Экс-саліст Вялікага тэатра Беларусі Ілья Сільчукоў у жніўні 2020 года адкрыта выказаўся супраць гвалту, пасля чаго быў звольнены «за амаральны ўчынак». Пасля гэтага артыст цэлы год не мог весці канцэртную дзейнасць у Беларусі і мусіў з’ехаць, каб працягнуць працаваць.
У шчырым інтэрв’ю «Салідарнасці» Ілья распавёў, чаму ні разу не пашкадаваў пра сваю пазіцыю, чым займаецца ў ЗША і пра вяртанне на радзіму.
«Намеснік дырэктара ўдакладніў: можа, мяне нехта прымусіў выказацца, а я хачу абвергнуць?»
— У кастрычніку 2020-га ў тэатры ішла пастаноўка «Фаўста», але здарылася ўспышка кавіду. Я таксама хварэў і якраз быў на бальнічным. Пра сваё звальненне даведаўся са СМІ. Потым патэлефанаваў намеснік дырэктара і ўдакладніў, ці сапраўды я ўдзельнічаў у запісе роліка, можа, мяне хто прымусіў ці падставіў, а я не тое меў на ўвазе і хачу абвергнуць.
Нядаўна чуў іх новую версію пра тое, што тым, хто выказваў актыўна сваю пазіцыю, плацілі ажно па 400 тысяч долараў. Цікава, чаму менавіта па 400, адкуль у іх такая сума набегла? (смяецца).
— Артысты, якія адкрыта выказаліся, трапілі ў нейкія спісы, і нам сапраўды ў краіне немагчыма было выступаць. Я працягваў ездзіць у Еўропу, аднак у нейкі момант на мяжы да мяне сталі праяўляць павышаную цікавасць.
Не ведаю, чым гэта магло скончыцца. Але мы з сям’ёй прынялі рашэнне з’ехаць у ЗША, дзе жывуць мае сваякі.
— Канешне, не. У мяне не было ніякага шкадавання, таму што для мяне згода з самім сабой, са сваім сумленнем, душэўная раўнавага значна важнейшыя за нейкі ўяўны дабрабыт.
Шчыра кажучы, і выбару ніякага перада мной не стаяла. Для нармальнага чалавека іншай пазіцыі проста не магло быць.
Як можна было спакойна глядзець, напрыклад, на тое, як распраўляліся з артыстамі Купалаўскага тэатра! У такой сітуацыі нельга было рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Для мяне было відавочна, як паступіць, калі чыніцца такое беззаконне.
Пасля жніўня-2020 надышоў момант, калі маўчанне можна было расцэньваць як саўдзел у злачынстве. Я так лічу.
— Для мяне гэта стала трыгерам. Гэта мае калегі, сярод іх ёсць мае сябры. Мы з імі — адзін цэх.
Купалаўцы — гэта ДНК нацыі. Гэта вусны народа, культурная памяць! І ў адзін момант яны ўсе сталі ворагамі народа. І што, мне трэба было паверыць у версію прапаганды, што ўсе гэтыя людзі — нейкія асацыяльныя асобы, і заплюшчыць вочы на тое, што тэатра не стала? Як такое магчыма?
Трэба сказаць, што на той момант пераважная большасць супрацоўнікаў нашага тэатра былі аднагалоснымі. Мы адразу сабралі некалькі соцень подпісаў у знак салідарнасці з купалаўцамі. Пазней гэты спіс стаў прысудам для многіх маіх калег.
— Да шараговых супрацоўнікаў — са шкадаваннем. Думаю, у іх становішча прыкладна такое, як у жыхароў Крыма ці Данецка. У такіх умовах акупацыі перад кожным з іх стаіць складаны выбар — садзейнічаць акупантам ці спрабаваць неяк супрацьдзейнічаць, баставаць. Я разумею, што ў розных людзей могуць быць розныя прычыны для таго, каб зрабіць той ці іншы выбар, і нікога не магу асуджаць.
Але ёсць кіраўнікі, ёсць знакавыя фігуры, вядомыя артысты, музыканты, свяцілы. Гэтыя людзі, я лічу, не маюць права маўчаць. Яны павінны ўсведамляць сваю адказнасць.
Калі яны гучна маўчаць ці, яшчэ горш, пачынаюць падпяваць у тон уладам, — на мой погляд, гэта злачынна. Калі ты бачыш маэстра на сцэне, табе здаецца — ну, арол! Але атрымалася, што ў жыцці не ўсе яны аказаліся арламі.
