11 студзеня 2025 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэнне чатыры паштовыя маркі з серыі «Маляванка».
Маркі з серыі «Маляванка». Фота: t.me/BelpostNews
Намінал кожнай маркі — N. Тыраж марак па 30 тыс. Маркі друкаваліся таксама ў малым лісце тыражом — 7 тыс.
Праект падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з гісторыка-культурным музеем-запаведнікам «Заслаўе».
Маркі з серыі «Маляванка». Фота: t.me/BelpostNews
У дзень выпуску паштовых марак у абарачэнне на паштамце Мінска будзе праводзіцца спецыяльнае гашэнне на канверце «Першы дзень».
Да гэтага выпуску падрыхтаваны карткі для картмаксімумаў.
«Маляваныя дываны», яны ж маляванкі — асаблівы від народнага мастацтва Беларусі. Яго адносяць да так званага наіўнага мастацтва — кірунку прымітывізму. Маляванкі ўяўляюць сабой вялікія (да 2 метраў) дываны, намаляваныя, як правіла, на даматканым палатне, афарбаваным у чорны колер.
Маляванкі атрымалі вялікае распаўсюджванне ў перыяд з 1920-х па 1960-я гады. Іх вешалі на сцены ў дамах для ўпрыгожвання або як абярэг. Паступова гэты від мастацтва пайшоў на спад з-за развіцця фабрычнай вытворчасці дываноў.
Сёння размаляваныя дываны можна ўбачыць у музеях Беларусі. Самая вялікая калекцыя (каля 300 адзінак) знаходзіцца ў зборы гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе». Найбольш вядомыя і самабытныя мастакі, якія працавалі ў гэтым напрамку, — Алёна Кіш і Язэп Драздовіч, чые творы і прадстаўлены на паштовых марках з серыі «Маляванка».
А ў эмігранцкай беларускай філатэліі выйшаў маркавы лісток, прысвечаны беларускай культуры, выдадзены поштай Польшчы праз паслугу «Мая марка» (Mój znaczek), піша «Радыё Рацыя».
Маркавы лісток эмігранцкай беларускай філатэліі. Фота: racyja
Маркі лістка прысвечаны тром тэмам. На першай марцы Вольны хор выконвае песьню «Муры». Другая марка прысвечана Беларускаму Свабоднаму тэатру. На марцы афіша оперы «Дзікае паляванне караля Стаха», размешчаная на адным з будынкаў Лондана, і фінальны выхад украінскіх і беларускіх артыстаў, выканаўцаў оперы.
Трэцяя марка прысвечана Вольным Купалаўцам. На марцы сцэна з паэмы «Дзяды» Адама Міцкевіча ў выкананні Вольных Купалаўцаў. На палях маркавана лістка партрэты Уладзіміра Караткевіча, аўтара кнігі «Дзікае паляванне караля Стаха» і Адама Міцкевіча, аўтара паэмы «Дзяды».