Тэатральная прадзюсарсткая ініцыятыва Inexkult працуе менш за год, але зроблена ўжо шмат. З нагоды Міжнароднага дня тэатра Inexkult распавядае пра вынікі працы на сваёй старонцы ў Facebook.
Inexkult — прадзюсарская ініцыятыва, якая складаецца з беларускіх і польскіх спецыялістаў у галіне менеджменту выканальніцкага мастацтва, PR і дызайну. Яна стварае ўмовы для творчай рэалізацыі і ўстойлівага развіцця праектаў незалежнай беларускай культуры.
«Яшчэ не падышоў да канца наш першы год дзейнасці, але сёння ёсць добрая нагода кораценька расказаць пра ўсё, што паспелі! А паспелі мы зладзіць паказы больш за 20 спектакляў, якія паказалі агулам больш за 30 разоў! Сярод іх 3 прэм’еры! Гэта больш за 4000 квіткоў сярод 8 еўрапейскіх гарадоў, ад Берліна да Вільні! Дадайце да гэтага яшчэ 4 бясплатныя чыткі ў бары Karma crew Warsaw і 5 праектаў для дзяцей», — пішуць удзельнікі праекта.
Незалежныя беларускія тэатралы ў Варшаве.Фота Наталлі Паповай (з асабістага архіву Вольгі Кулікоўскай)
У сённяшніх умовах эміграцыі для беларускіх артыстаў важна інтэгравацца ў мясцовае культурнае асяроддзе і абменьвацца творчым і жыццёвым вопытам, каб лепей зразумець адно аднаго, таксама гэта не менш значна і для мясцовай беларускай публікі, якой не стае менавіта роднай мовы і тэатра.
Уся праца была створаная беларускімі і міжнароднымі камандамі з удзелам беларусаў. Сярод іх рэжысёры Юра Дзівакоў-Душэўскі , Chornabrova, Андрэй Новік, Раман Падаляка, Павел Пасіні, Аляксандар Гарцуеў, Tatsiana Dzivakova, Пётр Непагода, каманды BY teatr, Teatr Nettheatre, Диафильм live, Казачкі бай і іншыя.
«Гэта ўзоры творчай сілы, працоўнага імпэту, клопату і прафесійнай падтрымкі тэатральнай супольнасці. Запрашэнне пабыць разам у няпэўныя часы,» — зазначылі ў допісе.
Чытайце яшчэ:
Тэатральная прадзюсарка Вольга Кулікоўская: «Самая вялікая мая мара — яшчэ раз зайграць "Тутэйшых" з тым самым складам з верасня 2020 года»