Васіль Калач: «Трэба было браць меч у рукі. І я ўзяў»

На YouTube-канале «Будзьма беларусамі!» пачаўся другі сезон відэапраекта «Сармат». Яго вядоўца Васіль Калач распавядае пра гісторыю шляхты на беларускіх землях. У другім сезоне ўвагу сфакусавалі на гісторыі вядомых шляхцічаў і іх родаў. Чаму абралі менавіта такую тэму, а таксама як адбываецца праца над праектам, Васіль распавёў культурна-асветніцкаму парталу «Будзьма беларусамі!».

Vasiĺ Kalač

«У гэтым сезоне мы вырашылі засяродзіцца на гісторыі вядомых шляхецкіх родаў. Таму што наогул тэма радаводу, яна даволі складаная і вельмі актуальная ў нашай сучаснасці, — сказаў Васіль Калач. — 

Нас прывучылі, што мы ніхто і народжаныя нікім, з’явіўшыся зніадкуль. А ў кожнай сям’і, няважна — гэта магнацкі род, гэта мяшчанскі род, ці гэта нават сялянскі род — заўсёды ў традыцыі нашай дзяржавы, нашага народа была вось гэтая цяга ведаць свае карані».

На думку Васіля, нас фактычна ад гэтага адвучылі. Пачынаючы ад падзелаў Рэчы Паспалітай, для Расійскай імперыі ніколі не было цікава, каб тут былі вольныя людзі.

«Пасля Кацярыны ІІ гэта цягнулася, цягнулася, цягнулася, і за савецкім часам наогул мы ўсе мусілі паходзіць з сялянаў ці працоўных. Ну а так не было».

Паводле слоў вядоўцы праекта, задача новага сезона — паказаць, што ганарыцца сваім родам варта. Паказваць гэта каманда плануе на прыкладзе вядомых шляхецкіх родаў, а таксама «іх дасягненняў, якія былі магчымыя ў тым ліку з-за таго, што людзі памяталі сваё паходжанне, свае карані і ганарыліся гэтым».

«Агулам для гэтага менавіта сезону мы папярэдне, зразумела, абгаварылі, што мы будзем рабіць, у якім кірунку будзем ісці, і прыйшлі да высновы, што распавёўшы ўжо ў першым сезоне троху пра побыт, троху пра такія фундаментальныя рэчы шляхецкага жыцця, сармацкай культуры, трэба перайсці ўжо больш да асобаў і да родаў».

Vasiĺ Kalač

«Я лепей зраблю тое, што я ўмею рабіць добра»

У асноўнай камандзе працуюць тры чалавекі. У ролі сцэнарыста і рэжысёра выступае Алесь Кіркевіч, у ролі вядоўцы Васіль Калач, а таксама аператар. «А яшчэ, безумоўна, ёсць рэдактары, ёсць каманда SMM, ёсць графічныя дызайнеры, якія працуюць над гэтым. І атрымоўваецца, што каманда не такая ўжо і маленькая».

Час ад часу Васіль выступае ў ролі суаўтара тэмаў, але ў гэтую справу не надта любіць лезці.

«Я не люблю лезці ў справу спецыялістаў, я лепей зраблю тое, што я ўмею рабіць добра. Ну, наша супраца менавіта як суаўтараў з Алесем хутчэй палягае на тым, што ён чалавек неабмежаваных энцыклапедычных ведаў, проста хадзячы кнігазбор, ён піша геніяльныя тэксты. Толькі пэўныя моманты, якія я як рэканструктар ведаю больш дакладна, і тэмы, у якія я больш занураны, вось там я магу дзесьці падрэдагаваць, і мы можам падкарэктаваць пэўныя моманты».

Паводле слоў Васіля, час на падрыхтоўку выпуска вельмі адрозны. Усё залежыць ад тэмы, дасяжнасці крыніц і магчымасці хутка верыфікаваць інфармацыю.

«Таму праца над сцэнаром можа, з аднаго боку, заняць дзень, з другога боку, яна можа заняць тыдзень. Гэта моцна залежыць ад тэмы, якую мы бяром. І гэта напісанне сцэнара, потым яго вычытка, вычытка яго мной, мае праўкі, Алеся праўкі рэдактарскія. І толькі пасля гэтага мы ўжо выходзім на пляцоўку».

