Адсюль немагчыма зьехаць – хіба што з глузду,
і трапіць сюды запарней, чым у хвалёны рай.
Тут можна адно нарадзіцца – з будаўнічага друзу
гісторыі, выкінутай у гэты даўно непачаты край.
Вядома, і ён не забыты… Богам, але пад крыла́мі
анёла ягоная геаграфія заўсёды дае слабіну й
прыкідваецца terra incognita за дзесяцьцю марамі,
у сьпешцы свайму Калюмбу скідаючыся на труну.
Былая Гіпэрбарэя, выпеставаная крывёю
тытанаў, цяперака – гіпэртрафіраваны абшар.
І трэба, п’ючы гарбату, натрушваць у кубак хвою,
каб не зваліцца заўтра ад хваравітых (х)мар.
Зрэшты, крычы хоць крычма і поедам еж ліхтугі –
а заўтра будзе, як сёньня, даступнае тут заўчас.
І нават калі адмыцца да косьці ад гэтай наругі,
падступны акцэнт маўчаньня ніколі ня вытхнецца з нас.
Што можна жадаць у гэткіх варунках? Свабоды?
Ці зразу маліны жменямі – каб не змаглі абасраць?
Каб нарадзіцца ня тут, а ведаць у твар рапсода,
што вышапча ймя радзімы – і небу будзе чуваць.
***
Радавы І. М. (прозьвішча вымавіць немажліва).
Век: блізу дваццаці пяці. Раненьне: кантузія языка.
Памылкова быў адпраўлены ў морг, бо выглядаў паршыва.
Плюс клінічна маўчаў. Калі і дыхаў – то спадцішка.
Знойдзены мэдсястрою за расьціраньнем – дзіва
што: чатыры гадзіны ў лядоўні бяз доступу да цяпла.
Мэдсястра сьцьвярджае, што самлела ў нэрвовым зрыве;
яе напарніца – што дала.
Потым была экспэртыза, ронтген, аналіз мачы і калу.
Тэст на IQ, цяжарнасьць і іншы варожы ўплыў.
Каб радавы аказаўся стэрыльны, яго стэрылізавалі.
Адзінае, што бянтэжыла – ён так і не загаварыў.
Дакладней – ён без упынку рохкаў ашчэранай пашчай,
скрэмзаў пачак паперы. Усё дарма.
Праўдападобна, яго ў палоне кармілі мылам і білі нашча –
праталі арганізм ад нашага, як яны кажуць, дзярма.
Курс рэабілітацыі вынікаў не прынёс. І гэта
вырашыла дыягназ: новы штам – чалавек набакір.
Меры прыняць неадкладна: запраторыць у гета
і падсадзіць на морфій ці (што будзе таньней) на кір.
Выдаць квіток у адзін канец. Рэшта жыцьця – пад грыфам
сакрэтна. Запісы допыту зьнішчыць. Быццам бы ён памёр.
Усім невымоўным з фронту надалей запісваць: тыф. А
заразных расстрэльваць. Асабліва тых, што з гор.
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Ігар Кулікоў – паэт, перакладчык, нарадзіўся 22 студзеня 1988. Скончыў філфак БДУ. Сярод іншых перамог у конкурсе Беларускага ПЭН-цэнтру імя К. Шэрмана (2009). Вывучае жывыя й мёртвыя мовы.