisher, 2025)
  • Зося Трускалка — вокладка кнігі «Куды паляцеў матылёк» (зашыфраваны ўдзел)
  • Зося Трускалка — вокладка кнігі «Лета ў вёсцы» (зашыфраваны ўдзел)
  • Дарына Харытончык — вокладка кнігі «Сябры ў двары» Алены Зарніцкай (Gutenberg Publisher, 2025)
  • Ліна Хесэ, Ігар Юхневіч — вокладка кнігі «Беспрацоўнае дрэва» Светы Бень, Ліны Хесэ (Мяне Няма, 2025)
  • Юлія Цімафеева, Тацяна Шустава — вокладка кнігі «Кровазварот» Юліі Цімафеевай (Andrei Yanushkevich Publishing, 2025)
  • Сяргей Шабохін — вокладка кнігі «Дубовые яблочкі» Вольгі Касцюк (Skaryna Press, 2025)
  • Сяргей Шабохін — вокладка кнігі «Body in Progress; Целам сваім...» Ганны Комар (Skaryna Press, 2025)
  • Юлія Шатун, Ігар Юхневіч, Аляксандр Пажытак — вокладка кнігі «Каждый видел этот город в каком-нибудь другом месте» Юліі Шатун (Мяне Няма, 2025)
  • Таццяна Шустава — вокладка кніг «Творы» (тамы 1, 2) Хорхе Луіса Борхеса (Andrei Yanushkevich Publishing, 2025)

Паглядзець усе вокладкі кніг можна на сайце прэміі aniempadystau.penbelarus.org.

Журы прэміі

Працы ацэньвае прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі спецыялісты кніжнага дызайну, мастацтва і візуальнай камунікацыі. Сярод публічных сябраў журы:

Святлана Дземідовіч — беларуская мастачка і ілюстратарка, працуе ў сферы кніжнага дызайну і візуальнай камунікацыі. Лаўрэатка прэміі Анемпадыстава 2024 года за дызайн вокладкі паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач» (у суаўтарстве з Лукашам Левандоўскім).

Анатоль Лазар — беларускі дызайнер і культурны дзеяч. Экс-выдавец музычнага партала «Тузін Гітоў», былы кіраўнік студыі дызайну і рэкламы «Адліга». Аўтар і эксперт шматлікіх грамадскіх і культурных беларускіх ініцыятыў. Лаўрэат прэміі Анемпадыстава 2022 года за дызайн вокладкі кнігі «(Не)расстраляныя».

Надзея Зелянкова — крэатыўная дырэктарка і спецыялістка ў сферы візуальных камунікацый. Працавала ў digital-агенцтве «Red Graphic», была саўладальніцай Галерэі «Ў». Мае шматгадовы досвед у распрацоўцы культурных, адукацыйных і сацыяльных праектаў, а таксама ў стварэнні візуальных стратэгій і камунікацыйных кампаній.

Як фармаваўся спіс

Для таго, каб трапіць у спіс, вокладкі мусілі адпавядаць патрабаванням статута прэміі. Беларускай кнігай лічыцца тая, што адпавядае як мінімум двум з чатырох крытэрыяў:

  • выдадзена ў беларускім выдавецтве;
  • напісана беларускім аўтарам;
  • напісана па-беларуску;
  • змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

У выпадку спрэчак рашэнне аб допуску прымалася большасцю галасоў журы.

Пра прэмію імя Міхала Анемпадыстава

Прэмія носіць імя выдатнага беларускага мастака, дызайнера, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава, які значна паўплываў на візуальную культуру Беларусі. Заснаваная ў 2019 годзе, прэмія працягвае ўшаноўваць яго творчую спадчыну, адзначаючы аўтараў, якія праз дызайн кніжнай вокладкі ствараюць новыя візуальныя гісторыі.

Прэмію арганізуюць Беларускі ПЭН і фонд «Open Culture» пры падтрымцы партнёраў: ТАА «H&L» і кампаніі «Laut».

За апошнія гады прэмія адзначыла шэраг таленавітых дызайнераў:

  • У 2024 годзе «Анёла» атрымалі Святлана Дземідовіч і Лукаш Левандоўскі за вокладку да паэтычнай кнігі Насты Кудасавай «Побач».
  • Пераможцамі ў 2025 годзе сталі Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі «Мое баба — діректор морга».