Відэагульні, рэклама і гранты. На чым зарабляюць беларускія музыкі?

Папулярнасць не тое ж самае, што фінансавая ўстойлівасць, але зарабляць музыкай можна — лічаць артысты і эксперты. За апошнія гады беларуская сцэна нават зрабілася больш бачнай у свеце, і ёсць хіба адзін мінус: самім беларусам часам прасцей і выгадней выступаць не дома, а, скажам, у Расіі.

Хто з беларускіх музыкаў зараз найбольш паспяховы ў плане фінансаў і якія іх галоўныя крыніцы даходу? Што змянілася ў беларускай музыцы пасля 2020 года? Паразмаўлялі пра гэта з экспертамі і музыкамі.

Kancert

Эканоміка суперзорак

«Я стану рок-зоркай», — часта думаюць маладыя і натхнёныя музыкі, але няшмат у каго сапраўды атрымаецца. Большасць будзе займацца музыкай з-за любові і драйву, мець нішавую аўдыторыю і ўкладаць уласныя грошы.

«Калі шчыра, то я не зусім разумею, як выжываюць мае любімыя гурты», — кажа эканаміст і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы Поль Кругман у 2022 годзе на адной з найбуйнейшых музычных падзей ЗША, канферэнцыі South by Southwest.

Адныя музыкі ідэйна супраць граць за грошы, іншыя б не адмовіліся. Артысты зарабляюць на жывых выступах, і ім цяжка гэта зрабіць на запісах, зазначае эканаміст і меламан. Але, дадае ён, не кожны гурт можа сабраць вялізную залю і дазволіць сабе высокія кошты на квіткі.

Поль Кругман тлумачыць гэта капіталістычнай тэндэнцыяй, згодна з якой добра можа зарабляць толькі 1% выканаўцаў — і, верагодна, адсылае да адной папулярнай тэорыі. Згодна з ёй, у шэрагу прафесій працуе «эканоміка суперзорак» і няма справядлівага размеркавання даходаў. Здаецца, гэтая яго ідэя мае падцверджанне. Брытанскія даследчыкі кажуць, што на 1% артыстаў прыходзіцца 75-80% праслухоўванняў на стрымінгавых платформах.

Беларуская сцэна выглядае амаль падручнікавым прыкладам такой «эканомікі суперзорак»: некалькі вельмі паспяховых імёнаў і вялікая колькасць музыкаў, для якіх творчасць не становіцца стабільнай прафесіяй.

Molchat Doma і Макс Корж — дзве формулы поспеху беларускай музыкі

Molchat Doma
Molchat Doma. Фота: exitfest.org

Дык як тады дасягнуць поспеху, і што такое ўвогуле поспех?

Формулы поспеху ў беларускай музыцы могуць выглядаць вельмі па-рознаму. Гэта можа быць самаакупальнасць гурта, стабільная аўдыторыя і падтрымка слухачоў. Для іншых — вялікія канцэрты, мільёны праслухоўванняў ці здольнасць трапіць у нерв эпохі.

Прывядзем пару самых вядомых прыкладаў апошніх гадоў сярод беларусаў і паразважаем пра іх формулу поспеху.

• Формула №1: Аб’яднаць тых, хто страціў дом

Поспех Макса Каржа музычныя крытыкі тлумачаць яго фенаменальнай здольнасцю збіраць еўрапейскія стадыёны з беларусаў, украінцаў і рускіх, якія страцілі свой дом. На канцэрты Каржа ідуць, каб «маральна пагрэцца» і адчуць, што ты не адзін у гэтым выгнанні. Яшчэ адзін элемент поспеху — музычны стыль. Гэта камбінацыя душэўнай дваровай лірыкі плюс сучаснага электроннага гуку пад стадыённыя рэйвы.

• Формула №2: Настальгія + тэхналогіі + сусветны трэш

Феномен папулярнасці гурта Molchat Doma шмат у чым нагадвае поспех серыяла «Дзіўныя справы» (Stranger Things). Даследчык постсавецкай музычнай культуры з Манчэстэрскага ўніверсітэта Марка Біязіёлі тлумачыць поспех калектыву «рэтраманіяй» — настальгіяй па 1980-х гадах. У гэтай эстэтыцы сучасныя зумеры і міленіялы ніколі рэальна не жылі, але выдатна ведаюць яе па кінематографе як на Захадзе, так і на постсавецкай прасторы.

