Сяброўка Пашыранай Рады згуртавання беларусаў Германіі «RAZAM e. V.» і суарганізатарка фестывалю «Minsk x Minga» Іна Валіцкая распавяла budzma. org, як паўстаў буйны фестываль беларускай культуры ў Баварыі, чым ён адрозніваецца ад «Мюнхеншчыны» і якую падтрымку аказваюць нямецкія ўлады беларускім творцам.
Іна Валіцкая
— Іна, як вы апынуліся ў Германіі і як вы аказаліся звязанай з беларускай культурай?
— Я прыехала ў Германію больш за 20 гадоў таму. Пасля Мінскага лінгвістычнага ўніверсітэта вырашыла працягнуць адукацыю, скончыла ў Берліне ўніверсітэт, пабралася шлюбам, таму так і засталася ў Германіі. Доўгі час жыла ў Берліне, але ў 2013 годзе пераехала ў Баварыю, у Мюнхен, дзе для людзей з гуманітарнай адукацыяй больш спрыяльныя ўмовы для працы і кар’еры.
Цяпер працую ў галіне інтэлектуальнай уласнасці, у Мюнхенскім офісе адной амерыканскай фірмы. Спачатку патрапіла туды як перакладчыца, а ўжо пасля вывучыла законы і здала адпаведныя іспыты экстэрнам.
Таксама выкладаю ў Мюнхенскім універсітэце Людвіга Максіміліяна (LMU) на кафедры славістыкі. Гэта тое, чым я зарабляю на жыццё, у астатніх праектах я звычайна працую ў якасці валанцёркі.
У 2020 годзе, пасля пачатку масавых пратэстаў і мірнай рэвалюцыі ў Беларусі, я пачала ў групе перакладчыкаў Voice of Belarus перакладаць на нямецкую і ангельскую навіны, інтэрв’ю, публіцыстыку з нашай краіны. Мы мелі на мэце распаўсюдзіць інфармацыю незалежных выданняў пра падзеі ў Беларусі па ўсім свеце. Пляцоўка Voice of Belarus стала важнай крыніцай ведаў у тым ліку для нямецкіх афіцыйных установаў і медыяў.
І, канечне, я актыўна ўдзельнічала ў мерапрыемствах беларусаў Германіі ў падтрымку мірных пратэстаў на Радзіме. Таму так атрымалася, што трапіла ў лік прадстаўніц дыяспары, якіх запрасілі ў Баварскую Дзяржканцылярыю пазнаёміцца і абмеркаваць тэмы, звязаныя з Беларуссю.
І тады, і зараз адным з асноўных клопатаў згуртавання беларусаў з’яўляецца дапамога ўцекачам з Беларусі, якія апынуліся ў Германіі. Напрыклад, у лагеры ў многіх няма разумення, як дзейнічаць далей і чаго ўвогуле чакаць ад нямецкай бюракратыі.
Але на сустрэчы ў Баварскай Дзяржканцылярыі выявілася, што пытанні, звязаныя з уцекачамі, разглядаюцца на федэральным узроўні. Калі ж я распавяла пра планы і жаданні дыяспары наконт арганізацыі культурных імпрэз, гэта зачапіла прадстаўнікоў Дзяржканцылярыі, і яны прапанавалі падрыхтаваць праект. Так і нарадзіўся фестываль «Minsk x Minga».
Фота: Паша Крычко
У гэтым годзе мы будзем праводзіць яго ўжо ў трэці раз. Фестываль я ладжу разам з Хрысцінай Дарапей, маёй каляжанкай па RAZAM і сяброўкай. Штогод у самую гарачую пару правядзення фестывалю нам дапамагае каманда валанцёраў.
Іна Валіцкая і Хрысціна Дарапей
— Што азначае назва фестывалю?
— Minga — назва Мюнхена на баварскім дыялекце. Таму назва фестывалю адлюстроўвае жаданне пабудаваць своеасаблівы сімвалічны мост паміж беларускай і баварскай культурамі.
Цягам мінулых гадоў мы займелі добрую рэпутацыю, з намі жадаюць супрацоўнічаць розныя інстытуцыі: кожны раз да «Minsk x Minga» далучаюцца новыя нямецкія фундацыі і ўстановы. Нават калі яны не могуць дапамагчы фінансава, то могуць падтрымаць інфармацыйна ці знайсці памяшканне. Штогод імпрэзаў на фестывалі каля дзясятка: канцэрты, выставы, спектаклі, спевы і танцы і інш.
