Электронны лайв-бэнд, які выдаў летась адзін з самых прыгожых альбомаў у беларускай музыцы, прадстаўляе на Tuzin.fm свой рэліз «Mova», у які ўвайшлі тры зусім новыя трэкі на беларускай мове.
Гурт Intelligency адметны тым, што таленавіта і арыгінальна спалучае электронае гучаньне з жывымі і інструмэнтамі. Пры чым, акрамя гітараў ды бубнаў, каманда Ўсевалада Доўбні і Юрыя Тарасевіча выкарыстоўвае і клясычныя інструмэнты – скрыпкі ды віяланчэль. Выходзіць цікавае спалучэньне танцавальнага дып -хаўзу і тэхна з блюз-рокавымі ноткамі ды жывой сымфонікай (адсюль і ўласнае самавызначэньне стылю – «тэхна-блюз»). Гурт здабыў сабе славу як сваімі яскравымі жывымі вулічнымі выступамі ў Менску, так і студыйнымі працамі.
Intelligency у сваёй творчасьці выкарыстоўваюць пераважна ангельскую мову. Пры канцы 2015-га музыківыдалі выдатны альбом «DoLoven». Свае беларускамоўныя трэкі яны вырашыі прэзэнтаваць у асобным рэлізе – максы-сынгле «Мova», у які ўвайшлі тры зусім новыя песьні – «Не 1», «Ведаю хто я» ды «Мова». «Мы не імкнуліся аб’яднаць рэліз агульнай канцэпцыяй, – кажа вакаліст гурта Ўсевалад. – Аднак, у яго ёсьць галоўны лэйтматыў – прыгажосьць у будзённым. Мы кажам пра прыгажосьць сваёй краіны, яе мовы і простых рэчах, якія блізкія кожнаму. Вядома ж, што пра гэта можна сказаць толькі па-беларуску». Яго калега Юры Тарасевіч дадае: «Хацелася зрабіць нешта сучаснае, нешаблённае па стылю, блізкае ды роднае, але пры гэтым без архаікі. Не хацелася спэкуляваць на тэме патрыятызму, а проста пагаварыць пра прагажосьць, якую мы не заўважаем у мітусьні працоўных дзён».
Наогул, жа Ўсевалад і Юры падкрэсьліваюць, што галоўнае ў іх творчасьці – трымацца сваіх перакананьняў і даносіць іх да слухачоў. «Мы і назву абралі такую, каб аддаць даніну павагі кансэрватыўнаму разуменьню пра здаровае разьвіцьцё асобы ды незвычайны лад мысьленьня, які зьмяніўся ў наш час на мысьленьне клікавай сьвядомасьці. Сьлепа ісьці па дарогі папулярнай клюбнай культуры мы не зьбіраемся. Дакладна ўсьведамляем, што маем свой шлях і свае думкі ды гатовы імі дзяліцца», – заяўляюць музыкі.
Да выхаду «Мовы» Intelligency аднойчы экспэрымэнтавалі з роднай мовай – пры канцы 2014 году яныпрадставілі трэк на песьню «Восень» і былі названыя Tuzin.fm у ліку надзеяў беларускай музыкі. Сёлета гурт таксама ўдзельнічаў у «Адборышчы» і быў на конкурсным канцэрце, на меркаваньне журы, адным зь лепшых. Такім чынам, сёлета Intelligency прэтэндуе на перамогу ў конкурсе на фэсьце «Басовішча». Гурт таксама прайшоў адбор і выступіць яшчэ на адным буйным фэсьце – «Джаз Коктебель-2016», які цяпер праходзіць у Адэсе. Заяўлены выступ беларусаў гэтым летам таксама на фэсьце «Файне місто» у Тэрнопалі.
Жывая прэзэнтацыя рэлізу «Мова» прайшла пры канцы лютага ў Loft cafe. Музыкі прапанавалі ўсім наведнікам, прынамсі ў гэты дзень, вітацца па-беларуску і ідэя гэтая была прынята надзвычай пазытыўна. Выхад міні-альбому, праўда, адклалі ажно на месяц, каб дапрацаваць дэталі. Песьні з «Мовы» абавязкова прагучаць і ў далейшых канцэртах каманды. Цалкам верагодна, што «Мова» атрымае свой далейшы працяг. Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.