— Рэпрэсіі ў краіне, у тым ліку і прадстаўнікоў культуры, працягваюцца. Іх затрымліваюць, даюць вялікія тэрміны. Вы сочыце за гэтымі падзеямі?
— Вядома. Я расцэньваю гэта як культурны генацыд. Для мяне цалкам відавочна, што гэта планамернае знішчэнне нашай духоўнасці. Калі кожны чалавек, які думае, становіцца лішнім. Гэтай уладзе патрэбныя толькі згодныя, з добра развітай ківальнай мышцай шыі.
А мы на працягу амаль трыццаці гадоў стваралі свой пласт, у нас з’явіўся нейкі патэнцыял, новыя плыні, імёны, маладыя таленавітыя рэжысёры і артысты. У нас сфармаваўся новы пласт інтэлігенцыі, якая ўжо бачыла свет, з іншымі поглядамі на мастацтва і на грамадства. І зараз іх усіх знішчаюць. Гэта трагедыя насамрэч.
— Што чакае краіну, якая знішчае сваю інтэлігенцыю і наогул усіх людзей, якія думаюць?
— Дэвальвацыя зместу. Застанецца толькі форма са «Славянскім базарам» і трэш-кантэнтам унутры.
Я не магу тут злараднічаць. Я вельмі люблю сваю краіну, адмовіўся з’язджаць з яе дваццаць гадоў таму, калі з’ехалі мае бацькі. Вельмі радаваўся, калі ў нас пачало атрымлівацца нешта сваё, нацыянальнае. Таму бачыць, як гэта ўсё разбураецца, як знішчаюць нашы падмуркі, вельмі балюча.
«У ЗША ўжо не трэба тлумачыць, што гэта за краіна Беларусь»
— Раскажыце пра сваю творчую дзейнасць, чым зараз займаецеся?
— Я жыву ў Бостане. Выкладаю ў прыватнай школе як «прафесар музыкі і тэатра». Зімой дэбютаваў у сцэнічнай версіі кантаты Клода Дэбюсі на біблейскі сюжэт «Блудны сын», пастаўленай Tacoma Opera.
Пачаў супрацоўнічаць з праектам ROP (Refugee Orchestra Projeсt). Гэта аркестр бежанцаў, эмігрантаў пад кіраўніцтвам Лідзіі Янкоўскай. І ў рэпертуары пераважаюць творы класікаў-эмігрантаў, якія, як і мы, вымушаны былі ў свой час з’ехаць з роднай краіны. Гэта і Расіні, і Даніцэці, і Рахманінаў.
Працягваю выступаць у некалькіх еўрапейскіх пастаноўках, толькі вяртаюся адтуль не дадому, а на іншы кантынент.
Заўсёды з задавальненнем пагаджаюся ўдзельнічаць у дабрачынных канцэртах, зараз — у дапамогу ўкраінцам. Вядома, увесь час працую над беларускімі праектамі. У Вашынгтоне адбыўся вялікі канцэрт з серыі «Чатыры стагоддзі беларускай вакальнай традыцыі», якую мы робім сумесна з калегай, музыкантам Таццянай Лойша.
Гэты праект мы з ёй прэзентавалі на Калядным форуме ў Вялікім тэатры Беларусі ў 2019 годзе. Ён тады ўсім вельмі спадабаўся і аказаўся вельмі запатрабаваным публікай. І тут дыяспара яго цудоўна прыняла.
Артыст з сям’ёй пасля канцэрта ў Distler Hall падчас Тыдня беларускай культуры ў ЗША
Бываюць выступленні, падчас якіх я па-сапраўднаму адпачываю. Нядаўна запрасілі на Беларускае Купалле. Гэта было незабыўна: вянкі, рэчка, беларуская музыка, песні, дранікі. Вельмі прыгожа! Вядома, усе паўдзельнічалі ў дабрачынным зборы для нашых суайчыннікаў, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
Наогул, гэтая хваля нашага нацыянальнага ўздыму, якая ўзнікла пасля 2020 года, вельмі натхняе. Зараз прымаю ўдзел у Днях беларускай культуры. У розных гарадах Амерыкі пройдзе больш за дзесяць канцэртаў, білеты на ўсе раскупленыя.