Для беларускага калектыву формула поспеху склалася са спалучэння адметнага стылю, лічбавых алгарытмаў і агульнага попыту на змрочную постпанк-эстэтыку ў часы глабальнай нестабільнасці. Вірусны трэк «Судно» патрапіў у трэнды TikTok якраз падчас пандэмійнай ізаляцыі і выдатна зайшоў ад Еўропы да Амерыкі.

Як музыка робіцца працай

Ці ўсе вядомыя гурты працуюць хаця б у ноль альбо зарабляюць?

Не, і прычынаў гэтаму шмат: ад цэнзуры да праблем з камунікатыўнай стратэгіяй, ад засілля музыкі, створанай штучным інтэлектам, да недахопу рознага кшталту ўменняў у саміх музыкаў. Тым не менш гісторыі поспеху ёсць.

Але як тады зразумець, што такое для беларускага выканаўцы — паспяховы поспех? Магчыма, трапляць у рэйтынгі і атрымліваць ацэнкі экспертаў, як некалі на сайце ці, напрыклад, у падборку музычных экспертаў на Белсат за 2025 год?

Туды ўвайшлі гурты «Союз» і Leibonik, выканаўца Анастасія Рыдлеўская. Але, напрыклад, лідар гурта Leibonik Сяргей Башлыкевіч нам расказаў, што не музыка яму дае сродкі на жыццё.

Anastasija Rydlieŭska
Анастасія Рыдлеўска. Фота: Белсат

Ды і ў «прарыве», па версіі экспертаў, у гурта Syndrom Samazvanca сітуацыя падобная. У творчым плане гурт выглядае паспяховым, выдадзена 4 альбомы, кожны з якіх вылучаецца нечым новым. Але канцэрты не заўсёды акупаюцца, плюс музыкі часцей за ўсё самі аплачваюць інструменты, памяшканне для рэпетыцый, студыі, запіс, звядзенне, майстарынг, здымкі відэа, мантаж, дыстрыбутара, выданне на фізічных носьбітах (ну і часам на гэта ідуць грошы ад фанатаў, якія гурт збірае праз краўдфандынг).

Такім чынам, нават вядомасць у музычнай супольнасці ці высокія ацэнкі крытыкаў яшчэ не гарантуюць устойлівага заробку. На практыцы часта ёсць розніца паміж «нас ведаюць» і «мы можам жыць толькі музыкай».

Розніцу паміж папулярнасцю і ўменнем зарабляць тлумачыць музычны прамоўтар Ян Папкоў у часопісе 34mag.net. Ён кажа, што музыкі могуць зарабіць, пераўтвараючыся ў кантэнт-мэйкераў, мець мільёны праслухоўванняў і пры гэтым не збіраць вялікія залі.

Зрэшты, ён усё адно ўпэўнены, што так ці іначай, але поспеху дамагчыся можна: «Калі ў цябе не атрымліваецца, то або кантэнт гаўно, або ты мала працуеш», — каментуе Ян Папкоў.

Досвед паказвае, што пры добрым менеджменце пастаянныя выступы і продаж мерчу могуць даваць добры грунт для існавання гурта, пра што гаворыць і Аляксандр Багданаў (Papa Bo) у папярэднім тэксце

Тры галоўныя крыніцы даходу беларускіх музыкаў

Хто з музыкаў зараз найбольш паспяховы ў плане фінансаў, і за кошт чаго яны забяспечваюць сваю творчасць? Пра гэта мы паразмаўлялі з экспертам па беларускай музыцы, які пажадаў застацца ананімным.

Паняцце поспеху ў музыцы вельмі адноснае, бо для некага паказчыкам будзе сам факт выхаду трэка на Spotify, для іншых — канцэрт на сотню чалавек альбо поўны стадыён. Але часам фінансы паказваюць устойлівасць як асобнага праекта, так і ўсёй індустрыі.

У адказ на пытанне пра беларускіх артыстаў, якія здольныя цалкам забяспечваць сябе выключна за кошт уласнай творчай дзейнасці, эксперт у першую чаргу называе Макса Каржа, Molchat Doma, Ціму Беларускіх і Nemiga, затым у якасці ўстойлівых праектаў таксама адзначаюцца Андрэй Пазняк, Каця Кацікава, IOWA і Мэйби Бэйби.

