Сцэнічная чытка п’есы «Інсула» беларускага драматурга Максіма Дасько адбудзецца ў Лондане

Беларуска-брытанскі рэжысёр Уладзімір Шчэрбань ладзіць у Лондане сцэнічную чытку п’есы Максіма Дасько. Беларускі драматург, аўтар нашумелых у 2010-ых п’ес «Лондан», «Онікс», напісаў новы твор пасля некалькіх гадоў маўчання, піша reform.news.

«Insula»
Фрагмент афішы сцэнічнай чыткі п’есы «Інсула»

Максім Дасько — беларускі драматург з адметным голасам, аўтар п’ес «Лабрум», «И сострадание вмиг открыло ей», «Радио «Культура», «Титан», ды іншых твораў, які прыйшоў у драматургію з фатаграфіі. Яго эксперыментальныя тэксты былі адзначаны на прэстыжных драматургічных конкурсах: «Свободный театр», «Любимовка», «Золотая маска» у 2010-тыя; у апошнія гады Максім Дасько ўзяў творчую паўзу. Яго новы твор — «Інсула» — Уладзімір Шчэрбань называе знакавым — як для самога драматурга, так і і для сучаснага тэатра ўвогуле.

«Менавіта такой — знакавай — я яе бачу і з камандай уражальных актораў (пра якіх я хутка распавяду асобна) мы прадставім яе гледачам 23 верасня», — анансаваў сцэнічную чытку твора беларускі рэжысёр у сваіх сацсетках.

Дзеянне п’есы адбываецца ў невялікай, мірнай навуковай вёсцы (Інсула), размешчанай у невядомым месцы, куды можна дабрацца, толькі перажыўшы жахі вайны. Менавіта там усе героі сустракаюцца і дзеляцца сваім досведам, а мясцовыя сівавалосыя квантавыя фізікі стаяць на парозе адкрыцця, якое можа выратаваць чалавецтва.

«П’еса — гэта поліфанія, у якой трагедыя цесна пераплятаецца з камедыяй, а нізкае — з узнёслым», — распавядае Уладзімір Шчэрбань.

Нагадаем, што для беларуска-брытанскага рэжысёра гэта не першы досвед працы з тэкстамі Максіма Дасько — менавіта ў 2014 годзе Уладзімір Шчэрбань ладзіў чыткі пераможцаў міжнароднага конкурса сучаснай драматургіі, зладжанага Беларускім свабодным тэатрам ў Мінске і Лондане. Тады ж Максім Дасько атрымаў Гран-пры конкурсу.

Час і месца перформанса: 23 верасня, 19.00, пляцоўка Stone Nest. Падрабязнасці тут.