Мінскі жывапісец і стрыт-арт мастак Дзмітрый Кашталян праілюстраваў адзін з артыкулаў The New York Times, прысвечаны птушкам Дадо, піша «Наша Ніва» са спасылкай на Chrysalis Mag.
Дзмітрый Кашталян. Фота: dkashtalyan / Instagram
Арт-дырэктар The New York Times палічыў, што стыль беларускага мастака найбольш пасуе для артыкула пра птушку Дадо.
Артыкул «Аб чым нам кажа Дадо праз 300 год пасля свайго вымірання». Скрыншот: The New York Times
Дзмітрый Кашталян распавёў Chrysalis Mag, што супрацоўніцтва з буйным амерыканскім выданнем яму прапанаваў адзін з арт-дырэктараў, які сочыць за творчасцю мінскага ілюстратара.
«Для гэтага артыкула я стварыў некалькі розных эскізаў. Камандзе выдання спадабаўся адзін з іх, і мы разам давялі яго да розуму. Яны прапанавалі вельмі дакладныя і выйгрышныя змены, што палепшыла агульны канцэпт і захавала мне прастору як аўтару», — распавёў ён.
Да The New York Times Кашталян маляваў для іншых заходніх выданняў: Harper’s Magazine, Technology Review, AFAR Media, Entertainment Weekly.
Дзмітрый Каштялян — мастак з Мінска, аўтар некалькіх графіці ў горадзе. Кашталян займаецца творчасцю больш за 20 гадоў і працуе ў дэталізаванай тэхніцы «датворк» ці «пуантылізм».
Графіці Дзмітрыя Кашталяна «Малпа ў пасуднай краме» ў Мінску. Фота: kashtalyan.com