Праект Filamaty выдаў новы сінгл — песню-гістарычны дэтэктыў «Kraj!»

«Цела не было знойдзена», — спяваюць музыканты праекта Filamaty ў новым сінглы «Kraj!», распавядаючы слухачу амаль дэтэктыў, піша reform.news.

Vokladka da sinhla «Kraj»
Вокладка да сінгла «Край». Фота: Андрэй Дубінін

У новай кампазіцыі музычна-паэтычнага праекта, натхнёнага гісторыяй таемнага таварыства філаматаў першай паловы ХІХ стагоддзя, ідзе расповед пра нейкую таямнічую постаць, якая мела мноства «назваў, імён і недасціпных мянушак». Падказка пра каго ідзе гаворка ў самой назве песні — «Край»: так яшчэ пра сэрца Беларусі ніхто не казаў. Перад намі, можна сказаць, гістарычны дэтэктыў, дзе слухачу давядзецца разгадаць хто ж «прапаў на беразе ракі» з яго шматпакутнай гісторыяй.

 

Першы сінгл праекта Filamaty — «Пацеркі» — выйшаў яшчэ на пачатку гэтага года. Дзеля таго, каб напісаць тэксты і ставарыць музыку для праекта, удзельнікам актуальнага музычнага аб’яднання — лідару Syndroma Samazvanca Уладзю Лянкевічу і музыкам гурта Relikt Алесю Дземідзенку, Змітру Наркевічу, Віталю Макшуну — прыйшлося сур’ёзна заглыбіцца ў гісторыю XIX стагоддзя.


У выніку паўстаў вельмі прыгожы праект — у якім погляды колішніх філаматаў, іх ідэі і памкненні рыфмуюцца з марамі ўдзельнікаў паўстання 2020 года. Вольная краіна, беларуская гісторыя і культура, нацыяльная ідэнтыфікацыя, творчасць — коды маладых асветнікаў тых часоў і беларусаў XXI стагоддзя супадаюць, нягледзячы на часавую адлегласць у два стагоддзі. І гэта самае кранальнае — аўтары праекта Filamaty, якія з іроніяй і пэўным дэндзізмам прыпадносяць сваю творчасць (тут кажам і. пра іх знешні вобраз) — схапілі саму сутнасць руху: дух адраджэння, які па-ранейшаму жыве ў сэрцах свядомых беларусаў і беларусак.

Слухаць новы сінгл можна тут.