Фундацыя «Tutaka» абвясціла пра ІІІ Міжнародны Дэкламатарскі конкурс для дзяцей, моладзі і дарослых. Удзельнікі, якія пройдуць у фінал, будуць запрошаныя арганізатарам конкурсу ў Беласток, каб вызначыць пераможцаў. Існуе магчымасць выступу у фінале ў фармаце анлайн праз ZOOM.
«Ты — аматар беларускага прыгожага пісьменства? Лепш за ўсіх расказваў вершы святому Мікалаю? Хочаш давесці хараство роднага слова ўсяму свету і нават крыху манетызаваць яго пры гэтым? — Гэты конкурс дакладна для цябе!
Усё, што ад цябе патрабуецца: узяць тэлефон, запісаць відэа сваёй дэкламацыі верша або ўрыўка прозы па-беларуску і даслаць на пошту konkurs@tutaka.org да 31 студзеня 2024!»
Удзельнічаць у конкурсе могуць выключна непрафесійныя дэкламатары. Дасылаючы відэа, удзельнік дае згоду на публікацыю гэтага роліка ў сацсетках арганізатара. (Увага! Калі вы хочаце ўдзельнічаць з тэрыторыі Беларусі, памятайце, профіль Tutaki у Instagram прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім).
Падрабязнасці, рэгламент конкурсу і анкету ўдзельніка можна знайсці па спасылцы.
Найлепшыя выканаўцы сустрэнуцца на тэатральнай сцэне Беластока, дзе 21 лютага 2024 адбудзецца ўрачысты фінал. Пераможцы конкурсу атрымаюць грашовыя ўзнагароды!
Конкурс да Дня Роднай Мовы — гэта дэкламатарскі конкурс для аматараў беларускай літаратуры, якія любяць дэкламаваць і хочуць пазмагацца за перамогу ў лепшым выкананні верша ці празаічнай часткі твора. Галоўная мэта конкурсу — паглыбіць цікавасць беларусаў ва ўсім свеце беларускай культурай, гісторыяй, літаратурай ды паказаць запатрабаванасць у адчуванні сябе беларусамі і далучэнні да беларускамоўнага асяроддзя.