— Калі адбудзецца фестываль «Minsk x Minga» ў гэтым годзе?
— 11-13 кастрычніка ў Мюнхене. Пляцоўкі пакуль раскрываць не можам, паколькі дамовы яшчэ толькі вусныя. Што датычыцца датаў правядзення фестывалю, мы ўлічылі ранейшую крытыку. Раней фестываль праходзіў у апошнія выходныя школьных вакацый у Баварыі, калі многія жыхары Баварыі яшчэ не паспявалі вярнуцца з паездак (хаця ў нас было багата гасцей з іншых нямецкіх земляў, з Швейцарыі, Аўстрыі, Чэхіі і Польшчы).
Таму мы ўлічылі гэтае пажаданне, як і той факт, што з сярэдзіны верасня да пачатку кастрычніка ў Мюнхене праводзіцца сусветнавядомы Oktoberfest, падчас якога горад знаходзіцца ў даволі экстрэмальным стане і кошты на жытло вельмі высокія.
— Наведвальнікі фестывалю «Minsk x Minga» — гэта перш за ўсё беларусы?
— Так, але хапае гасцей і з ліку немцаў і замежнікаў. Часта гэта людзі, якія маюць нейкае дачыненне да Беларусі. Мы маем жаданне пашыраць знаёмствы і інфармацыю пра Беларусь, таму прапануем нашым наведвальнікам і наведвальніцам запрашаць сваіх нямецкіх сяброў, каб паказаць нашую багатую культуру. Таксама запрашаем прадстаўнікоў амбасадаў і ўкраінскіх аб’яднанняў.
— Сустрэў характарыстыку вашага фестывалю як найбуйнейшай штогадовай беларускай культурнай падзеі ў Заходняй Еўропе...
— З аднаго боку, гэта можа выклікаць усмешку, але ж факт застаецца фактам: гэты адзіны беларускі фестываль такога маштабу ў Заходняй Еўропе.
— Чым адрозніваюцца фестывалі «Мюнхеншчына» і «Minsk x Minga»?
— У іх вельмі розныя фарматы і мэты. «Мюнхеншчына» перш за ўсё накіравана на згуртаванне дыяспары, знаёмства беларусаў і беларусак паміж сабою. Яна праходзіць у фармаце намётавага летніка ў лесе з воркшопамі і канцэртамі. Бацькі бяруць з сабою дзяцей, запрашаюць знаёмых.
«Мюнхеншчына-2024», якую я вельмі люблю і ў арганізацыі якой таксама дапамагаю па меры магчымасцяў, праходзіла 28-30 чэрвеня ў Нойбургу-на-Дунаі.
Фестываль «Minsk x Minga», як я ўжо сказала, накіраваны на прасоўванне незалежнай беларускай культуры ў свет, на нараджэнне праектаў паміж баварскімі і беларускімі творцамі.
Дарэчы, мы як прадстаўнікі аб’яднання беларусаў Германіі RAZAM e. V. напачатку года мелі сустрэчу з міністаркай культуры Клаўдзіяй Рот. З боку нямецкіх уладаў мы адчуваем зацікаўленасць і жаданне дапамагаць. Разам з тым не сядзім склаўшы рукі, а звяртаем на сябе і свае праекты ўвагу, ініцыюем кантакты з рознымі структурамі і арганізацыямі. У выніку з’яўляюцца карысныя і цікавыя ініцыятывы.
Напрыклад, пры падтрымцы нямецкага МЗС ужо некалькі год ладзіцца праграма рэзідэнцыяў PerspAKTIV для незалежных беларускіх творцаў — у Польшчы і Германіі. Вынікі гэтых рэзідэнцыяў вельмі цікавыя і значныя, мы імкнемся паказваць іх на нашым фестывалі ў Мюнхене.
— Многія ўпадаюць у дэпрэсіўны настрой, калі бачаць, што адбываецца ўнутры Беларусі. Што вы робіце, каб не пайсці па такім шляху?
— Сапраўды, у апошні час нямала людзей, на жаль, адыходзяць ад актывізму. Як сяброўка RAZAM e. V. я бачу задачу ў тым, каб усім тым беларусам, якія хочуць праяўляць актыўнасць і быць карыснымі, мы маглі прапанаваць цікавы сегмент працы. На мой погляд, гэта адзін з найлепшых спосабаў паратунку ў сённяшняй сітуацыі.
Антон Навумчык, budzma.org