Асноўнай дзейнасцю для гэтых музыкаў з’яўляецца творчасць. У беларускіх рэаліях як унутры краіны, так і ў эміграцыі, эксперт вылучае тры асноўныя крыніцы даходу.

  • Першая — гэта стрымінгі, але прыбытак тут моцна розніцца, ад дзесяці долараў да дзясяткаў тысяч долараў за месяц.
  • Другой важнай крыніцай застаюцца жывыя канцэрты, фэсты, карпаратывы і вяселлі.
  • На трэцім месцы ідзе рэклама і праца з брэндамі. Калі ў гурта развіты ўласны брэнд, з’яўляецца магчымасць інтэграцый, у першую чаргу ў Instagram.

Як артысты зарабляюць на відэагульнях і рэкламе

Асобна эксперт звяртае ўвагу на выкарыстанне трэкаў у фільмах, серыялах і гульнях, якое набірае папулярнасць. Прычым пасля паказу ў серыяле ці гульні новая аўдыторыя пачынае актыўна шукаць трэк і слухаць яго на стрымінгах. Напрыклад, нішавы фолк-артыст Dzivia атрымлівае значную частку даходу праз стварэнне музыкі для відэагульняў. Гэта забяспечвае яму стабільнасць, а выкарыстанне трэкаў у гульнях дадаткова «пушыць» праслухоўванні на стрымінгавых платформах, што дазваляе захоўваць якасны ўзровень жыцця нават пры меншай актыўнасці ў канцэртнай дзейнасці.

Dzivia
Dzivia. Фота: https://www.facebook.com/arturdzivia

Сярод буйных камерцыйных кейсаў узаемадзеяння беларускіх музыкаў з сусветнымі брэндамі эксперт прыводзіць некалькі прыкладаў. Так, песня праекта Domson была афіцыйна выкарыстана ў свежай рэкламе Adidas, выканаўца Palina стварала музыку для брэнда Casablanca, а трэк гурта Molchat Doma гучаў у рэкламе Twix. Акрамя таго, эксперт адзначае паспяховую інтэграцыю Мэйби Бэйби ў прасоўванне сеткі KFC і выпадак з гуртом Police in Paris, якія супрацоўнічалі з брэндам Mark Formelle, а нядаўна трапілі ў саўндтрэк да праекта Netflix.

Яшчэ адной крыніцай, хоць і для вельмі малога адсотка артыстаў, з’яўляюцца гранты і рэзідэнцыі. Прычым падобная сістэма падтрымкі існуе як у Еўропе, так і ўнутры Беларусі. Акрамя гэтага, музыкі часта прадаюць дадатковыя сэрвісы, такія як музычнае прадзюсаванне, саўнд-інжынірынг, гострайтынг альбо напісанне песень пад ключ для іншых, ці проста займаюцца выкладаннем вакалу ці музыкі.

POLYN займаецца прадакшнам і не толькі, але бачыць музыку як нешта большае

Існуе меркаванне, што беларускія гурты часцей за ўсё шырока вядомыя ў вузкіх колах і іх творчасць сябе не акупае. Шмат хто з гуртоў адзначае, што канцэрты ці туры — гэта прыбытковая дзейнасць, але арэнда кропкі, набыццё інструментаў і іншыя выдаткі патрабуюць укладанняў, і амаль усе маюць іншыя працы.

Музыкі з гурта POLYN распавядаюць, што не лічаць сябе папулярнымі ў звыклым разуменні, з вялікімі лічбамі і пазнавальнасцю для шырокай аўдыторыі. «У нас ёсць свая аўдыторыя, свой маленькі свет вакол музыкі (бурбалка), і нам гэта вельмі каштоўна», — адзначаюць яны і дадаюць, што заставацца на плаву дапамагае доўгая і стабільная праца.

Пры гэтым удзельнікі калектыву займаюцца выключна музыкай і сумежнымі рэчамі: яны актыўна граюць і самі займаюцца прадакшнам. Адпаведна, і асноўны прыбытак гурта звязаны з гэтай сферай. Гэта выкладанне, продаж песень, аранжыроўкі і выступы ў якасці сесійных музыкаў, паколькі са стрымінгаў вялікага заробку пакуль няма.

