Большасць людзей карыстаецца ChatGPT, Gemini і Claude як звычайным пошукавіком: пытанне, адказ, закрылі акно. Але ў кожным з гэтых трох сэрвісаў ужо даўно ёсць функцыі, якія эканомяць гадзіны працы, але пра якія многія не ведаюць. Аўтар канала пра выкарыстанне штучнага інтэлекта для працы і паўсядзённых спраў «AI на практыцы» распавядае пра такія функцыі.Уявіце: рэдакцыя рыхтуе матэрыял пра гісторыю мястэчка, куратар выставы шукае архіўныя крыніцы, валанцёр перакладае дакументы для гранта. Усе трое, хутчэй за ўсё, адкрываюць звычайнае акно чата і пішуць пытанне нанова кожны раз. А маглі б наладзіць сэрвіс адзін раз і больш не тлумачыць яму кантэкст сваёй працы. Але гэта толькі адзін з прыкладаў, пойдзем паступова.

Custom Instructions. Два тэкставыя палі: у першым апісваеце сябе і кантэкст працы, у другім задаеце, якімі павінны быць адказы. Гэта месца, куды можна аднойчы ўпісаць місію, аўдыторыю, тон ці нешта іншае адпаведнае вашай працы, і не тлумачыць гэта пры кожным новым запыце.
Дзе шукаць: Settings → Personalization → Custom instructions.
Memory. ChatGPT сам запамінае дэталі з размоваў у вашых чатах. Выдаляйце лішняе, дадавайце важнае ўручную.
Дзе шукаць: Settings → Personalization → Memory.
Projects. Асобныя рабочыя прасторы пад кожны напрамак, з інструкцыямі і загружанымі дакументамі: адзін праект для стварэння кантэнту, другі для побытавых ці асабістых спраў, трэці для маніторынгу навін.
Scheduled Tasks (толькі на платных тарыфах). Нядаўна OpenAI перазапусціла гэтую функцыю: у бакавым меню з’явілася асобная старонка Scheduled, дзе можна ставіць заданні на пэўны час ці перыяд: штотыднёвы дайджэст навін, напамін пра важныя справы, пошук зніжак і г. д.
Thinking. Рэгулятар глыбіні аналізу: для простых пытанняў мінімум, для складаных дакументаў ці задач максімум.
Дзе шукаць: пры выбары мадэлі → Thinking. (Калі не атрымаецца знайсці, можна проста прапісаць «/Thinking» і з’явіцца адпаведная опцыя.)

Deep Research. Рэжым, у якім Gemini сам складае план даследавання, абыходзіць дзясяткі крыніц і збірае структураваны даклад. Карысна для вывучэння шматграннай тэмы, самаадукацыі або, напрыклад, напярэдадні падарожжа.
Дзе шукаць: выбар рэжыму ў полі чата перад адпраўкай запыту.
Gems. Персанальныя AI-асістэнты пад канкрэтныя задачы. Ствараеце свайго «памочніка» з інструкцыяй: роля, кантэкст, фармат адказаў. Ёсць і гатовыя Gems (Brainstormer, Learning coach, Writing editor), варта праверыць іх перш, чым рабіць свае.
Дзе шукаць: бакавое меню → Gems.
Canvas. Рабочая прастора ўнутры Gemini для стварэння і рэдагавання кантэнту: адкрывае поўнавартасны рэдактар з фарматаваннем і дазваляе рабіць інтэрактыўныя матэрыялы: віктарыны, інфаграфіку і інш. Зручна ўзяць вынік Deep Research і адразу ператварыць яго ў кароткую візуальную справаздачу.
Notebook + Gemini. Звязка, якую мала хто выкарыстоўвае на поўніцу. Gemini Notebook (раней NotebookLM) захоўвае вашу базу ведаў (матэрыялы, дакументы, лінкі на артыкулы і г. д.), а Gemini выкарыстоўвае яе як кантэкст і дадае актуальныя дадзеныя з сеціва. Атрымліваецца персанальны аналітык: ваша база ведаў плюс свежыя знешнія дадзеныя, адфільтраваныя пад задачу.
Gemini у Docs, Sheets, Gmail (толькі на платных тарыфах). Адкрываецца як бакавая панэль проста ў дакуменце (значок зорачкі ў правым верхнім куце). Gemini бачыць яго змест, можа рэдагаваць, рэзюмаваць, перакладаць без пераключэння паміж укладкамі.

Artifacts. Усё, што Claude стварае: дакументы, табліцы, інтэрактыўныя інструменты, дашборды, якія адкрываюцца ў асобнай панэлі і рэдагуюцца праз дыялог. Спасылкай можна падзяліцца, і атрымальніку не патрэбны акаўнт. Гэта, дарэчы, добры спосаб зрабіць інтэрактыўны міні-даведнік ці эксплэйнер для сяброў ці калег.
Memory. Claude сам запамінае дэталі з размоў, або можна проста напісаць у чаце «запомні, што я аддаю перавагу кароткім адказам».
Дзе шукаць: Settings → Capabilities → Memory.
Projects. Рабочыя прасторы з пастаянным кантэкстам, аналагічна таму, што апісвалася ў ChatGPT.
Extended Thinking. (А таксама Effort.) Рэжым глыбокага аналізу перад адказам, карысны для складаных сфер і задач.
Дзе шукаць: побач з выбарам мадэлі, пераключальнік Thinking.

Інтэрфейс можа адрознівацца як ад прылады да прылады (напрыклад на смартфоне, ноўтбуку і браўзэры), так і ў залежнасці ад акаўнта. Так, маю некалькі акаўнтаў, ды не ў кожным з іх у Gemini бачны, напрыклад, Deep Research ці Thinking у ChatGPT.
Акрамя таго, нават гэтыя тры прылады (не кажучы ўжо агулам пра АІ-інструменты) вельмі дынамічна мяняюцца, адны опцыі знікаюць, другія мяняюцца, трэція з’яўляюцца. Каб не заблытацца і не згубіць важныя змены, прасцей сачыць за профільнымі каналамі, у тым ліку, «AI на практыцы».