Ірына Шушкевіч: «Станіслаў прасіў, каб на магіле паставілі крыж…»

Жонка першага кіраўніка незалежнай Беларусі распавяла «Народнай Волі», якімі для яе былі тры з паловай месяцы без мужа.


Безымянный.jpg

Нагадаем: экс-старшыні Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслава Шушкевіча не стала ў ноч на 4 мая.

«Пасля перанесенага напрыканцы лютага каранавіруса мужу стала складаней хадзіць, — распавядала Ірына Шушкевіч, жонка Станіслава Станіслававіча. — А затым, калі наогул стала дрэнна, патрапіў першы раз у рэанімацыю. Пасля першай рэанімацыі яшчэ мог хадзіць з хадункамі, а пасля другой быў ужо ляжачы.

Кавід Станіслаў перажыў, але абвастрыліся ўсе хваробы, якія былі, і вось гэтага ён не перанёс. У апошнія дні ён зразумеў, што сілы яго пакідаюць, таму казаў мне вельмі шмат прыгожых слоў.

Затым у яго рэзка стаў падаць ціск, некалькі разоў я выклікала „хуткую“. Першы раз урачы зрабілі ўкол, параілі паіць мужа салодкай гарбатай і з’ехалі. Не дапамагло, я зноў патэлефанавала па „103“. Прыехалі з кіслародам, нейкімі чамаданамі, мяне папрасілі выйсці. Паспрабавалі мужа рэаніміраваць, але ў іх ужо нічога не атрымалася. 3 мая бліжэй да 12 ночы Станіслава Станіслававіча не стала».

Пахаваны Станіслаў Шушкевіч на Паўночных могілках...

— Натуральна, што помнік ставіць пакуль рана, але яшчэ пры жыцці Станіслаў Станіслававіч шмат разоў паўтараў, каб на яго магіле замест помніка паставілі крыж, — кажа Ірына Шушкевіч. — Проста — крыж, на якім будуць толькі даты нараджэння і смерці.

Мы так і збіраемся зрабіць, хаця мінімум год павінен прайсці, калі можна будзе ўстанаўліваць той самы крыж. Пакуль не ведаем, як ён будзе выглядаць, у якой кампазіцыі, але пажаданне мужа будзе выканана. Аднак усё гэта будзе пазней. Пакуль не да гэтага.

— На могілкі па-ранейшаму ездзіце?

— Рэгулярна наведваюся на магілу мужа, там усё ў парадку. Людзі пастаянна прыносяць свежыя кветкі, праз тыдзень іх даводзіцца прыбіраць. Таксама пасадзілі там бягонію і петуніі, і пасля дажджу яны растуць нармальна.

— У пакоі Станіслава Станіслававіча нічога не змянілася?

— Так, усё на сваіх месцах, як і было. Дарэчы, я апошнім часам то ў сталічнай кватэры, то на лецішчы, але і там, і там вельмі моцна адчуваецца, што Станіслава Станіслававіча з намі няма. Няма гаспадара, які пабудаваў і падтрымліваў усю гэту гаспадарку. Хаця сын, безумоўна, дапамагае.