Песні, якія сталі часткай беларускага нацыянальнага коду

31.07.2026 Музыка

Пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская склала падборку песень, якія з’яўляюцца пазнавальнымі беларускімі вобразамі, і іх ужо можна лічыць часткай беларускага нацыянальнага коду.

Купалінка

Купалінка, Купалінка,
цёмная ночка...
Цёмная ночка,
а дзе ж твая дочка?

Вы дакладна чулі гэтую песьню ў Беларусі ці ад беларусаў. Песьня адсылае да традыцыйнага беларускага фальклёру і аднаго з самых важных сьвятаў народнага календара — Купальля, сьвята сярэдзіны лета, самага таямнічага і паганскага. На Купальле дзяўчаты плялі вянкі і пускалі іх па вадзе, хлопцы і дзяўчаты скакалі праз купальскае вогнішча, а ўначы шукалі магічную купальскую кветку. Менавіта таму і імя ў гераіні сугучнае і сымбалічнае — Купалінка.

Песьня ўпершыню стала вядомай у 1920-х, калі паэт Міхась Чарот улучыў яе і іншыя творы ўва ўласнай апрацоўцы ў п’есу «На Купальле». Музыку да п’есы напісаў кампазытар Уладзімер Тэраўскі. Абодва аўтары сталі ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў у 1937-1938 гг. А песьня працягнула сваё існаваньне. У свой час яе выконвалі і «Песьняры», і «Сябры», а апроч іх Deep Purple і Тар’я Турунен. На сёньня існуе мноства варыянтаў — ад опэрнага да электроннага. Песьня стала адным з самых пазнавальных беларускіх вобразаў.

Завіруха

Ты куды мяне клічаш, паслухай?
Завіруха мяце, завіруха.
На дварэ ні машын, ні людзей
На дварэ ні машын, ні людзей.

Гэтая песня — сапраўдны зімовы хіт. Твор упершыню прагучаў на Цэнтральным тэлебачаньні ў 1982 годзе ў выкананьні вакальна-інструмэнтальнага ансамбля «Верасы». Голас Аляксандра Ціхановіча ў гэтай песні літаральна накрыў усю краіну і адначасова прынес сусьветную папулярнасьць аўтарам — паэту Генадзю Бураўкіну і кампазытару Эдуарду Ханку.

У аранжыроўку песьні дадалі джазавыя ноты, што стварыла непаўторны шарм. А незвычайная куплетная форма, дзе ў кампазыцыі вылучаюцца адразу некалькі хіт-выразаў, падарыла песьні вядомасьць пад практычна дзьвюма назвамі «Завіруха» і «Белы сьнег».

Часта адзначаюць, што ў песьні чытаецца настрой утульнасьці, цёплага мінулага, дзяцінства і сьвяточнай зімовай атмасфэры, веры ў лепшае і чысьціні думак і памкненьняў. Магчыма, менавіта таму яна і стала адной з самых пазнавальных беларускіх кампазыцыяў, на якую дасюль ствараецца безьліч кавэр-вэрсіяў.

Калыханка

Доўгі дзень,
Цёплы дзень
Адплывае за аблокі.
Сіні цень,
Сонны цень
Адпаўзае ў кут далёкі.

Упершыню дзіцячая калыханка прагучала на тэлебачаньні ў 1981 годзе. Стварыла праграму з нацыянальным калярытам у супрацьвагу агульнасаюзнай «Спокойной ночи, малыши» рэдактарка галоўнай рэдакцыі БТ Ніна Шоба. На самым пачатку ў праграме зьмянілася шмат герояў і вядоўцаў, але найбольш запомніліся дзецям «доўгажыхары» праграмы — Маляваныч (актор Аляксандар Ждановіч) і мядзьвядзік Топа (актор Уладзімір Варанкоў).

maliavanycz.jpgМаляваныч (Аляксандр Ждановіч)

Цэлыя пакаленьні беларускіх дзяцей гадаваліся пад вечаровыя размовы Маляваныча, Феечкі і Топы, з добрым гумарам і добрымі каштоўнасьцямі.

І цяпер у сьвядомасьці беларусаў «Калыханка» застаецца адным з са значных і пазнавальных сымбаляў.

Дзед-Барадзед

Хто я Дзед-Барадзед?
Хто я? Дзед-барадзед,
Абышоў белы сьвет,
А цяпер у ціхі час
Завітаў да вас.

З вамі побач буду ўсюды,
Трэба цуды — зробім цуды,
Трэба казка — раз, два, тры —
Вось і казка вам, сябры!

Гэтая песьня і гэты беларускі сымбаль таксама родам з дзяцінства. Стварыў гэтага калярытнага пэрсанажа беларускі паэт і пісьменьнік Артур Вольскі. Ён напісаў для Дзеда-Барадзеда адразу песьню і першую казку. Гэтыя творы натхнілі сцэнарыста Івана Беладубенку.

Разам з рэдактарам Юрыем Савіным і апэратарам Міхаілам Белавусавым яны пачалі думаць, як абысьці тэхнічныя абмежаваньні, якія не дазвалялі прысутнічаць у кадры толькі ляльцы, і прыдумалі арыгінальны ход, апрануўшы актораў у чорнае адзеньне і падладзіўшы камэры так, каб іх не было відаць у кадры.

baradzied.jpg
Фота з архіва Белтэлерадыёкампаніі

Паралёнавая лялька Дзеда-Барадзеда была самай дарагой лялькай на тагачасным тэлебачаньні, а легендарную песьню сьпяваў актор Анатолі Кашкэр, якога вылучалі мягкі гумар і камэдыйнасьць. І на сёньня Дзед-Барадзед — адзін са значных вобразаў у беларускай культуры.

Тры чарапахі

Калі раптам адчуеш камунальныя пахі,
І жыцьцё цябе возьме ў пятлю.
Зразумееш тады, што тры чарапахі
Па-ранейшаму цягнуць Зямлю.

Гэтую песьню пазнаюць беларусы па ўсім сьвеце літаральна з першых акордаў, а знакамітыя «Гэй-ла-ла-лай, ты не чакай, сюрпрызаў ня будзе» суправаджае ўжо некалькі беларускіх пакаленьняў. Словы і музыку да песьні напісаў Лявон Вольскі, знакаміты беларускі музыка і паэт, сын Артура Вольскага.

Песьня ўпершыню зьявілася на альбоме гурта N. R. M. з ідэнтычнай назвай «Тры чарапахі» ў міленіюм, у 2000 годзе, і адразу стала папулярнай. Пазьней Лявон Вольскі замяніў словы рэфрэна з «сюрпрызаў ня будзе» на «чаканьне дастала», і падчас беларускіх пратэстаў у 2020 годзе песьня пераўтварылася ў сапраўдны неафіцыйны беларускі гімн.

А якія яшчэ песьні вы бы ўлучылі ў беларускі нацыянальны плэй-ліст?

Яна Вольская, Budzma.org