— Нарадзілася я ў Ленінградзе і жыла там шэсць гадоў. Кожнае лета ездзіла да бабулі, адкуль прывозіла ў дзіцячы садок словы “патэльня”, “бульба”. Я кажу: “Гэта бульба”, – а дзеткі мне: “Что?.. Это картошечка!” Вельмі сумавала, што мяне не разумелі. У нейкі цудоўны момант маці пачала самааддана і натхнёна вывучаць гісторыю. Яна й бацьку падцягвала да мовы. Яны абодва з паходжання беларусы.
Калі я крыху падрасла, пачаліся ўрокі гісторыі, літаратуры ўжо ў беларускай школе. У мяне склалася ўражанне, што нашая культура вясковая. Не ў сэнсе правінцыйная, а ў тым сэнсе, што яна вельмі чыстая, максімальна набліжаная да прыроды й простага быцця на зямлі, і гэта, на мой погляд, прасочваецца і сёння, гэта наш моцны бок.
Мне былі цікавыя розныя народы і тое, у чым іх адрозненні. Яны іншыя па ўспрыняцці рэчаіснасці, жыцця, рэакцыях на падзеі і прыярытэтах. І па сваіх асаблівасцях я зразумела, што я сапраўдная дачка сваёй зямлі. Нават калі ездзім у лес пад Піцер пастасавацца і абмяркоўваць метафізічныя з’явы: мне там карціць нешта рабіць. Ну хоць мох вырасціць ці грыбочкі… Рускія могуць на ўсё забыцца і ляжаць цэлы дзень. А мы з сяброўкай прыдумлялі сабе нейкі клопат: ягадкі збіралі…
Для мяне беларускасць – тыповыя праявы асобы, дадзенасць. Яна звязаная з асабістым развіццём. Малой я палюбіла разважаць. Бываючы ў розных месцах, пачынала назіраць, заўважаць розніцу паміж іншаземцамі і намі. Вельмі адчуваліся адрозненні: славяне не такія, як заходнія еўрапейцы. Магчыма, што мой погляд – погляд знутры, але яны вельмі акультураныя, штучныя. Беларус – больш маўклівая істота.
Ірына Мішкевіч, мастак у сацыяльнай сферы