Трагічная і страшная ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года вось ужо чацвёрты год становіцца для беларусаў ва ўсім свеце сімвалам яднання, моцы творцаў перад тварам страху і пагрозы. Паэты, расстраляныя ў 1937-м, для нас сёння з’яўляюцца прыкладамі асобаў з цвёрдай воляй і прагай да свабоды творчасці, за якую можна заплаціць нават коштам уласнага жыцця.
Каардынатары «Ночы паэтаў» заклікаюць беларусаў ва ўсім свеце далучыцца да акцыі памяці, спланаваць вечарыну ў сваім горадзе і дадаць яе на агульную мапу падзей праз адмысловую форму на сайце nochpaetau.com. Свае прапановы па правядзенні ночы паэтаў можна дасылаць таксама на электронны адрас nochpaetau@proton.me. Каб засведчыць маштаб акцыі #ночпаэтаў, каб памятаць, каб быць разам.
Паэтычны вечар ці прагляд кіно, маўклівая акцыя памяці на гарадской плошчы ці сяброўская вячэра — кожны арганізатар традыцыйна можа выбраць свой фармат, а матэрыялы (бібліятэчка, пераклады вершаў на мовы свету, партрэты расстраляных паэтаў і спіс рэпрэсаваных творцаў), сабраныя на сайце, дапамогуць падрыхтавацца да падзеі. Таксама можна скарыстацца шаблонамі і на іх аснове падрыхтаваць свае афішы ды пасты ў сацсетках.