Упершыню за 7 гадоў існавання ў Беларусі выступіць гурт з Беласточчыны «Ilo&Friends». Заўсёдныя госці фестывалю «Бардаўская восень», удзельнікі шматлікіх фэстаў у Польшчы і па-за яе межамі, выступу ў Беларусі чакалі даўно. 24 лістапада адбудзецца акустычны канцэрт гурта «Ilo&Friends» у клубе «Графіці», а 25 лістапада ў «Loft-кафэ» музыкі зайграюць свой апошні альбом «Сланечнікі» ў электрычным гучанні. Разынкай візіту стане прэзентацыя музычнага сэту «Ilo&Friends» да нямога фільма «Прастытутка», што адбудзецца ў рамках праекту «Тузін. Немаўля».
Пра стаўленне падляшскіх беларусаў да Рэспублікі Беларусь, беларускамоўную музыку ў Польшчы і падрыхтоўку да доўгачаканых канцэртаў у Мінску расказвае лідар і вакалістка калектыву Ілона Карпюк.
— У падляшскіх беларусаў такая дзіўная сітуацыя — вы сапраўдныя беларусы, але нарадзіліся і жывяце не ў Беларусі. Як ты ставішся да Беларусі па розныя бакі мяжы?
— Варта сказаць, што гэтая сітуацыя не залежыць ад нас. Ні мы, ні пакаленне нашых бацькоў не вырашалі, дзе правесці мяжу. Цяпер для нас існуе дзве Беларусі. Першая — тая Беларусь, якую мы ўспрымаем як сваё месца, дзе мы дбаем пра сваю культуру, спадчыну. Другая Беларусь — рэч складаная. З аднаго боку, гэта краіна, якая рэальна існуе, з другога — мы ўспрымаем яе найперш як месца імкнення думак. Па іншы бок мяжы гэта, магчыма, няпроста зразумець, але для нас Беларусь насамрэч функцыянуе ў двух выглядах. Так ці іначай, я за тое, каб не звяртаць увагі на складанасці, абмежаванні, а рабіць тое, што можам, — кожны на сваёй тэрыторыі.
— «Ilo&Friends» — гурт, які працуе на тэрыторыі сучаснай Польшчы, але спявае выключна па-беларуску. Як палякі ўспрымаюць беларускамоўную музыку, створаную на тэрыторыі Польшчы?
— Тыя, у каго няма загонаў, успрымаюць нармальна. Залежыць ад канкрэтнага чалавека, але агулам я за сваё жыццё ніколі не сустракала крайняга непрыняцця беларускамоўнай музыкі ў Польшчы. Часцей адбываецца наадварот — палякі паважаюць нас за тое, што мы дбаем пра сваё, развіваем сваю культуру. Калі ж казаць пра беластоцкіх беларусаў, то мы жывем у дзвюх культурах адначасова — у польскай і беларускай. Даводзіцца цэлае жыццё працаваць над сабой, каб удала спалучыць гэтыя дзве плыні.

— Працоўная мова ў калектыве «Ilo&Friends» якая?
— Калі сустракаемся з музыкамі, мы не размаўляем па-беларуску. Я б зманіла, калі б так сказала. Тым больш што ў гурце ў нас два палякі. Але ім вельмі падабаецца, як я спяваю па-беларуску.
— Ці не перажываюць музыкі, што, спяваючы па-беларуску ў Польшчы, вы змяншаеце магчымасць камерцыйнага поспеху гурта?
— Мы не змагаемся за камерцыйны поспех. Кожны з нас займаецца музыкай вельмі шмат гадоў, большую частку свайго жыцця. І ў нас няма мэты жыць з музыкі. Не ведаю, чаму. Можа, гэта слабая матывацыя, можа, ментальнасць, а можа, гэта і ёсць праява беларускасці (смяецца). Я ўсё жыццё спяваю па-беларуску. Былі нейкія спробы спяваць па-польску, але яны хутка скончыліся.
— Як доўга існуе ваш гурт?
— Упершыню мы зайгралі ў траўні 2005-га, але тады гэта выглядала як акустычнае трыа.
— Як так склалася, што за ўсе гады існавання вы ўпершыню выступаеце ў Беларусі? Наколькі гэта складана — зрабіць у Беларусі канцэрт?
— Наколькі я ведаю, у Беларусі з беларускамоўнага асяроддзя Беласточчыны выступалі толькі два гурты — «Rima» і «Zero-85». Гэта было каля 10 гадоў таму. Канцэрты ў Беларусі зрабіць, можа, і не так складана, але для гэтага мусіла ўзнікнуць актыўнасць і з боку Беларусі. Калі цікавасць ёсць, гэта значыць, што ў Беларусі гэта патрэбна і хтосьці з гэтага будзе мець прыемнасць. Адпаведна, і з нашага боку ёсць вялікае жаданне паехаць і выступіць. Не кажу, што нашая актыўнасць не мае значэння, але патрэбнае жаданне з абодвух бакоў.

