Расейскі блогер Ілля Варламаў вырашыў вывучаць беларускую мову. Новы выпуск праграмы «Чё происходит» (больш 5 мільёнаў падпісчыкаў на YouTube) ён пачаў па-беларуску. І так будзе кожную нядзелю, абяцае блогер.
Ілля Варламаў. Фота з асабістай старонкі ў Інстаграм
«Сёння незвычайная нядзеля. Неверагодная нядзеля — мы з вамі зноў сустрэліся. Але гэта не галоўнае. А галоўнае — у мяне для вас ёсць невялікая аб’ява. Зараз усё патлумачу. Сядайце зручна і ўважліва мяне слухайце», — пачаў Ілля Варламаў па-руску.
Далей ён перайшоў на беларускую мову. З выразным акцэнтам, але даволі добра для чалавека, які, паводле Варламава, толькі-толькі пачаў вучыць беларускую: «Шаноўныя сябры! Спяшаюся падзяліцца цудоўнай навіной — я вырашыў вывучыць беларускую мову. Па-першае, яна неверагодна прыгожая. Па-другое, у Беларусі на ёй мала хто гаворыць. І я б хацеў прыцягнуць да гэтай мовы ўвагу. Так што цяпер па нядзелях я буду расказваць вам нешта цікавае з беларускай мовы. Напрыклад, на гэтым тыдні я даведаўся, што сабака ў беларускай мове — мужчынскага роду! Кусачы ці шалёны сабака. Маленькі ці вялікі сабака. Боль — таксама мужчынскага роду, востры боль. А гусь, наадварот, жаночага! Тоўстая гусь. Ці не праўда, раскошна!»
Конік і коник - ілюстрацыя, якая дапаможа разабрацца з моўнымі амонімамі
«Крызіс сярэдняга ўзросту праходзіць ва ўсіх па-рознаму, — з усмешкай кажа Ілля Варламаў. — Я ледзь не забіўся на ровары і вырашыў вывучыць беларускую мову. Мова — неверагодная, заўсёды яна мне вельмі падабалася і заўсёды хацелася мне яе вывучыць. І вось гэты дзень надышоў».
Як заяўляе адзін з самых папулярных і ўплывовых расейскіх блогераў, «спадзяюся, праз пару гадоў мы з вамі будзем свабодна гаварыць па-беларуску». «І будзе ў нас «Чё происходит» на беларускай. На мой погляд, гэта неверагодна!», — дадаў ён.
«У мяне такі добры настрой (сёння). Здаецца, я зразумеў, што вывучэнне беларускай мовы падымае настрой лепш, чым шакалад, дэсэрты, добрае кіно. Ты гадзінку пазаймаўся беларускай мовай — і ты абсалютна шчаслівы. Гэтая мова дорыць табе абсалютнае шчасце, табе хочацца танчыць, бегчы наперад, вывучаць яе больш і больш, табе хочацца пець песні на беларускай мове. Чым я хутка і збіраюся таксама заняцца. Ну спачатку патрэніруюся, а потым пакажу свае таленты вам», — заключыў па-руску Ілля Варламаў.
Плот. Ілюстрацыя, якая дапаможа разабрацца з моўнымі амонімамі
Потым Варламаў працягнуў, як ён звычайна робіць у сваёй праграме, па-руску абмяркоўваць «увесь п..ц, які адбываецца навокал».
Аб’яву Варламава наконт пераходу на беларускую актыўна каментуюць пад відэа, большасць вітае яго цікавасць, нехта па-добраму кпіць з нейкага «румынскага акцэнту» і раіць уключыць у рацыён дранікі, каб лепш адаптавацца да беларускай фанетыкі.
Ілля Варламаў — расейскі грамадскі дзеяч, журналіст, прадпрымальнік і відэаблогер. Стваральнік аўтарскага СМІ на базе блог-платформы Жывы Журнал, заснавальнік рэкламна-дэвелаперскага агенцтва «iCube», сузаснавальнік разам з Максімам Кацам фонду «Гарадскіх праектаў», заснавальнік і кіраўнік фонду захавання культурнай спадчыны «Увага». Вядомы сваімі фотарэпартажамі з акцый палітычнай апазіцыі ў Расеі і ў свеце, а таксама матэрыяламі аб гарадскім асяроддзі ў расейскіх гарадах.
З 2017 года — актыўна вядзе канал на YouTube пад назвай «varlamov», у якім большасць матэрыялаў прысвячае тэме ўрбаністыкі.
Шырока асвятляў сітуацыю перад выбарамі-2020 у Беларусі і наступныя пратэсты ў Беларусі, падтрымаў пратэстоўцаў.
Budzma.org