З нагоды агульна-галяктычнага сьвята ад IQ48, які прыпадае на чыста «тузіноўскую» дату 12.12. гурт выступіў са «зваротам Марсіянаў да Зямлянаў», каб распавесьці тое, што чакае ўсіх у клюбе Night Star: «Граць, сябры, мы будзем насамрэч доўга! Сьпяем, натуральна, як песьні з новага альбома, так і старыя „баявікі“ з нашага першага дыску „Вар’яты“, нават тыя, якія ўжо ну ве-е-ельмі доўга не выконваліся! Але, сябры Зямляне, і гэтым, ўсё не абмяжуецца».
З 17-га лістапада ў музычных крамах Беларусі можна набыць другі альбом гурта IQ48 з назвай «Героі!». Дыск уключае 12 песень і адзін бонус-трэк. Нешта з гэтага матэрыялу мы ўжо гралі на нашых канцэртах, нешта гралі вельмі рэдка, выключна «склюзіўна», нешта ўвогуле не выконвалі ніколі публічна. Ва ўсякім разе, 12-га сьнежня ў менскім клюбе Night Star на прэзэнтацыі нашых «Герояў!» вы зможаце гэтае ўсё пачуць і пабачыць «жыўцом»!
Мы спадзяемся, што канцэрт атрымаецца цікавым і насычаным. Прабачце, сябры, за магчымую саманадзейнасьць, проста мы насамрэч імкнемся да таго, каб усё атрымалася менавіта так. Па-першае мы вырашылі не ісьці пракладзеным шляхам у выбары так званага «гурта-падтрымкі». Так першымі на сцэну выйдуць дзяўчыны і хлопцы з калектыву «Джамбібум», які грае нешта кшталту этна-ф’южн, музыку, скажам так, не зусім блізкую да стылістыкі IQ48. Але спадзяемся, што такая разнаплянавасьць канцэрту зробіць яго толькі больш незвычайным і запамінальным, па другое мы з «джамбікамі» даўно сябруем, а што можа быць лепей, чым сяброўская вечарына?!
Наконт сябе можам сказаць, што IQ48 ніколі і нідзе пакуль ня гралі такую насычаную і доўгую па часе праграму, чым тая, якую мы зараз рыхтуем. Граць, сябры, мы будзем насамрэч доўга! Сьпяем, натуральна, як песьні з новага альбома, так і старыя «баявікі» з нашага першага дыску «Вар’яты», нават тыя, якія ўжо ну ве-е-ельмі доўга не выконваліся! Але, сябры Зямляне, і гэтым, ўсё не абмяжуецца: шмат знакамітых і культавых асобаў, сярод якіх музычная журналістка і сьпявачка — Маша Яр, лідэр гурта :B:N: — Алесь Лютыч, клясык беларускай рок-паэзіі — Міхал Анемпадыстаў, Аляксандар Кульлінковіч, Аляксандар Памідораў таксама прыйдуць да нас з Вамі ў госьці, ну, і сьпяем, станчым разам, канечне. Для нас гэта вялікі гонар! Тэкст цалкам.
12-га сьнежня. 18:00 у клюбе Night Star (Менск, вул. Сьвярдлова, 2).
Квіткі: папярэдні продаж — 20 000 руб. (танцпляц), 25 000 руб. (столік); у дзень канцэрту — 25 000 руб. (танцпляц), 30 000 руб. (столік).
Замова квіткоў: (029) 671-58-65, (029) 689-40-48, (029) 110-19-63, (029) 254-49-09.
Фота: Юра Сідун, generation.by