Кардынальных змен у сваім жыцці POLYN пакуль не плануе. Адзінае, музыкі прызнаюцца, што вельмі хацелі б мець кантэнт-мейкера. На іх думку, праца над візуалам і сацсеткамі для сучаснага артыста стала амаль асобнай поўнай занятасцю: «Калі ўсё робіць адзін чалавек, вельмі лёгка перагрузіцца і проста пачаць губляць любоў да самой музыкі». Самі ж удзельнікі POLYN працягваюць займацца творчасцю не дзеля грошай, бо для іх музыка — гэта «нешта большае».

У 2020-м можна было выехаць на салідарнасці, сёння ж умовы дыктуе рынак

«Sindrom samazvanca»«Сіндром самазванца». Фота: Фб гурта



Любыя сацыяльныя змены адлюстроўваюцца ў культуры і яе стане. Так і 2020 год адбіўся на сцэне — беларуская музыка сапраўды атрымала больш увагі як унутры краіны, так і ў эміграцыі. Гэта зазначае як дзяржаўная музычная індустрыя, так і асобныя музыкі. Незалежныя ж эксперты кажуць пра больш комплексныя змены ў музычнай сцэне і яе ўмовах.

Эксперт па беларускай музыцы, які пажадаў застацца ананімным, тлумачыць, што пасля 2020 года адбыўся сапраўдны бум і ўсплёск стварэння новых калектываў. Ён параўноўвае той перыяд з метафарай: дзе ні пасей зерне — яно прарасло б нават на асфальце.

Попыт на беларускі кантэнт быў велізарны, незалежна ад якасці прасоўвання. Гэтая хваля трымалася і ў 2022 годзе, пасля чаго ў 2023-м адбыўся спад, а ў 2024-2025 гадах усё вярнулася да ранейшага статус-кво, толькі з крыху большымі паказнікамі.

Паралельна з гэтым усплёскам фактычна сфармаваліся новыя асяродкі беларускай дыяспары ў Польшчы, Літве, Германіі, Партугаліі, Англіі, Іспаніі, Грузіі, Арменіі і іншых краінах. Гэта змяніла геаграфію і характар гастроляў.

Раней выезды беларускіх музыкаў у Еўропу насілі амаль авантурны характар, калі гурты самі абзвоньвалі клубы і выступалі ў напаўпустых барах перад выпадковай публікай. Але сітуацыя змянілася, і дыяспара стала моцнай апорай для арганізацыі тураў, а музыкі атрымалі магчымасць выступаць перад сваёй аўдыторыяй і прыцягваць мясцовых слухачоў праз прамоўшн.

Аднак эксперт падкрэслівае, што пік сухой салідарнасці ўжо прайшоў. Калі ў 2022-2023 гадах яшчэ можна было выехаць проста на беларускасці і закліках прыходзіць на канцэрт, то зараз больш працуе рынак.

Калі артыст робіць перформанс еўрапейскага ўзроўню і нясе ўнікальную творчую каштоўнасць, то на яго выступы ходзяць. Але самадзейнасць цяжка акупіць і цяжка сабраць залы.

Парадаксальная сітуацыя склалася і ў Беларусі, дзе паменела замежных выканаўцаў, але лакальных больш не стала. Чаму — можна зразумець па артыстах, якія сталі заўважнымі ў апошнія гады, такіх як Андрэй Пазняк ці Каця Кацікава. Свае першыя сольныя канцэрты яны абвяшчаюць у Маскве ці Піцеры, і справа тут нават не ў палітычнай пазіцыі.

Самі музыкі ў інтэрв’ю не хаваюць, што ў Мінску трэба спачатку прайсці доўгі працэс атрымання гастрольнага пасведчання. У Расіі ўмовы прасцейшыя, гатовая інфраструктура, а пакупніцкая здольнасць людзей вышэйшая, чым у рэгіёнах Беларусі — і ехаць туды проста больш выгадна.

Высновы

Як бачна, на беларускай сцэне ёсць суперзоркі, андэграўнд і гісторыі міжнароднага поспеху — усё як мае быць. Беларуская музыка за апошнія гады сапраўды стала больш бачнай — у стрымінгах, TikTok, еўрапейскіх турах і медыя.

Але бачнасць не абавязкова азначае фінансавую ўстойлівасць сферы, у якой фінансы неабходныя — на інструменты, запіс трэкаў і выступы. Зрэшты, частка музыкаў знаходзіць свае спосабы. Як паказвае практыка, стабільныя намаганні даюць плён, і ўжо не абавязкова працаваць на заводзе.


Таня Ро, Ганна Валынец, Budzma.org