Vasiĺ Kalač

«Я не гатовы пра гэта размаўляць»

Акрамя праекта «Сармат» Васіля можна ўбачыць у іншых праектах на YouTube. Напрыклад «Беларусь 1863», які таксама выходзіць на YouTube-канале «Будзьма беларусамі!», «Каса на камень» ад «Белсат» ці ў праектах, прысвечаных гісторыі Гродна на канале «Hrodna 11:27». Паралельна з відэапраектамі Васіль ладзіць экскурсіі па Беластоку, праводзіць заняткі па фехтаванні і займаецца рэканструкцыяй у гістарычным клубе Invictus 1863.

На пытанне «Дзе ты знаходзіш на гэта час? І як ты гэта ўсё паспяваеш?», Васіль адказвае: «Як кажа мая добрая сяброўка і калега Кацярына Ваданосава: «Я не знаходжу на гэта часу, я нічога не паспяваю». Я не гатовы пра гэта размаўляць», — жартуе Васіль. Паводле яго слоў, ён не лічыў, колькі ў яго праектаў. Бо мяркуе, што

«гэта жыццё са сваім тэмпам, і яго трэба жыць. Іначай можна не паспець»

«Трэба было браць меч у рукі. І я ўзяў»

Vasiĺ Kalač

У асноўным усё тое, чым займаецца Васіль, звязана з гісторыяй. Паводле слоў Васіля, цікаўнасць да гэтага сыходзіць у яго савецкае дзяцінства, калі ён бачыў замак у Гродне, а не бачыў нідзе ўзгадак пра Сярэднявечча і Новы час.

«Вось замак ёсць, а гісторыі няма. Ну як так? У Лідзе ёсць замак, гісторыі няма. Ну гэту байку я ўжо распавядаў не аднойчы, але менавіта гэта было той інспірацыяй. Таму што я чытаў кніжкі, я быў вельмі чытаючым дзіцёнкам. Плюс рамантычным. Я бачыў, што вось ёсць тое, што апісана ў кніжках еўрапейскіх — там той жа Вальтар Скот і іншыя — а дзесьці ў школе мне пра гэта не распавядаюць. І як з гэтым жыць далей?» — узгадаў Васіль.

На яго думку, 11-12 год — гэта акурат той узрост, калі фармуецца асоба чалавека. «Ну і зразумела, у часы Адраджэння я проста вось у гэтае мора літаратуры, якая пачала выдавацца, проста занурыўся і, зразумела, мяне гэта захапіла.

А плюс я быў заўсёды чалавекам вельмі актыўным: я займаўся плаваннем, потым рукапашным боем, ёгай. І безумоўна, я не мог абысці фехтаванне. Менавіта гістарычнае фехтаванне. Яно тады пачало з’яўляцца, пачалі з’яўляцца першыя рыцарскія клубы, першыя турніры. Ну і ўсё, трэба было браць меч у рукі. І я ўзяў».

Вяртацца ў рэжысуру ці быць акторам Васіль зараз не плануе

Vasiĺ Kalač

Па адукацыі Васіль — актор, але паводле «самаадукацыі», як ён сам кажа, — рэжысёр, якім ён працаваў «вельмі шмат». Зараз ён не плануе вяртацца ў рэжысуру ці акторскую дзейнасць, бо лічыць, што каб гэтым займацца, трэба кінуць усё, што яму цікава тут і цяпер.

«А пакуль я маю дастаткова цікавае жыццё, цікавую працу, дзе я магу акурат і свае акторскія, і рэжысёрскія здольнасці ўключыць у справу. Таму я не патрабую зараз прывязкі да канкрэтнага тэатра ці да канкрэтных тэатральных праектаў, — кажа Васіль. — Я заўсёды ведаю ў гэтым плане, што калі будзе жаданне, калі ў мяне будзе такая патрэба, я ў гэтую сферу магу вярнуцца ў любы момант, таму што я не губляю сваёй сцэнічнай практыкі і свайго ўспрымання гэтага сусвету нажыва, вось проста тут і цяпер».

Тэкст і фота: Антон Шаранкевіч, Budzma.org