— Наколькі часта вы бываеце ў Беларусі, у Мінску?
— Двое з нашых музыкаў былі ў Беларусі гадоў 10 таму, падчас загаданага вышэй выступу гурта «Rima». Астатнія ніколі не былі. Уласна я езджу так часта, наколькі атрымліваецца. У гэтым годзе гэта будзе ўжо трэцяя мая паездка ў Беларусь.
— Вы казалі, што для беластоцкіх беларусаў існуе дзве Беларусі. Ці адчуваеце сябе ў сваёй краіне падчас візітаў у Мінск?
— Так, я адчуваю, што гэта штосьці маё. Але для мяне гэта прасцей, бо я часта бываю ў Беларусі, маю сувязі і стасункі з людзьмі. Нельга не ўлічыць, што мы жывем у іншай краіне, у Еўрасаюзе. Наяўнасць гэтай мяжы стварае адчуванне, што Беларусь — гэта нешта чужое, не нашае. Цяпер мы больш кантактуем з Беларуссю праз інтэрнэт. Напэўна, было б зусім іначай, калі б можна было свабодна перасякаць мяжу. Спадзяюся, нешта зменіцца ў Беларусі, і гэтыя межы будуць не такімі жорсткімі. Тады адчуванне беларускай супольнасці, беларускай ідэі стала б чымсьці больш натуральным.
— У «Ilo&Friends» працуюць як беларусы, так і палякі. Чаго больш у вашай музыцы — польскага ці беларускага?
— Я ніколі не думала пра тое, куды нас можна аднесці — у прастору беларускай музыкі ці польскай. У «Ilo&Friends» творчы працэс адбываецца абсалютна незалежна ад гэтых кірункаў. Мы проста сустракаемся разам і ствараем музыку, не адносячы яе ні да якіх катэгорый. Нават тое, што тэксты ў нас на беларускай мове, ніяк не адносіць нас да «беларускай музыкі». У сэнсе музычным мы працуем, арыентуючыся выключна на свае ўяўленні, адчуванні і патрэбы.
— Удзел у праекце «Тузін.Немаўля» і аўтарскія творы гурта — наколькі гэта розныя рэчы?
— Гэта адно і тое ж. Агучванне фільма — гэта тая ж творчасць, якой мы займаемся, пішучы песні. Безумоўна, па выніку музычнае афармленне фільма і песні — гэта розныя рэчы. Але творчы працэс для нас праходзіў аднолькава.
— Як будуць выглядаць выступы ў Мінску? Наколькі яны будуць рознымі?
— На канцэрце ў «Графіці» прагучаць акустычныя апрацоўкі нашых песень, большасць з якіх — з першага альбома «Ilo&Friends». Бо некалькі гадоў таму мы гралі толькі ў акустыцы, а з электрычным гукам пачалі працаваць адносна нядаўна. На другім канцэрце мы прадставім свой апошні альбом «Сланечнікі», але без саксафону. У нас ёсць патрэба, каб канцэрты гучалі інакш, чым альбомы. Таму канцэртныя варыянты песень заўжды адметныя. У «Loft-кафэ» таксама прагучыць музычны сэт для фільма «Прастытутка». Увогуле, выступы ў першы і другі дзень будуць моцна розніцца.
— Якой рэакцыі вы чакаеце з боку мінскай публікі, ці перажываеце перад першым канцэртам у Беларусі?
— Перажываем! Хлопцы пытаюцца ў мяне на кожнай рэпетыцыі, якой публікі чакаць. А я не ведаю, што ім адказаць. Спадзяюся, на нашыя выступы прыйдуць людзі, зацікаўленыя ў музыцы агулам. Зразумела, канцэрты збольшага наведае публіка, ужо зарыентаваная ў беларускай прасторы, моўнай і культурнай. Але я спадзяюся, што прыйдуць таксама людзі, якія не гавораць па-беларуску, не слухаюць беларускай музыкі. Тыя, каму проста цікава, што адбываецца за мяжой. Нам хацелася б паказаць, з чым і як мы працуем тут, у Польшчы. Чаканні вялікія. Канечне, я не чакаю, што публіка ўпадзе ў экстаз, бо гэта папросту не тая музыка, ад якой людзі шалеюць. Але ў нашай музыкі ёсць свой настрой, і спадзяюся, што людзі адчуюць тое ж, што адчуваем мы, калі граем са сцэны.
Алесь Кот-Зайцаў для «Будзьма беларусамі!»