Афіша тура беларускіх артыстаў, які праходзіць па гарадах ЗША
— Як наогул з Амерыкі зараз бачацца падзеі ў Беларусі?
— Калі я кажу, што беларус, шмат каму ўжо не трэба тлумачыць, што гэта за краіна. Безумоўна, вайна ва Украіне ўнесла свае карэктывы, і парадак дня змяніўся. І беларусы, як і ўсе астатнія, зараз проста імкнуцца, як могуць, дапамагаць украінцам.
Напрыклад, тут беларуская і ўкраінская дыяспары ідуць поруч. Беларусы ўвесь час арганізуюць розныя дабрачынныя мерапрыемствы, і я заўсёды ў іх удзельнічаю.
Сам асабіста я моцна хвалююся за нашых хлопцаў, якія ваююць ва Украіне, за нашых герояў. Вельмі цяжка даведвацца пра смерць кагосьці з іх. Яны гінуць не толькі за Украіну, але і за нашу свабоду.
Я стэлефаноўваюся са сваімі калегамі і сябрамі ва Украіне, з нашым маэстра Вячаславам Волічам, які працуе ў Адэскім оперным тэатры, і яны даюць спектаклі проста цяпер. Там жа спявае наш тэнар Эдуард Мартынюк.
«Ілья, навошта ты лезеш у палітыку?»
— Цяпер беларусы вельмі шмат рэфлексуюць на тэму калектыўнай віны.
— Я стаўлюся да ўдзелу Беларусі як да ўдзелу Херсона ці Марыупаля. Калі адтуль ляцяць ракеты на астатнюю частку Украіны, гэта не азначае, што жыхары гэтых гарадоў за тое, каб ракеты ляцелі. Яны проста не могуць нічога зрабіць.
Я якраз адзін з нямногіх, хто быў упэўнены, што вайна будзе. Разумеў гэта з самага пачатку так званых сумесных вучэнняў у верасні 2021 года. Але я ніколі не сумняваўся ў перамозе Украіны.
Мы ўсе бачым, што Расія не дасягнула ніводнай са сваіх мэт. Цяпер ім даводзіцца задавальняцца літаральна выдушваннем украінскай арміі з кавалачкаў тэрыторыі ў Луганскай вобласці, а хацелі дайсці ледзь не да Ла-Манша.
— Яшчэ ў пачатку гэтага года вы казалі, што марыце вярнуцца ў Беларусь. Ці змянілася ваша меркаванне?
— Я з радасцю вярнуся ў Беларусь, як толькі будзе магчымасць. Калі там нічога не будзе пагражаць майму жыццю, маёй сям’і, маёй творчасці.
У 2020 годзе мы зразумелі, што мірны варыянт змены ўлады ў нашай краіне не прайшоў і ўвесь народ раптам аказаўся лішнім. Гэтая ўлада думае, што зможа замяніць увесь народ. Але гэта ў іх, канешне, не атрымаецца.
— І ўсё ж усе вашыя родныя жывуць у ЗША шмат гадоў. А вы заставаліся ў Беларусі і нават гэты свой ад’езд лічыце часовым і маеце намер вярнуцца. Вы — сапраўдны патрыёт.
— Зараз вельмі абясцэнілі сэнс гэтага паняцця. А мне сапраўды было добра ў Беларусі, я адчуваў і працягваю адчуваць сябе датычным да фармавання культуры нашай краіны.
У 2020 годзе, якраз напярэдадні выбараў, у мяне адбылася размова з адным з калегаў, які меў супрацьлеглы пункт гледжання. Ён спытаў: «Ілья, навошта ты лезеш у палітыку? У цябе ўсё ёсць: сям’я, паспяховая кар’ера тут, кантракты ў Еўропе, куча прэмій і ўзнагарод».
Гэты чалавек нават думкі не дапускаў пра тое, што нехта можа хацець чагосьці большага, чым проста дасягнення сваіх асабістых даброт. Што нехта можа хацець добрага не толькі для сябе, але і для іншых. А я б хацеў, каб усе беларусы маглі таксама рэалізавацца, як я, маглі зарабляць, маглі марыць і здзяйсняць свае мары.
Але гэтай сістэме не патрэбныя такія, ёй патрэбныя людзі з абмежаваным гарызонтам: праца, кватэра, нейкі заробак, а далей — каб рабілі, што скажуць.
А я хачу, каб ва ўсіх быў выбар і магчымасць пашырыць свае гарызонты.